Раптам з ельнічку, адкуль выбеглі салдаты, вынырнула прыземістая, падобная да чарапахі машына i, пакалыхваючыся з боку на бок, рушыла, пераганяючы пехацінцаў. Следам за ёй паказалася другая.
— Танкі! — крыкнуў нехта.
Шабуня на адзін міг кінуў на камісара быстры позірк, у якім былі відаць неспакой i трывога. Ён нібы шукаў падтрымкі ў камісара. У наступную хвіліну Шабуня ўжо камандаваў:
— Бранябойшчыкі-і-і... па танках!.. Падрыхтаваць гранаты!..
На адной машыне бліснуў агеньчык, i на ўзлессі нізка, са свістам ірвучы паветра, шугануў снарад.
Туравец, схапіўшы дзве гранаты, што ляжалі ў ямцы між карнявішча, крыкнуў на хаду Шабуню: «Я ў першы ўзвод!» Ён, нагінаючыся, хутка пабег між дрэваў. Над галавой шуганулі яшчэ некалькі снарадаў, але камісар нічога не заўважаў. Толькі, калі ўпаў каля аднаго партызана першага ўзвода, пачуў поруч стрэл бранябойкі. Кароценькі бранябойшчык з густым чубам, які спускаўся на лоб, хутка зарадзіў ружжо зноў i нібы прырос да яго, не зводзячы вачэй з сваёй цэлі, не заўважаючы нічога іншага.
Забітага камандзіра ўзвода замяняў Васіль Крайко, бялявы, з блакітнымі вачыма, хлопец у нямецкім афіцэрскім мундзіры i пілотцы з зоркаю. Ён быў насцярожаны i не па гадах суровы.
— Ну, што, салдаты,— горача?— знарок весела прамовіў Туравец.
Вася нічога не сказаў, але на твары мільганула скупая, ледзь прыкметная ўсмешка. Камісар асцярожна выглянуў у бок немцаў, — танкі, прыземістыя, злавесныя, упарта набліжаліся. Яны рушылі паволі, напэўна, таму, што баяліся адарвацца ад пехацінцаў, якія, хаваючыся за бранёй, ішлі ўслед за танкамі.
— Дай наперад чалавека з гранатамі,— сказаў камісар. — Больш надзейнага выберы...
Па выразу твару Васіля Туравец бачыў, што ён ведае, які чалавек патрэбны. Значыцца, не трэба гаварыць, што гэты чалавек можа i не вярнуцца адтуль, але што паслаць туды чалавека неабходна. Ён павінен затрымаць машыну, не дапусціць яе сюды.
У тую ж хвіліну Туравец заўважыў, што паблізу хтосьці ўскочыў i, утуліўшы галаву ў плечы, баязліва кінуўся наўцёк да зараснікаў, якія былі ззаду.
Камісар, быстры i рашучы, ускінуў аўтамат, — у чорных вачах бліснулі жорсткія агеньчыкі.
— Куды? Стой!— гнеўна крыкнуў ён i пусціў чаргу. Уцякач прысеў нерашуча. — Назад!
Той неахвотна паслухаўся, згорбіўшыся, як мага, падаўся да свайго месца.
— Эх ты, ваяка!— насмешліва сказаў Туравец.— Танкаў напалохаўся! Не бачыў ix ніколі?
У гэты час ён пачуў радасны вокліч Васіля. «Што такое?» — Туравец зірнуў на яго. Хлопец, не зводзячы вачэй з поля, ашалела, радасна крыкнуў зноў:
— Гарыць!
Адзін танк стаяў нерухома i густа дымеў. У радах гітлераўцаў, што ішлі за ім, пачалося замяшанне. Некаторыя пападалі на зямлю, каб аберагчыся ад куль, іншыя збянтэжана сталі.
Аднак другі танк не павярнуў назад, ён прыпыніўся i адкрыў па ўзлессю лютую, бязладную страляніну, a потым, зароўшы, ірвануўся з месца і, як раз'юшаны звер, паімчаў наперад. У адказ яму спорна загрукалі бранябойкі.
Схапіўшы гранаты, Крайко выглянуў з-за дрэва, выбраў зручную хвіліну i ўюном спрытна папоўз да варонкі каля пасечанага кусточка, насустрач гітлераўцам.
— Чаму сам? — хапіўся Туравец.
Вася ўжо нічога не чуў. Яго бялявая чупрына паказалася ў ельніку i знікла, — кусты схавалі яго.
— Гра-на-а-а-ты! — крыкнуў Туравец, але ў грукаце страляніны словы яго мала хто пачуў. Ён паспешна ўставіў зіхатлівыя медныя запалы i паказаў гранату, заціснутую ў руцэ. Танк амаль бесперастанна сек з кулямёта.
Туравец азірнуўся на партызан, як бы правяраючы, ці не падвядуць.
Ён пачуў у перапынку між чэргаў натужны шум матора. Зямля дрыжала. Туравец выглянуў — танк ішоў не на яго пазіцыю, a збочыў, кіраваў прыкладна туды, дзе знаходзіўся камандны пункт Шабуні. За танкам пыхкаў струменем дымок i валаклася хмарка пяску.
Зноў мільгнула між хмызняку, збоку ад танка, жвавая бялявая галава, хутка ўскінулася рука. Яны адразу ж зніклі зноў з вачэй, i амаль у той жа міг з-пад гусеніцы ўдарыла полымя. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. З разлёту ён зрабіў круты круг i павярнуўся да Тураўца кармой, нібы хацеў уцякаць.
Тут, адчуўшы, што кулямёт б'е не ў яго бок, Туравец зноў выглянуў. Танк стаяў, як укапаны, нахіліўшыся, ахутаны пылам i дымам. Вежа яго хутка паварочвалася, i праз які міг з кулямёта пачалі секчы па партызанах, абараняючыся, пакуль падыдуць пехацінцы. Але перад танкам быў даволі шырокі прасцяг, з якім цяжка было ўправіцца. Вежа яго цяпер безупынна круцілася. Ён нагадваў параненага звера, які не можа ўжо кінуцца наперад, але яшчэ мае сілы агрызацца.