Выбрать главу

Ён сцепануўся і скамянеў. Сэрца білася ўжо не ў грудзях, а дзесьці ў горле. У дзвярах стаяла Франчэска. На ёй былі тыя самыя, што і ў натоўпе, брудныя рызманы. Адно ўспамін застаўся ад лёгкай кароны залацістых валасоў. Спакутаваны адлучана-абыякавы твар выдаваў асіметрычным. Гусоўскі адчуў, што ніколі не кахаў яе так моцна, як зараз.

Ці вядома донне Франчэсцы пра ведзьмаў і іхняе мастацтва? Голас інквізітара гучаў мякка і даверна. Яна на імгненне падняла засмужаныя вочы і зноў утупіла позірк у падлогу. Не дачакаўшыся адказу, Нястомны ні на драбок не сумеўся і гэтаксама мякка пералічыў Франчэсцы, у чым яе абвінавачваюць. Яна атрымала ад д'яблавага звестуна магічны кій і націранне з пячонкі няхрышчаных дзяцей. Гэтыя прылады дапамаглі ёй у прызначаны дзень з'явіцца на шабас, дзе яна выраклася Хрыста, блудадзеіла і была на чорнай імшы, якую служыў сам Вельзевул. Пасля шабасу яна штодня аддавалася д'яблу, які прыходзіў да яе ў абліччы мурына і чорнага ката з чалавечымі вусамі.

Франчэска маўчала, не падымаючы вачэй, і пагойдвалася, як маладое дрэва пад ветрам. Відаць, яна не надта разумела, дзе яна і што з ёю адбываецца. Зрэшты, служку боскай юстыцыі гэта не абыходзіла, і ён, не маючы патрэбы зазіраць у сваё настаўленне, упэўнена сыпаў пытаннямі, борзда набліжаючы допыт да тае хвілі, калі ў яго, інквізітара, мусіць з'явіцца добры памагаты.

- Ці даўно ты гуляла вяселле са сваім каханкам? Хто быў за гасцей і што падавалася на стол? Ці граў на вяселлі музыка? Хто ён быў: чалавек ці нячысцік? Дзе ён сядзеў: на доле ці залазіў на дрэва?

- Колькі немаўлятаў ты з'ела або загубіла? Дзе ты іх здабывала? Ці патрэбна дзіцячае сала, каб падымаць ураганы?

- Колькі маразоў і туманоў ты напусціла? Што ты чыніла, каб у Рыме пачаўся чумны паморак?

- Колькі мужчын ты зрабіла няздатнымі да шлюбнага жыцця?

- Ці прыходзіў твой каханак да цябе ў вязніцу? У якім абліччы ён заяўляўся?

Кожнае пытанне было для Гусоўскага як шыпшынавы спічак у сэрца.

- Маўчыш? Веnе*. - Голас інквізітара пачаў налівацца насмешлівай пагрозаю. - А ведаеш, што напісана ў гэтай вось кнізе? Тут напісана, што, калі чортава выляжанка не хоча дапамагчы нам, мы клічам майстра Ай-ой, гэткага маленькага хлопчыка-казытунчыка, і ён гэтак далікатненька казыча чортавай жонцы ручкі і ножкі цісочкамі.

* Добра (лац.).

Абвінавачаная зноў узняла вочы, і цяпер замест абыякавасці ў іх бліснуў страх. Жудлівае абяцанне дапяла яе свядомасці і выбавіла Франчэску з самнамбулічнага сну. Гусоўскі не ведаў, радавацца з гэтага ці засмучацца, бо яна вярнулася з адной бездані, каб трапіць у новую, больш вусцішную.

З патайных дзвярэй нячутна выйшаў нізкарослы кат у чырвона-чорным адзенні. Нястомны пачаў адпраўляць неабходную перад катаваннем кароткую імшу.

Паэт з мецэнатам сядзелі збоку, і Франчэска па-ранейшаму не заўважала іх. На сцяне поруч з Гусоўскім вісеў нейкі жалезны аброжак з рудымі плямамі. Ён махнуў рукою, і дзіўны прыстас паляцеў долу. Бразгат змусіў Франчэску павярнуцца. Яна пазнала яго і ўскрыкнула, але замест надзеі на паратунак у яе ў вачах біўся жах. Гусоўскі зразумеў, што ягоны намысел не ўдаўся. Няўжо, паласнула яго здагадка, няўжо Франчэска падумала, што ён вырашыў вось так расквітацца з ёю?

Вузкія і трохкутныя, нібы вочы нейкай пачвары, вакенцы пацямнелі, і інквізітар загадаў запаліць свяцільні. Ён сам клапатліва паднёс абвінавачанай кубак са святой вадою, каб пад час катавання д'ябал не здолеў адабраць у яе мову.

- Твой каханак хоча зрабіць цябе неадчувальнай да болю, - зазіраючы ахвяры ў вочы, спагадна сказаў інквізітар. - Напэўна, ён прыслаў табе сваю сатанінскую граматку, а ты схавала яе ў валасах і думаеш, што мы яе не знойдзем. Не, даражэнькая, зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе...

Нястомны зрабіў знак, і кат адным рухам сарваў з Франчэскі лахманы, агаліўшы безабароннае белае цела.

- Мы павінны нешта зрабіць, - адвёўшы вочы, па-беларусінску прашаптаў спалатнелы Гусоўскі.

- Што б там ні было, заставайся на месцы, - таксама па-беларусінску адказаў Вітэліус.

- Спачатку стужку, - сказаў Нястомны да ката, і той накінуў ёй на шыю барвовы пасак.

Тая самая стужка даўжынёю ў рост Збавіцеля, што для злачынцаў нібыта цяжэйшая за самыя цяжкія кайданы. Яшчэ адно ашуканства, прыкрытае Хрыстовым імем. Колькі ж будзе трываць Усявышні?

Чорна-чырвоны кат гастрыў лязо шырокага нажа.

- Зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе, - з ласкавасцю, ад якой Гусоўскага працяло магільным холадам, паўтарыў Нястомны.