Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, заробіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў дужасць, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.
І аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Угорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль прывёз вестку, што ляшскія князі просяць ў тэўтонаў падмогі супроць прусаў...
Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну па-ранейшаму не было ні ў адным воку.
Нібы роднага сына чакаў ён тады Віславуса з адказам, цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках бачыў, як будзе сватаць за Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацак і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.
Ваявода вярнуўся праз месяц. Прыехаў сярод ночы, схуднелы, цёмны тварам, з памарожанымі шчокамі. «Невясёлыя весткі, княжа». - «Кажы! - загадаў ён. - Лепей злое чуці, чым злое мовіці».
Ноўгарадцы, распавёў Віславус, крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацак прышле назад званы, што Ўсяслаў Чарадзей з іхняй Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Хіба пскоўская дружына не пускала дымам полацкую воласць? Хіба не прыходзіў Уладзімір ноўгарадскі з хаўруснікамі сілай браць за сябе Рагнеду? Не мяды на іхнім вяселлі ліліся, а Рагвалодава кроў. Пасля таго і разгарэлася варажнеча на дзвесце з лішнім летаў. Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе, маўляў, дазвання растрос Полацак славу сваю і гонар.
Давідна сядзелі яны з Віславусам у тую зімовую ноч за сталом і цяжка маўчалі. Ён піў чару за чарай, і здавалася, п'е не віно, а чорную лютасць. Не стрымаўся - выхапіў меч і, секануўшы па карчазе, распалавініў стол. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў: «Паберажы, княжа, дужасць на лацінцаў...»
Ён, Валодша, ужо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць - не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі ягоныя задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, зноў прынялі крыж і засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы. Часта думаў пра баярына Іллю, прыкмячаў, як той адводзіць вочы, тоячы нешта сваё. І хоць ніхто не бачыў немцаў на баярскім двары, неяк на паляванні князеў лоўчы спудлаваў, і булатная страла ўпілася не ў закрывак ваўку, а ў Іллёў гарляк.
Пра новы паход ведаюць пяць чалавек, а ўвесь Полацак гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожных літоўцаў. Хай мянцяць языкі - літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі. А да немцаў ён цяпер зычлівы. Летась біскуп не выпусціў з Рыгі палачанаў за тое, што ў Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску. Быў той воск са смалою ды яшчэ, дзеля большае вагі, стоплены з камянямі. Ён, князь, як і належала па мірнай дамове, судзіў Міну і змусіў вярнуць усю выручку. Строга пакараў і купца Алексу, што падфарбоўваў ды падстрыгаў футра. Пра ўсё гэта напісаў біскупу і ўадначас прасіў судзіць рыжаніна, які ў Полацку гандляваў соллю напалам з пяском, і рыцара, што набраў у крывіцкіх купцоў тавару на трыццаць залатых, а заплаціў пятнаццаць, нахабна сказаўшы, што замест астатніх грошай пакідае купцам іхнія жыцці. Біскуп адказ прыслаў скора, дзякаваў за суд, аднак пра свайго купца-шылахвоста і пра рыцара маўчаў, нібы тых і на свеце ніколі не было.