На шляху ў Вільню ён думаў пра шматгадовыя спробы тутэйшых магнатаў атрымаць ад яго і Францыі гарантыі адраджэння свае дзяржавы. Ён ахвотна вёў гэтыя дыпламатычныя гульні... На нейкі час іх спыніў толькі Тыльзіцкі мір.
На грыву ягонага каня ляціць букецік фіялак, ён паспявае падхапіць яго і, прыладжваючы да трохвуголкі, зрывае апладысменты.
Прадчуваючы вайну, вёў сваю гульню і Аляксандр. Замест Адама Чартарыйскага, які, здаецца, ужо спасціг цану царовых абяцанак, Аляксандр знайшоў заўзятых гульцоў у асобе магнатаў Агінскага і Друцкага-Любецкага. Яшчэ сёлета ў красавіку расейскага імператара ці не з такім самым захапленнем, як зараз яго, прымалі ў Вільні, але тым разам, даносілі выведнікі, пра аднаўленне Вялікага княства ён ужо маўчаў і абмяжоўваўся адно рэверансамі шляхце і ласкавым абыходжаннем з арыстакратыяй. Дэманструючы адданасць трону, магнаты стварылі камітэт забеспячэння расейскага войска. Царская ўлада ахвотна прымала ахвяраванні — найперш, каб не пакінуць фуражу і правіянту яго Вялікай арміі.
Але ён ведаў, што большасць мясцовага дваранства не давярала ні магнатам, ні Аляксандру, а нецярпліва сачыла за падзеямі на тым беразе Нёмана. Бюлетэні Вялікай арміі пераходзілі з рук у рукі, і ягоныя прыхільнікі дасягнулі значна большага, чым Агінскі і Друцкі-Любецкі.
Нездарма, нездарма бегла да яго адсюль моладзь. Некаторыя ваявалі пад ягонай рукою яшчэ на берагах Ніла. А хутка жаўнераў, народжаных на гэтай зямлі, будзе ў Вялікай арміі не меней, чым у Аляксандра. Прычым пад штандарамі цара ваююць рэкруты, а ў яго, Напалеона, будуць валанцёры.
Да прыходу расейцаў гэтая краіна не ведала рэкруцкіх набораў. Цяпер рэкруты з берагоў Нёмана, Дзвіны і Дняпра служаць 25 гадоў.
Расея, як разбойная шація на лясной дарозе, прыставіла да горла нож і вывернула захопленай краіне кішэні. Дзяржаўныя падаткі збіралі тут, у адрозненне ад усёй імперыі, толькі ў звонкай манеце, і гэта пры курсе, калі 100 папяровых рублёў роўныя 22 срэбным. Плаціць асігнацыямі дазволена толькі летась. А калі сюды дадаць яшчэ колькі спусташальных паходаў расейскіх войскаў і немагчымасць пасля Тыльзіцкага міру вывозіць збожжа ў Англію...
Кацярына і яе сын Павел абяцалі тутэйшаму люду палёгку, ды замест гэтага раздалі паўмільёна сялянаў расейскім памешчыкам, прычым не ўсе з таго паўмільёна былі раней прыгонныя. Трынаццаць з лішкам тысяч душ і горад Кобрын атрымаў за заслугі генерал-фельдмаршал Сувораў.
Апрача таго, кожныя восем з дзесяці жыхароў краіны — грэка-католікі, якіх Пецярбург пачынае пераганяць у праваслаўе, каб адабраць магчымасць гаварыць з Богам на сваёй мове і хутчэй зрабіць у душы расейцамі. На гэты конт ён, імператар, выдасць адмысловы ўказ. Ён памятае, што уніяцкія святары не чыталі ў сваіх храмах пасланне расейскага сінода, дзе з падказкі царскага двара яго, Напалеона, абвяшчалі папярэднікам Антыхрыста.
Расея сама абрала свой лёс. Яна паставіла яго перад выбарам: вайна або ганьба...
— Vive le libérateur! — крычыць за колькі крокаў ад яго юнак у канфедэратцы.
Гэты бязвусы маладзён таксама стане пад ягоныя сцягі. У Вялікую армію, марачы пра незалежнасць Бацькаўшчыны, уліваюцца і шляхцічы, і студэнты, і простыя мужыкі, і з кожным днём іх будзе ўсё болей.
Ён прыйшоў сюды як вызваліцель і за абяцанне аднавіць Вялікае княства атрымае не толькі правіянт і фураж, але і стотысячнае войска, якое Агінскі дакляраваў імператару Аляксандру.
— Vive Napoléon!
Ён думае пра ўсё гэта і ганарыцца сённяшнім тонкім тактычным прыёмам. Першы пад сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі ўвайшоў у горад 8-ы полк кавалерыі Дамініка Радзівіла. Ён, імператар, не звязаў сабе рук ніякімі абяцаннямі і ўадначас як бы засведчыў самыя рашучыя намеры.
Вільня ля ягоных ног. На пляцы перад катэдраю ён загадвае выбіць медаль з нагоды ўзяцця яшчэ адной сталіцы.
Ён, пераможца, едзе з почтам па старых вулачках. Вядома, Вільня — не Мілан і не Варшава, але горад падабаецца яму. У разнасцежаных сонечных вокнах і на гаўбцах — жанчыны з кветкамі. Сапраўдны дождж з кветак. Ён купаецца ў кветках і ў захопленых жаночых позірках, часам весела заўважаючы ў вачах у мужчын рэўнасць.
— Vive le libérateur!
Вузкія, пакручастыя, як у далёкім Аяча, вулачкі, старадаўнія камяніцы, храмы... Барадаты уніяцкі святар, які шырока хрысціць яго. Гурт юнакоў, падобных да студэнтаў. Адзін з іх падбягае да ад’ютанта: дзе можна запісацца ў Вялікую армію?
Але што гэта там, водбліз рэчкі? Ён міжволі прытрымлівае каня, і ўслед за ім спыняецца ўвесь почат. Наперадзе маленькае дзіва з чырвонае цэглы. Такую дасканалую готыку рэдка сустрэнеш і ў еўрапейскіх сталіцах. Усё ж Вільня — Еўропа. Гэтым храмам мог бы ганарыцца любы французскі горад.