Але вось яе вочы заплюшчыліся, і Франчэску агарнуў сон. Смерць забрала Эразма, а цяпер прыйшла па яе, каб ператварыць гэтую прыгажосць, гэтае зведанае, бясконца дарагое цела з сузор'ямі радзімак у спажыву чарвям.
Шукаючы нейкага апірышча, ён абвёў вачыма пакой. Позірк спыніўся на ацалелых Босхавых гравюрах. Яго скаланула. Малюнкі ажывалі, на іх пачынаўся таемны вусцішны рух. На сярэдняй гравюры шалёным намётам неслася па крузе фантастычная кавалькада, а праваруч разгаралася паланіца пажараў і ішлі ў наступ пачвары. Свет, у якім ён жыў, як ніколі раней, здаўся яму падобным да створанага мастаком крывавага хаосу. Ён схапіў свечку і падбег да гравюраў зусім блізка.
Рух на карцінах замёр, але пакутлівае пачуццё хаосу не міналася. У Гусоўскага з'явілася адчуванне, што ён трапіў у вялізныя цяжкія жорны, якія з кожным новым імгненнем усё глыбей зацягваюць яго ў сваё каменнае чэрава.
Ратуючыся, ён запаліў усе свечкі і вярнуўся да Франчэскі. Яе дыханне зрабілася рэдкім, адначасна з выдыхам з грудзей вырываўся хрыплаваты прысвіст. Ён маліўся, каб хоць у астатнюю хвілю Бог дазволіў ім паглядзець адно аднаму ў вочы. Смерць стаяла ўжо каля самага ложка. Яму здалося, што ён змеціў яе бледны прывід. Вось смерць нахілілася над Франчэскаю для апошняга пацалунка, і яна пачала задыхацца. Ён скінуў з Франчэскі коўдры і ўбачыў, як яе грудзі падняліся і ўжо не апусціліся. Яна разлучылася з душой, так і не расплюшчыўшы вачэй.
Свет вакол яго рушыўся. У гэтым свеце панавалі пачвары.
«Дзверы адчыненыя, можаш пайсці», - загарэліся ў свядомасці словы Сенекі.
Розум дзейнічаў успышкамі, у святле якіх уваччу ўзнікалі абліччы людзей, малюнкі рымскіх вуліц і храмаў.
І раптам ён убачыў зусім іншае. Бацькаў дом пад саламянай страхою, чарада дубоў, Нёман. І яшчэ сляды на плітах калумбарыя.
Ён чытаў і не бачыў, што на парозе схлупілася купка ўзброеных людзей. Зыркае святло ў вакне прывабіла начны дазор. Вартавыя прынюхваліся да палыновага дыму і ніякавата аглядаліся. Хтосьці моўчкі паказваў на ложак з незварушнаю жанчынаю, не могучы зразумець: спіць тая ці ўжо заснула давеку? А ў пакоі ўсё мацней гучаў голас чалавека, што сядзеў пры стале з кнігамі.
- Ён моліцца, - прыслухаўшыся, сказаў нехта. Варта ўбачыла, як чалавек кінуў на стол нейкія паперы і чытаў далей па памяці.
- Яго апанаваў д'ябал, - са страхам прамовіў начальнік дазору, і ягоныя людзі, паспешліва жагнаючыся, зніклі ў мораку галерэі.
У насычаным смерцю паветры, над Франчэскаю, над цёмнымі вуліцамі Вечнага горада, дзе ўладарыла чума, гучаў Голас.
1986
Сны імператара
Агні, агні... Шматкалёрна-святочныя, хмельныя, як маладое віно. Цёплы вецер пагойдвае іх і на фіялетавым аксаміце неба, і на цёмна-срэбным люстры завані. А можа, і не вецер, а тысячагалосае «Vive l’empereur!»*.
* Няхай жыве імператар! (фр.)
Портафэраё ззяе ілюмінацыяй. Увесь горад на беразе, а ён стаіць на пірсе. Стаіць, падняўшы ў маўклівым прывітанні руку, і адчувае, як сэрца кожным новым ударам разбурае цэлю, дзе было замураванае нязмерна доўгія дзесяць месяцаў.
Ён толькі што пяшчотна развітаўся з маці і з сястрою. Наперадзе — невядомае, але што б там ні было, гэтыя хвіліны ўжо належаць вечнасці.
На ім трохвуголка і шэры, зашпілены на ўсе гаплікі і гузікі сурдут — поўная паходная форма.
У думках ён кідае позірк на сябе зводдаль, з гарбатых прыморскіх вулачак, застаецца задаволены ўбачаным і адразу ўяўляе гэты малюнак у выглядзе гравюры: залітыя аліўкавым святлом поўні камяні старажытнага пірса, слямга бліжэйшае фялюгі і ягоная постаць на парозе нязведанага.
Войска чакае загаду, але ён марудзіць. Няхай востраў развітаецца з ім, няхай кожны назаўсёды захавае гэтыя імгненні ў памяці, каб апавядаць пра іх дзецям і ўнукам. I ён таксама хоча развітацца з востравам, на які навекі лёг водсвет ягонае славы.
— Vive l’empereur! Vive l’empereur!
Ён прыжмурвае вочы, і з калейдаскапічнаю хуткасцю перад ім мільгаюць пражытыя тут дні, напоўненыя зусім не роспаччу... Не, ён не крывіў душою, калі загадаў выразаць на сцяне ў егіпецкім пакоі свайго дома ў Сан-Марціна словы, якія шмат каму з візітантаў здаваліся няшчырымі — «Я шчаслівы паўсюль».