Выбрать главу

Франчэска адмовілася асталявацца ў пасольскай рэзідэнцыі, выбраўшы два ягоныя бедныя пакоі...

Упершыню ў жыцці Гусоўскі думаў пра Вітэліуса не як пра мецэната. Эразм быў адзіным братам, які па волі жорсткага лёсу назаўжды пакідаў яго.

Па-свойму, але тое ж самае адчуваў і Эразм. Мяжа, што некалі ляжала паміж імі, знікла, яе знесла сама плынь часу, якая змывае ўсё спароджанае чалавечаю мітуснёй і забабонамі. Імкненне ўгору, да ўлады, да кардынальскае мантыі сплыло ў мінулае, у невараць, а будучыняй быў цяпер адно гэты чалавек, якога ён, ні на каліва не пакрывіўшы душой, назваў бы не толькі першым паэтам сваёй дзяржавы, але і адным з першых паэтаў Эўропы, годным стаць поруч з Петраркам. Аднак мудрэц, што прамовіў гэтае зваблівае «Scripta manent» - «Напісанае застанецца», памыляўся. Ён, Вітэліус, ведае, як шмат з напісанага і вартага перажыць стагоддзі не перажыло і сваіх творцаў, і таму, сабраўшы сілы, ён гаворыць пра галоўнае:

- Папа Лявон ужо даўно ў лепшым свеце. Прыйшла мая чарга. У Рыме цяпер лёгка знайсці смерць, а не апекуна, які дапаможа выдаць тваю «Песню». Ты не знойдзеш яго і сярод палякаў, бо ты славіш не Ягайлу, а Вітаўта, не гісторыю Кароны, а мінулае Вялікага Княства. І ўсё ж едзь у Кракаў. Напішы да каралевы Боны. Яна шануе мовы і высока ставіць паэтычнае слова. Ты ведаеш, яна фундуе школы і заахвочвае маладых беларусінаў вучыцца ў італьянскіх універсітэтах. Напішы да яе і нагадай, што любая дзяржава мусіць больш абапірацца не на сілу зброі, а на моц духу. Нагадай, што рымляне і эліны былі магутныя тады, калі квітнелі мастацтвы, а як толькі пачалі нікнуць таленты, пачаўся і заняпад дзяржавы. Адразу ж па маёй смерці...

- Настаўнік...

Невядома, хто з нас настаўнік, з горыччу падумаў Вітэліус.

- Па маёй смерці ты атрымаеш грошы, якіх вам хопіць на дарогу да Кракава.

Гусоўскі паднёс слабую руку мецэната да вуснаў. Гэта ягонае вам...

- Дай мне слова, што ты не памрэш, пакуль не надрукуеш «Песню», - сказаў Вітэліус.

VII.

Гусоўскі прачнуўся з адчуваннем, што яму не дваццаць, а зноў сорак пяць гадоў. Безразважнае шчасце першых дзён развеялася, як начны туман па-над рачным абалоннем. Стараючыся не варушыцца, каб не пабудзіць Франчэскі, ён слухаў яе дыханне, чуў цеплыню яе пляча і перабіраў у памяці дні і імгненні іхняга кароткага шчасця, упершыню з бязлітаснай яснасцю разумеючы, што ніякага шчасця не было. Быў адно шчаслівы самападман для яго, а для яе - толькі ўдзячнасць за выратаванне.

Але ніхто ўжо не адбярэ ў яго ўспаміны. Ён ніколі не забудзе, як Франчэска пайшла з ім у ягонае ўбогае жытло, дзе адзінай раскошаю была прывезеная з радзімы зброя. Ён згадаў, як яна разглядвала лук, як дакранулася да цецівы і асцярожліва выняла з тула стралу...

Ён аддаў Франчэсцы большы пакой, што быў кабінетам і пачывальняй, а сам позна ўвечары, не распранаючыся, прылёг на вузкай каменнай ляжанцы ў малым пакойчыку. Сярод ночы ён пачуў яе спуджаны голас. Ён кінуўся да яе, і яна, яшчэ са спалохам на твары, працягнула насустрач яму рукі...

Можа, хаця б тады яна слухалася не розуму, а сэрца?

Сцяна над ложкам і абапал вакна была ўжо голая. Ён не дазваляў сабе чапаць Эразмавы грошы і ўчора, не знайшоўшы ў такі час пакупцоў на малюнкі Босха, мусіў прадаць зброю. Франчэска пакрысе вярталася да былых звычак. Учора яна запатрабавала новую сукенку і дванаццаць траў, якімі мыюць валасы, каб захаваць светлы колер. Ён расстараўся толькі размарыну, альясу і рамонку, але і гэта было цяпер сапраўдным дзівам.

Ноч дарыла яму пяшчоту і асалоду, а абуджэнне несла з сабою пакутлівую думку, што ён зноў атрымаў ад Франчэскі плату.

Ён не хацеў зазіраць у будучыню і ніколі не гаварыў пра яе з Франчэскаю. Наогул яны мала размаўлялі, відаць, адчуваючы, што словы могуць разбурыць той маленькі ненадзейны свет, у якім яны жылі. Дый ці маглі яны спадзявацца на нейкую будучыню пасярод зачумленага горада?

Цяпер Гусоўскі асабліва балюча адчуваў, як яму не стае Эразма. Ён ужо даўно дараваў яму нават ваганні ў размове з туркам, ён гатовы быў аддаць год жыцця, каб толькі можна было зноў пагаманіць з мецэнатам, пачуць з ягоных вуснаў роднае слова. Штодня ён адзін або з Франчэскаю маліўся ў царкве святой Марыі дэль Попала, якая дала Эразму Вітэліусу апошні прыстанак. Майстры ўжо высеклі на жалобнай пліце кароткую эпітафію. Ён глядзеў на яе, але бачыў не літары, а расстайны Эразмаў позірк, позірк не мецэната, а сябра. Дай яму вечны спакой, Божа!..