Выбрать главу

Спачатку ён шчодра хваліў бездакорную метрыку паэмы, казаў пра свежасць і паўнагучнасць радкоў.

- Пушчу, паляўнічых і князя Вітаўта напісаў вялікі майстар, - шчыра захапляўся ён. - Ты дасягнуў амаль немагчымага. Ты выпускаеш рой стрэл па заганах грамадства, твая паэма ператвараецца ў палітычны трактат і пры гэтым застаецца высокай паэзіяй. Твой паранены зубр - цудоўная алегорыя Айчыны, увасабленне яе лёсу і сімвал яе былой велічы.

Гусоўскі слухаў, нічым не выяўляючы пачуццяў. За лета ён прыкметна змяніўся. Вочы не згубілі сваёй жвавасці і вастрыні, але як быццам выцвілі і зрабіліся пакутніцкімі. Шырокія рамёны, як і раней, дыхалі дужасцю, ды прыгорбіліся, нібыта ён дзень пры дні трымаў на іх нейкі вялікі цяжар. Вітэліус памятаў пачуццё, якое кранула тады ягонае сэрца. Ён ведаў, што ў Рыме зноў з'явілася Франчэска. Ён хацеў бы суцешыць Гусоўскага, узяць частку ягонага цяжару на свае плечы, але ж ён ведаў, што менавіта пакуты, а не душэўная раўнавага могуць удыхнуць у радок, у карціну ці ў мелодыю тую боскую субстанцыю, якая робіць іх неўміручымі. Замест суцяшальных слоў гучалі іншыя.

- Я пакрывіў бы душою, - гаварыў ён, - калі б змаўчаў пра тое, што адмаўляюцца прыняць маё сэрца і мой розум. Ты пішаш пра выпрабаванні ведзьмароў вадою, пра мяса глушца і іншыя паганскія звычаі і прымхі. Ці прыспорыць гэта пашаны нашаму краю?

- Няўжо монсеньёру здалося, што падобныя дзікунскія выпрабаванні мне да душы? - адказваў Гусоўскі. - Але ж звычаі адрозніваюць адзін народ ад другога. Лепшыя з іх - такая ж святыня, як мова і воля. Хіба знойдзем мы ў даўніх звычаях глыбокія заганы? Святасць маці прызнаюць нават тыя народы, што не шануюць Дзевы Марыі. Нібы ветрам адносіць нас ад абрадаў і завядзёнак, якіх трымаліся продкі. Ці не ператворымся хутка ў адсохлую ад каранёў траву-пералёт?

- Ты насмельваешся кідаць выклік самому боскаму Дантэ, - не ўступаючы ў спрэчку, казаў далей Вітэліус. - Дантэ выкрываў тых, хто ўжо трапіў у замагільны свет, і караў грэшнікаў рукамі незямных істотаў. Ты ж бярэшся судзіць тых, каго мае ўладу судзіць толькі неба. Да таго ж разумны чытач адразу заўважае, што ты маеш за дзіва не стварэнне свету, а ягонае існаванне...

Гусоўскі больш не пярэчыў, і тады ён, Вітэліус, хацеў чуць у паэтавым маўчанні згоду. Цяпер жа яму праглася, каб у тым цяжкім маўчанні была якраз нязгода. Ён ведаў, што не зможа парушыць сваіх прынцыпаў і забраць уласныя словы назад, і прасіў неба, каб Міколу хапіла сілы самому адкінуць ягоныя няшчырыя парады.

У дзвярах пачуўся нейкі рух. Вітэліус азірнуўся і ўбачыў застылага ў нерашучасці пахолка. На бледным твары быў страх.

- Што здарылася? - спытаўся пасол, ужо ведаючы адказ.

- Vossignoria reverendissima... Ваша правялебнасць... Госпад забраў душу яго святасці...

Пасол рыхтаваўся да гэтай весткі, але не думаў, што яму будзе так цяжка. Ён быў як карабель без ветразяў. Што абяцае яму, ім абодвум - яму і Гусоўскаму - будучыня?

Міжволі ўсплыў на памяць нядаўні, другі візіт турэцкага «купца», які, славячы Алаха і султана, нагадваў, што Стамбул па-ранейшаму гатовы прыняць ягоныя паслугі. Ён гутарыў з туркам з вока на вока, ды было ўражанне, што Гусоўскі поруч: ён, пасол, нават адчуваў позірк, такі самы насмешлівы, як і ў першы візіт, позірк гострых блакітных вачэй гэтага сына лясоў. Эразм ведаў, што і так не дасць волі цёмнаму пачуццю помсты, якое яшчэ не ачахла ў ім, але ў тыя хвіліны ён быў удзячны паэту і думаў, што мяжа паміж імі ўжо не такая неадольная.

Парыў ветру кінуў у вакно некалькі дажджавых кропляў, і яны, паволі сплываючы па шкле, утварылі на шыбах свой маленькі свет: адны неўзабаве высіліліся і замерлі, другія ўпарта працягвалі рух.

Дзве кроплі зліліся і хутка пабеглі далей, і гэтая мізэрная падзея ў свеце кропляў неспадзявана падаравала Вітэліусу палёгку. У непраглядным, як сённяшняе неба над Рымам, месіве думак і пачуццяў пазначыўся сонечны прасвет.

Ён ужо не быў паслом, бо страціў таго, хто прызнаваў яго прадстаўніком дзяржавы, якая ад яго адмовілася. Але ён заставаўся мецэнатам. Хіба мецэнатаў і праз стагоддзі не прыгадваюць побач з тымі, чыю музу яны баранілі ад сцюдзёных вятроў эпохі? Са складаным пачуццём горычы і надзеі Вітэліусу падумалася, што яшчэ зусім нядаўна ён быў апірышчам для Гусоўскага, а цяпер яны нібыта памяняліся на ролі. Не, усё-ткі ён заставаўся мецэнатам, і ў гэтым была ягоная будучыня.

Рым, 1522
I.

Аддаліўшыся ад горада на добрыя дзве мілі, Гусоўскі не паспеў да цёмнага вярнуцца, і цяпер, на ўтравелай сцежцы, што бегла ўсцяж нізкай каменнай агароджы вінаградніку, у цёплай цішыні ліпеньскай ночы, якую парушала толькі немудрагелістая песня цыкадаў, яго разам са стомаю агарнула дзіўнае пачуццё. Узлокціўшыся на яшчэ цёплую пасля скварнага дня агароджу, ён глядзеў на вычварны танец светлякоў. Кружлянне зялёных агеньчыкаў, што, спрачаючыся з небам, утваралі ў цемры свае рухомыя сузор'і, заварожвала душу, штосьці рабіла з часам і памяццю, і Гусоўскаму ўяўлялася, што ўсяго жаху апошніх месяцаў не было, што ўсё толькі прымроілася яму ў адну з тых начэй, калі над зямлёю плывуць чорныя хмары вусцішных сноў.