- Кажа, - збянтэжыўся Барыска, - пуп развяжацца.
- А што, не развяжацца? - засмяяўся князь, трасянуўшы шорсткімі русымі кудзерамі.
- Не! - цвёрда сказаў хлопчык.
- Ладна, загадаю, каб даваў табе меч.
- Тата, - зусім асмялеў Барыска, - а ці хутка мяне на вайну возьмеш?
У князя зашчымела сэрца. Усплыло на памяць, як самога бацька ўпершыню ўзяў у набег, як першы раз пачуў посвіст чужынскай стралы... Ён прыгарнуў малога да грудзей, правёў калянай далоняй па ядвабных сынавых валасах. Дзве макаўкі ў Барыскі на галаве, як і ў яго самога. Кажуць, шчаслівы знак.
- Хутка, сыне. Чатыры леты засталося. Такі ўжо ў князёў крывіцкіх няпісаны закон: у тры гады сына на каня садзіць, у сем аддаваць у навучанне грамаце, а як міне дванаццаць - можна княжыча і на вайну браць.
- Чатыры леты... - расчаравана працягнуў хлопчык. - Тады хоць у пацешную вайну навучы, што з Віславусам гуляеш.
- Ну, на такую вайну табе ўжо можна. Калі хочаш, зараз і паваюем.
- Хачу! - успыхнулі ў княжыча вочы.
Валодша ўзяў з паліцы куфэрак са слановай косці і высыпаў на сталец дзве жмені жаўтлявых касцяных фігурак. Стальніца была не простая - папераменна выкладзеная кавалачкамі светлага і цёмнага дрэва.
- Вось гэта ратнік. - Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках. - Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма. - «Назад яму дарогі няма», - міжволі паўтарылася ў князевых думках. - А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада...
У святліцу зайшоў ваявода Віславус. Быў ён круглатвары, з кароткай барадой і сінімі вачыма, яшчэ малады, але трымаўся паважна, не раўнуючы, як пажылы баярын. З хвіліну ён чакаў, але князь так улёг у гульню, што не чуў ваяводавых крокаў. Тады Віславус керхануў у кулак і, пакланіўшыся, загаварыў:
- Новыя паслы ад чудзі прыйшлі, княжа...
Тры вялікія стругі пад белымі ветразямі прысталі побач з дзядзінцам, акурат там, дзе Дзвіна прымае ў свае берагі павольную Палату. Наладаваныя футрам і воскам караблі прывялі віцебскія купцы, што ўпершыню пасля зімы кіраваліся водным шляхам у Рыгу. Разам з імі сышоў на бераг рослы падхорцісты чалавек у свіце з грубага сукна. Два дні таму ён, не таргуючыся, заплаціў купцам паўгрыўні, каб давезлі да стольнага Полацка. Назваўся аршанскім майстрам-лучніком Богушам. Едзе па навуку да полацкіх майстроў, бо чуў: іхнія самастрэлы за сотню крокаў прабіваюць нямецкую браню, нібы тую кляновую дошчачку.
Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра.
На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў. Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях* і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.
* Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.
- Прывялі таця ў церам, - апавядаў старэйшы векам дружыннік, - дык на калені заваліўся і якоча: «Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!» А князь рачэ: «А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?»
Воі засмяяліся.
- І піўцом князь пачастуе, і слаўцом.
- А ці ведаеш, рачэ князь, - працягваў старэйшы, - што над табой немцы ўчынілі б? Галавой - у лазьбень з мёдам і пі, пакуль душа не адляціць.
Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.
- Ага, - згадзіўся малодшы. - Чалавек з леціголы баяў. Рытары* ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.
* Рыцары.
Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.
На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін - таўсматы і вірлавокі, другі - драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.