Выбрать главу

Чатыры гады, як у іх вечны мір. Не, рыжскі пугач не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход далей не выпадае. Вечны мір... Учора ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў. Адзін труціў ваду, якую п'юць палачане. Калі б біскуп мог, ён бы атруціў, відаць, усю Дзвіну каля Полацка. А пра другога нямчына казалі, што той, можа, і не нямчын зусім, бо перад смерцю называў сябе Пятром з Друцка і бажыўся, што невінаваты. Калі так, няхай прыме яго бязвінную душу неба.

Гаслі апошнія, самыя яркія зоркі.

Не па сваёй волі нараджаецца чалавек, лежачы без сну, думаў князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць праз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным - на год, аб другім - на векі вечныя. Але ён згодны адмовіцца ад гэтае памяці, толькі б спраўдзілася задуманае.

Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане пара, і крыжакі зломяць свой хрыбет.

Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас.

Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.

4.

Нізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на «пятцы» і зачыніліся. Немалады, каратканогі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць.

Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае акенца. За печчу - палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем.

Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.

- Gоtt mіt uns!* - ціха загаварыў Богуш.

* З намі Бог! (ням.)

- Gоtt mіt uns! - як рэха азваўся гаспадар.

- Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры... - На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.

- Я не ведаю твайго імя... -сказаў лекар, калі сабака суняўся.

- Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.

- Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? - унікліва запытаўся кастапраў.

Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.

- Пагаворым пра гэта пасля, - сказаў ён. - Я галодны.

Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.

- Перад ад'ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго...

Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.

- Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?

- Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?

Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва.

- Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці, - з гонарам сказаў ён.

- Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада. - Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў:

- І Гасподзь жадае, каб ты лячыў караля зноў.