Выбрать главу

Інквізітар ужо не вымаўляў, а прарэзліва выгукваў словы заклёну, і звязанага чалавека, што ляжаў на сырых камянях, пачало калаціць, як у ліхаманцы. Гэтая ліхаманка ўвачавідкі пераходзіла ў страшныя курчы, і раптам чалавек на падлозе нема закрычаў, выпруціўся і, страціўшы прытомнасць, заціх.

- Сатана пакінуў яго, - перажагнаўшыся, прамовіў інквізітар і ацёр рукавом сутаны ўзмакрэлы высокі лоб. Па худым бледным твары Нястомнага прабегла задаволеная ўсмешка.

На працягу ўсёй працэдуры Гусоўскі - яны з Вітэліусам сядзелі на крэслах каля вільготнай сцяны з плямамі цвілі - думаў пра Франчэску. Вера ў тое, што Эразм выратуе яе, змянялася паняверкаю і зноў вярталася, даруючы душы кароткую суцеху. Ён яшчэ не задумваўся, што будзе потым. Найперш яе трэба выбавіць з рук гэтага чалавека з высокім белым ілбом і гострым падбародкам, чалавека, які, па чутках, нязменна вырывае поўнае прызнанне і паслаў ужо на вогнішча больш за тысячу жанчын.

- Некаторых хрысціян д'ябал здолеў пераканаць, што яго не існуе, і гэтая ягоная хлусня - самая падступная, - заўважыў інквізітар. Відаць было, у хвіліны адпачынку ён не супраць пагутарыць з чужаземцамі.

Вітэліус велягурыста загаварыў пра адказную місію боскай юстыцыі, што беражэ чысціню веры і моц Пятровага пасада. Нястомны ўлешчана пагаджаўся. Так, іхняя справа вымагае вялікай мудрасці і сілы духу, бо з году ў год неба шле ім усё новыя і новыя выпрабаванні. Да прыкладу, адкрытыя гэтым генуэзцам Калумбам землі. Цяпер ужо ўсе пераканаліся, што гэта ніякая не Індыя і не Кітай. Калі ж тубыльцы не азіяты, дык хто яны? Нельга ж прыраўноўваць да хрысціян-эўрапейцаў істоты, што ходзяць целяшом і моляцца месяцу і балванам. Наогул, ці ёсць у насельнікаў Новага Свету душа? За каго іх мець: за зацятых грэшнікаў і ерэтыкоў, вартых аўтадафэ, ці за немаўлятаў? І, нарэшце, адкуль яны з'явіліся на свет? Адны багасловы сцвярджаюць, што род іхні ад Каіна, другія - што ад выклятага бацькам Хама. А можа, яны зусім і не людзі, а жывёлы?

Вітэліус спачувальна ківаў, аднак паэт памятаў, як Эразм з гневам паказваў яму кнігу гішпанскага храніста-канкістадора. «Чаго можна чакаць ад людзей, якія маюць такія цвёрдыя чарапы, што ў бітвах з імі мы мусім сцерагчыся і не біць іх мячамі па галовах, бо праз гэта адразу тупіцца самы гостры меч?»- узгадалася сціхотнае пытанне храніста. О, які крывавы, які бязлітасны час! А Ўсявышні адно чакае, маўкліва пазіраючы на чалавечыя пакуты...

Айцец інквізітар сеў за грубы стол і паклаў перад сабой вялікую кнігу ў абцёрханым чорным пераплёце. Гусоўскі здагадаўся, што гэта і ёсць страшнае настаўленне для допыту чортавых жонак.

Два дужыя манахі вынеслі незварушнае цела чалавека, з якога Нястомны выгнаў д'ябла, і, вярнуўшыся, спыніліся на парозе. Інквізітар загадаў прывесці абвінавачаную. Вітэліус і Гусоўскі пераглянуліся, і паэт прачытаў у вачах у мецэната спагаду і загад трымаць сябе ў руках.

- Зараз сіньёр пасол задаволіць сваю цікавасць, - цьмяна ўсміхнуўся інквізітар. - Пакаранне чакае кожную ведзьму, але кожнай мы даём магчымасць палегчыць свой лёс. Калі яна раскаецца і дасць паказанні, ёй перад спаленнем адсякуць галаву або задушаць, - растлумачыў Нястомны. Ён правёў рукою па сваім падбародку-джалу, і Гусоўскі здзівіўся, што не бачыць на далоні ў інквізітара крыві. - Калі ж ведзьма будзе натурыцца - згарыць жыўцом. Вось тут, - ён паклаў далонь на чорную кнігу, - можна знайсці параду на любы выпадак. Калі абвінавачаная распуснічала, дык гэта першы доказ яе сувязі з князем пекла. Калі была пабожная і дабрачынная - значыць, прыкідвалася, каб адвесці падазрэнні ў начных палётах на шабас. Калі мы заўважаем, што ведзьма баіцца допыту, значыць, яна вінаватая, і сумленне выдае яе. Калі ж трымаецца спакойна, няма сумневу, што яна вінаватая, бо нам вядома, што ведзьмы здольныя хлусіць з нахабным спакоем. Калі яна абвяргае абвінавачанне - яна несумненна вінаватая. Калі ж у роспачы маўчыць - гэта найлепшы доказ злачынства. Калі на прэнгу яна шалёна круціць вачыма, мы разумеем, што яна шукае свайго хвастатага каханка. Калі ж вочы яе нерухомыя, значыць, яна знайшла сатану і глядзіць на яго. Калі яна трывае катаванне без крыку, гэта значыць, што сілу ёй даў д'ябал, і ведзьму трэба мучыць яшчэ мацней. Калі ж у руках у ката д'яблава выляжанка выпускае дух - сатана забіў яе, каб яна не выдала свае таямніцы...

Гусоўскі слухаў гэтую будзённую скорагаворку, і яму здавалася, што ягоную душу сціскае жалезны прытуг, такі самы, як той, што пагрозліва гарбаціўся каля далёкае сцяны. Ён быў гатовы на ўсё, каб толькі забраць яе пакуты сабе. Няхай бы Ўсявышні дазволіў...