Выбрать главу

Дзяўчынка з круглымі вачыма, у зрэбнай кашулі, разадранай да пояса, загаласіла:

— Мама-а! Мама-а! А-а-а!

Яна раптам упала ніцма, затрэслася, стала біць маленькімі бруднымі кулачкамі па зямлі.

— Дурныя, чаго ж вы баіцеся? Мы ж партызаны, — сказаў Вася.

— Гэта ж партызаны!— прамовіў большы хлопчык такім голасам, нібы зрабіў раптам важнае адкрыццё, ён паказаў на ордэн Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы камісара. Хлопчык быў, можа, равеснікам старэйшай дзяўчынкі. Твар яго да самых вачэй закрывала вялікая шапка з паламаным шырокім казырком.

Ніна паспрабавала падняць дзяўчынку, але тая вырывалася з рук i драпалася пазногцямі, мармычучы пасінелымі губамі: «У-у-у... ма...»

Дзіця не слухалася ўгавору.

— Замоўкні, зараз жа! — неспадзявана строга, па-мацярынску прыкрыкнула Ніна.

Васіля здзівіла, што яна, заўсёды ласкавая i добрая, так сурова абыходзіцца з малою, але ён не сказаў нічога, — ён верыў Ніне. Калі яна так гаворыць, напэўна, гэтак i трэба.

I праўда, малая адразу сціхла, спалохана скурчылася i з асцярогай паглядзела на цёцю. Ніна лагодна прамовіла:

— Вось так!

— Яна ў нас гэтак ужо трэці раз,— загаварыла старэйшая дзяўчынка, усё яшчэ не выпускаючы з сваіх рук хлопчыка. — Як толькі напалохаецца, дык i пачне лемантаваць: «Мама». На ўвесь лес. Мы ёй сказалі, што кінем, калі яна будзе так крычаць. Тады яна сказала, што больш не будзе.

— Дзе ж вашы бацькі? Чаму вы адны? — запытаўся Туравец.

Выявілася, што дзеці ўжо другі дзень ходзяць па лесе адны, не могуць ніяк натрапіць на сваіх людзей. Яны не баяліся цемры i адзіноты ў вялікім лесе, у ix маленькіх сэрцах жыў страх перад гітлераўцамі. Толькi б не спаткаць ix!

Старэйшая дзяўчынка, якая трымала на руках брата, паскардзілася, як сталая:

— Гора мне з ім, ён жа яшчэ дзіця. A ў нас мамы няма... Спалілі фашысты...

Хлопчык з вялікай шапкаю, аказалася, быў сынам камандзіра ўзвода ў атрадзе імя Кутузава.

Другая дзяўчынка Галя, — якая плакала, — згубіла маці, калі наляцелі самалёты. Напалоханая, яна ўскочыла з зямлі i, не цямячы нічога ад жаху, пабегла, a калі апамяталася i пачала шукаць маці, той нідзе не было. Невядома дзе падзелася. Пад вечар дзяўчынка напаткала другіх дзяцей, такіх як сама, якія прынялі яе i падбадзёрылі.

Яны згаварыліся шукаць партызан, а каб смялей было, хадзілі ўсюды разам.

Туравец загадаў забраць дзяцей.

— Пойдзем з намі,— сказала Ніна,— да партызан, да тваёй мамы.

Дзяўчынка ўсё яшчэ ўсхліпвала, размазваючы кулачком па твару слёзы, але ўжо зусім паспакайнела i хліпала проста таму, што не магла адразу суняцца.

Яна падала Ніне руку i сказала даверліва:

— Пойдзем. А я думала, што вы паліцэйскія i заб'еце нас.

Стараючыся ісці поруч, зірнула сваімі васільковымі вачыма знізу:

— Цёця, а... у вас скарыначкі няма? Мне дужа есці хочацца...

2...

Перад вечарам прышлося спыніцца, бо людзі змагліся.

Набліжалася навальніца. Хоць быў яшчэ дзень i сонца яшчэ не заходзіла, вакол усё пацямнела, нібы вечарам. Дрэвы, якія абступілі з усіх бакоў людзей, гулі глуха i цягуча. Ад ix гулу на сэрцы Ніны стала трывожней. Вецер хутка гнаў цёмна-сінія дымныя хмары, засцілаючы імі ватныя клубістыя воблакі, што яшчэ нядаўна былі на небе.

Воддаль час-ад-часу гуркатала, нібы ад выбухаў гармат. Потым загрымела бліжэй, непаспешліва, перакатам, басіста.

— Гром?!—не паверылася Ніне.

— Гром!..

— Першы! Яшчэ не грымела...

Не прайшло i паўгадзіны, як хмары закрылі ўсё неба. Яны паўзлі так нізка, што, здавалася, чапляліся за вяршыні дрэваў, i спод ix быў увесь пашматаны i вісеў клоччам.

Трэба было зрабіць буданы для начлегу. Людзі, адразу забываючыся на стому, узяліся за працу. Застукалі весела, як бы спрачаючыся, цесакі i нажы, затрашчала галлё, лес напоўніўся жвавым гоманам.

Ніна завіхалася разам з усімі, стараючыся ўправіцца да таго, як пачнецца дождж. У Ніны былі памочнікі — дзеці, якія заўзята, з радасным галасам дапамагалі ёй i Васю.

Раптам вецер сціх. Усё насцеражылася i замерла. Толькі, не спыняючыся, несліся i несліся хмары.

Калі пачаў крапаць дождж, Вася накрыў жыллё палаткай i скамандаваў дзецям забірацца ў сярэдзіну. Хлопчыкі паслухмяна палезлі. Галька ж, зазірнуўшы ў цемру будана, спынілася i баязліва крыкнула:

— Не відна нічога!

— Не бойся, дурненькая.