Людзі светлабародага біліся добра, але тыя, з яра, напалі знянацку. Іх было болей, па трое, па чацвёра на аднаго, і яны адолелі. Уцёк, ускочыўшы на варанога, толькі адзін чалавек, аднак не светлабароды, а іншы, і крумкач цешыўся з гэтага: ён быў важак навакольных крумкачоў і меркаваў, што павінен павячэраць не першым-лепшым мерцвяком, а чалавечым верхаводам.
Шалома на чалавеку ўжо не было, светлыя валасы рассыпаліся па маладым лісці падбелу. У лужыне крыві ля ног слаба ўздрыгваў крылцамі белаваты матылёк.
Чорная птушка ўважліва паглядзела ў прымружаныя вочы светлабародага.
— Крок! — задаволена сказаў крумкач і пераскочыў свайму абранніку на грудзі.
Вейкі ў чалавека затрымцелі, і ён паварушыўся.
— Крок! — знячэўлена паўтарыў крумкач і пераляцеў на войніка ў шышаку.
Чалавек вярнуўся з бяспамяцця адразу — як быццам вынырнуў з глыбокай чорнай ракі. Галава была ясная, і ён усё ўспомніў: кароткую лютую сечу, тое, як ягоны конь — ён сам ужо ляжаў паранены на доле — выносіў Лебядзяна, як над ім нахіліўся клышаногі чужынец, але ўдалося стаіць дых, прыкінуцца нежывым, і полавец адно зняў з яго шалом з лічынаю і сарваў з шыі плеценую срэбную грыўню. Правальваючыся ў морак, ён яшчэ паспеў убачыць, як ворагі збіралі ў табун коней і разварочвалі захопленыя вазы, каб гнаць іх да ракі, за якой пачыналася Дзікае Поле.
У вазах былі бабры і дымляніна, мёд і збожжа, усё, што ён вёз з памежных весяў і пагостаў. Князь паслаў яго, свайго даверанага баярына, адразу, як вярнуўся з палону, бо княжыя клеці, скляпы і мядушы ад мінулае восені стаялі ўпусце. Другі месяц ён збіраў аброк, мыта і перавоз, запісваў прыбыткі і тое, што пайшло на папас грыдзям, а вечарамі разгортваў запаветны пергамен...
Баярына апанаваў страх. Ён ліхаманкава абмацаў грудзі, падняў левай рукою край лускаватай броні, а правай, слабейшаю ад раны, пашукаў запазухай. Пергаменны скрутак быў на месцы, але страх не мінуўся. Некалі ў Друцку ён не збаяўся праспяваць крыўдную песню скораму на лютую расправу князю Усяславу Васількавічу. Не баяўся памерці і год таму, калі іхняя раць, знемагаючы ад смагі, трэці дзень білася ў стэпе, абкружаная з усіх бакоў паганымі, і здавалася, сам Стрыбог* стаіць за ворагаў, бо моцны вецер з мора нёс палавецкія стрэлы ўдвая далей і ад іхніх калёных джалаў не было паратунку. Не чула страху душа і тады, калі на першым начлезе паціху адкаціўся ад вогнішча, ля якога ляжалі палонныя, і прымудрыўся ўскочыць на каня. Тады смерць таксама кружляла зусім побач, але ён не баяўся. А цяпер пры ім гэты пергамен...
* У старажытным усходнеславянскім пантэоне - валадар неба і вятроў.
Мінулае начы баярыну прыснілася, як ратаваўся ад пагоні, а напярэймы яму імчаў чорны вершнік. Ён, баярын, сарваў з пляча лук, працягнуў руку па стралу, ды заміж стрэлаў у цяжкім туле калыхалася цёмная кроў.
У свае трыццаць летаў баярын быў стрэляны ваяр і ведаў, што з такой, як у яго, ранаю ён не дачакаецца світанку — сплыве крывёю, бо перавязаць пасечаныя, цяжкія, быццам кожная па беркаўцу, ногі ён не мог. Вось і спраўдзіўся сон. Надзея цяпер адно на Лебядзяна. Памажы яму, Пяруне ўсёмагутны. Няхай не здагоніць яго палавецкая страла, няхай не трапіць верны грыдзь у варожую залогу. Жывы Лебядзян застанецца — вернецца.
Чорная птушка пільна сачыла за чалавекам. Той больш не варушыўся, і крумкач павесялеў.
— Крум! — насцярожана азваўся ён, зноў апускаючыся на дзіду.
— Спудлаваў ты, начны таць,— пачуўся ў вусцішы слабы чалавечы голас.
Крумкач страпянуўся, аднак змог сябе і не ўзляцеў, бо адчуваў, што чалавек зусім немачны.
— Спудлаваў, чорны госць... Жывы я. Секла мяне хінова* — не дасекла. Жля з Карнай** ужо галасіць па мне прыляталі, ды адляцелі ні з чым. Ляці і ты сваёй дарогай, не будзе табе наедку.
* Агульная назва ўсходніх качавых народаў.
** Міфічныя істоты, якія ўвасаблялі жаль і смутак.
Крумкач нахіліў галаву і, злёгку зыбаючыся на дзідзе, з цікаўнасцю прыслухоўваўся да гукаў чалавечага голасу.
— Не ляціш? Ну то сядзі. Хоць і брыдка маім вачам на цябе глядзець, а ўсё весялей Лебядзяна чакаць будзе з жывой душою побач. Дый хто ведае, можа, ты і сам нярады, што наказана табе наўём жывіцца. Мо за гэта і дала табе Жыва* даўгі век. Сядзі, гаманіць будзем. Цяпер з тваім братам на нашай зямлі пагаманіць лягчэй, чым з ратаем...