Ён спыніўся ў апартаментах, што летась рыхтавалі герцагу Аляксандру Вюртэмбергскаму. Цар прызначыў герцага губернатарам дзвюх беларускіх губерняў*. Цяпер гэтыя губерні належаць яму, Напалеону.
* У XIX ст. Віцебская, Магілеўская і Смаленская губерні называліся беларускімі, а Менская, Гарадзенская і Віленская мелі традыцыйную назву літоўскіх. Такі падзел захаваўся ў абыходку і пасля 1840 г., калі Мікалай I забараніў карыстацца найменнем «Беларусь» у афіцыйных дакументах, увёўшы назву «Северо-Западный край».
У адным з колішніх герцагавых пакояў ён загадаў зрабіць хатнюю царкву. Імшу правіць ксёндз Палонскі. Той самы, што сказаў перад сабранымі ў езуіцкім касцёле грамадзянамі прамову, заклікаючы да прысягі на вернасць імператару Францыі. Хто прысягнуў, абавязаны насіць на рукаве каляровую кукарду. Месцічам без кукарды на вуліцах лепей не з’яўляцца.
Ён павольна ідзе сцежкаю ўздоўж палаца.
Ад свае рэзідэнцыі ён у захапленні. Галоўны фасад з парадным уваходам просты і строгі. Масіўныя калоны нясуць на ўзроўні другога паверха цяжкаваты антаблемент з верандаю. Вузкія выцягнутыя вокны з тонкімі пераплётамі робяць будынак больш лёгкім і высокім. Ён на хвіліну прыпыняецца, каб паглядзець на бакавы фасад, што выходзіць на раку вокнамі яго кабінета і спальні. Калоны, рустоўка сценаў ніжняга паверха, паўкалоны верхняга, порцік... Ва ўсім дакладнасць, разлік і прыгажосць — як у баявых шыхтах перад бітвай. Калі б Усявышні не стварыў яго палкаводцам, дойлідам самой гісторыі, ён, магчыма, стаў бы архітэктарам.
За домам цягнецца ўсцяж ракі вялікі сад — з альтанкамі, лавачкамі, з мудрагелістымі сонечнымі ўзорамі на сцежках. За дзесяць дзён ён паспеў палюбіць гэты стары сад, дзе ў часе вечаровых прагулянак яму так добра думаецца.
Ён уваходзіў у Віцебск раніцой, роўна праз месяц пасля ўступлення ў Вільню. На досвітку шукаць кватэры штабу, генералам і імператару ў горад паскакалі два эскадроны егераў і мамелюкоў. Потым пайшлі пяхотныя палкі. Яны ставiлi стрэльбы ў козлы, скідвалі ранцы і шыхтаваліся абапал вуліц.
Сышоўшы з каня, ён сядзеў пры гасцінцы і, спусціўшы ногі ў канаву, глядзеў на войскі.
Потым ён ехаў ступою на сваім буланым па гэтым жывым калідоры сярод генералаў і маршалаў у шытых золатам мундзірах. На ім быў сціплы зялёны мундзір з зоркаю, паўзверх — расшпілены шэры сурдут. Здымаючы трохвуголку без пяра, ён ветліва адказваў на паклоны месцічаў. Кветак амаль не было. На скрыжаванні каля сінагогі стаяў натоўп паважных пэйсатых габраяў. «Што яны крычаць?» — павярнуўся ён да тлумача. «Дзякуй Богу, нашы прыйшлі!» — пераклаў той.
Праехаўшы да смаленскай заставы, ён праскакаў вярсты тры па Пецярбургскай дарозе і вярнуўся ў падрыхтаваны яму дом. У пакоі адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены разгорнутымі мапамі Расеі стол і абвясціў: «Тут я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй спачын і займуся ўладкаваннем гэтай краіны. Ваенная кампанія 1812 года — скончаная!»
На ўсе грудзі дыхаючы чыстым вечаровым паветрам, ён думае, што ў тыя хвіліны проста паддаўся стоме.
Усе віцебскія дні ён шмат і з асалодаю працуе. Ён стварыў вярхоўную губернскую камісію, куды прызначыў прэфектамі і мэрамі некаторых мясцовых дваран. Праз кур’ераў ён кіруе парыжскім жыццём. Піша штодня па сто лістоў. А шостай раніцы — развод войскаў, на якім ён абавязкова прысутнічае са штабам. Пляц пад разводы зрабілі побач з палацам, разабраўшы колькі драўляных дамоў і муры недабудаванае царквы.
Першыя дні ён з вялікім почтам шмат ездзіў верхам па горадзе і ваколіцах. Вывучыўшы Віцебск, ён заняўся падрыхтоўкаю на выпадак раптоўнай атакі. На вуліцах выраслі барыкады з гостраканечнымі частаколамі і землянымі валамі. За ракой, у царкве святога Сімяона, ён паставіў гарматы, ператварыўшы вокны храма ў амбразуры. Дзвіну перасеклі тры масты. На пляцы перад домам дваранскага сходу і ў самім доме зладзілі хлебныя печы. Успенскі сабор ён ператварыў у шпіталь, царкву Уваскрэсення на рынку — у склад сена і саломы. Кляштар бернар-дзінаў стаў правіянцкім складам, яшчэ адзін храм Уваскрэсення — млынам, а старая Барысаглебаўская царква, што самотна стаяла над Дзвіною,— парахавым сховішчам.
Апрача ўсяго гэтага, ён абдумвае перамовы з расейскім імператарам, калі той зноў папросіць міру.
Так, не ўсё склалася паводле ягоных разлікаў. Армія Тармасава разбіла пад Кобрынам саксонскі корпус, а Баграціён паспеў перавесці свае дывізіі на левы бераг Дняпра. Яму не ўдалося ўцягнуць у вялікую пагібельную бітву Барклая дэ Толі. Барклай здолеў трыма дывізіямі спыніць ягоны 25-тысячны авангард каля мястэчка Астроўна. Тры дні ад раніцы да позняга вечара ішлі несупынныя баі. Тры дні ён амаль не сыходзіў з каня, не спыняючыся ні ў вёсках, ні ў шляхецкіх дамах. На дзесяці вёрстах шляху ад Астроўна да Лучосы забітыя ці параненыя ляжалі на кожным метры, але расейскай арміі ўсё ж удалося адарвацца. Тады ён і вырашыў спыніць пераслед і даць войскам адпачынак.