Выбрать главу

- А параўноўваючы малое з вялікім, - без сувязі з ранейшым зласліва зазначыў гаспадар, - сіньёр паэт бессаромна спісвае ў Вергілія.

Гусоўскі не стрываў і шчыра засмяяўся.

- Вергілій, як мне памятаецца, суадносіць цыклопаў і пчол, а я - казла і зубра, - прамовіў ён скрозь смех, які на хвіліну вызваліў яго ад усіх цяжкіх клопатаў. - Сіньёр Строццы, на жаль, клопаты не дазваляюць мне і далей атрымоўваць асалоду ад нашае размовы, але хачу, каб вы ведалі, што ў гэтае ранне вы вылечылі мяне ад самоты.

- Зямныя турботы не павінны цікавіць нас, - фанабэрыста сказаў Строццы. - Мой дух ужо вольны ад іх.

Яны развіталіся халадней, чым сустрэліся, аднак Гусоўскі быў удзячны Строццы. Ён з задавальненнем застаўся б, але ж у адрозненне ад гаспадара ён меў на зямлі яшчэ шмат клопату. Насамперш ён не мог памерці і забраць у магілу сваю паэму. Ды сёння найгалоўнейшым было для яго іншае. Ён павінен быў уратаваць жанчыну, якая прынесла і, ён прадчуваў, яшчэ прынясе ягонай душы столькі болю, што яго хапіла б не на адно жыццё.

IV.

У пакоях біскупа Эразма Вітэліуса моцна пахла палыновым дымам.

Прадбачлівы пасол штогод абнаўляў праз сваіх людзей запасы зёлак, і ў першыя ж дні паморку, не надта давяраючы камфары і іншым тутэйшым лекам, загадаў адчыніць прывезеныя з радзімы куфэркі з палыном, мятаю, дзягілевым коранем і ягадамі ядлоўцу. Мецэнатавы слугі забяспечылі гэтым багаццем і Гусоўскага.

Не зважаючы на нягоды лёсу, Эразм Вітэліус зусім не збіраўся ў сорак пяць гадоў пакідаць гэты свет. Перш чым пачаць размову, ён старанна панюхаў змочаную ў воцаце губку, выпіў кубак мятавага настою і змусіў зрабіць тое ж самае і паэта.

- Новы папа не спяшаецца ў Рым, і мой статус пакуль нявызначаны, - паважна і крыху забаўляючыся нецярпеннем Гусоўскага, сказаў мецэнат. - Аднак для тых, хто не спалохаўся чумы, я застаюся паслом пры двары яго святасці. Ты не памыліўся. Гэта сапраўды яна, і ёй сапраўды пагражае трыбунал боскай юстыцыі. Даносчык, імя якога мне не раскрылі, абвінавачвае донну Франчэску ў тым, што яна заключыла дамову з д'яблам і зрабілася ведзьмай. - Вітэліус скептычна ўсміхнуўся. - Я пусціў у ход усе сувязі і атрымаў дазвол прысутнічаць на першым допыце. Ты дапушчаны ў якасці майго сакратара.

- Монсеньёр...

- Спачатку я хачу пачуць пра тое, што даведаўся ты. - Вітэліус зноў прыклаў да носа губку з воцатам.

- Я быў у яе дома. Праўдзівей, на тым месцы, дзе стаяў палац яе бацькі. Палац згарэў, цяпер там атабарыліся бадзягі. Яны вельмі хацелі пазнаёміцца са мной, дакладней, з маёй калітой. На шчасце, зброя заўсёды пры мне...

- Палац згарэў! - Эразм пацёр рукі. - Гэта цудоўная навіна.

- Нарэшце Бог паслаў мне на той вуліцы старую, якая нешта ведала. Бацька і брат донны Франчэскі памерлі аднымі з першых, не паспеўшы выехаць з горада. Слугі расцягнулі ўсё, што маглі, і разбегліся. Пэўна, нехта з іх і пусціў палац дымам. Болей я нічога не ведаю.

- Ты прынёс добрыя весткі, Nicolaus. Добрыя для нас, бо кепскія для айцоў інквізітараў. Бедныя ведзьмы цікавяць іх значна менш за багатых. Але хачу цябе папярэдзіць. Першы допыт даручана весці чалавеку, якога нельга было прасіць за яе, як, зрэшты, і за каго-небудзь іншага. Аўтары «Молата ведзьмаў» маглі б ганарыцца такім наступнікам. Ён нават атрымаў мянушку - Нястомны.

Дамовімся быць там толькі сведкамі. Я не дабіваўся адмены допыту, каб не навесці падазрэнні на чалавека, які даў згоду спрыяць нам. Будзем спадзявацца на яго і на Божую дапамогу.

На Божую дапамогу, паўтарыў у думках павесялелы Гусоўскі. На Божую дапамогу ў барацьбе з боскай юстыцыяй. Ён не змог стрымаць усмешкі. Аднак усмешка адразу згасла: ён згадаў пра «Молат ведзьмаў», пра гэтую вусцішную кнігу, што апісвала злачынствы чортавых жонак і навучала, як вынішчаць іхняе племя.

Вітэліус кінуў позірк на пазлачоных анёлаў, што падтрымлівалі пульхнымі ручкамі авал каміннага гадзінніка.

- Мы яшчэ маем час папалуднаваць і прадугледзець розныя неспадзяванасці.

Пасол самаруч запаліў сівыя пучкі палыну ў кадзільніцах і зноў напоўніў келіхі мятавым настоем.

V.

- Выйдзі, злы дух, поўны маны і беззаконня; выйдзі, выпладак хлусні, ізгой сярод анёлаў; выйдзі, цмок, супастат хітрасці і бунту; выйдзі, выгнаннік раю, не варты літасці Божай; выйдзі, сын цемры і падземнага полымя; выйдзі, драпежны начны воўк; выйдзі, дух ерасі...

Ціхі напачатку голас інквізітара пакрысе мацнеў.

- Выйдзі, брудная жывёліна, найгоршая з усіх існых; выйдзі, злодзей і хіжак, поўны юру і сладастраснасці; выйдзі, злы дух, асуджаны на вечныя пакуты; выйдзі, кубло блудадзейства і распусты; выйдзі, корань усяго зла і ўсіх злачынстваў; выйдзі, кат роду чалавечага!..