Выбрать главу

Чарняхоўскі звязаўся з Баграмянам, каб высветліць, як ідзе наступленне пад Віцебскам у часцях Першага Прыбалтыйскага, якія павінны сысціся з левым флангам войск Люднікава каля Гняздзілавіч.

— Рад чуць вас, дарагі генерал, і вельмі цікаўлюся, з якімі вы навінамі да мяне? — весела адгукнуўся Баграмян.

— Я хацеў тое ж даведацца ад вас, таварыш камандуючы, але так і быць — скажу першы... Войскі Трэцяга Беларускага ўжо каля Астраўно. Пад самым Астраўно.

— Гэта добра. Рад за вас, генерал.

— Ад Астраўно да Гняздзілавіч — восем кіламетраў,— напомніў Чарняхоўскі. — Але гэта не самая блізкая адлегласць між войскамі фронта і Гняздзілавічамі, таварыш камандуючы... Не спозніцеся?

— У мяне ёсць весткі, што пяхота Прыбалтыйскага ўжо на самым беразе Дзвіны, за дзве сотні метраў ад Гняздзілавіч...

— За ракой?

— Так, у гэтым месцы — за ракой. Але Дзвіна ўжо фарсіравана, у нас на паўднёвым беразе ёсць рад плацдармаў, на ўсход ад Гняздзілавіч...

— Дзе?

Камандуючы Першага Прыбалтыйскага фронта адказаў.

— Значыцца, я вас так разумею, аперацыя разгортваецца ў вас добра, і вы не спозніцеся?

— Не спознімся.

— Дзякую, таварыш камандуючы, за добрыя весткі.

— Вас таксама, — адказаў Баграмян.

Паклаўшы трубку, Чарняхоўскі зірнуў на ручны гадзіннік.

— Генерал-маёра Івалгіна,— папрасіў ён ад'ютанта. — Скажыце, няхай возьме сутачныя данясенні і зводку...

Генерал-маёр, шчуплы, з акуратна паголенай галавой, з дабрадушнымі ўсмешлівымі вачыма, падаў камандуючаму карычневую каленкоравую папку.

— Усё падрыхтавана?— Чарняхоўскі раскрыў папку, запрасіў: — Сядайце, генерал, сядайце вось тут, поруч — паглядзім, што тут у нас атрымалася.

Ён стаў уважліва чытаць уголас зводку, раз перапытаў генерал-маёра, ці не завышаныя тут весткі, ці правераныя яны, і, толькі пачуўшы адказ, што ўсё гэта праверана, зноў схіліўся над паперай. Паправіў акуратна заточаным алоўкам адну фармуліроўку. Камандуючы любіў дакладнасць ва ўсім і праўдзівасць, тым больш у гэтай зводцы.

Прачытаўшы ўсё, ён паглядзеў у вочы генерал-маёру і неспадзявана сказаў:

— Як вы думаеце, Пётр Іванавіч, усё добра ідзе ў нас?

— Я думаю, нармальна, таварыш генерал... Пачатак, я лічу, удалы...

— Я хацеў бы ведаць вашу думку пра нашы хібы, якія маглі выявіцца цяпер? Ці ўсё добра ў нашых разліках?

— Хібы?..

— Вось-вось, пра хібы падумайце!..

Генерал-маёр нічога больш не сказаў: ён разумеў

клопат камандуючага...

Ужо было апоўначы, калі Чарняхоўскаму паведамілі, што зараз будуць перадаваць загад войскам яго фронта.

У пакойчыку, дзе быў устаноўлен маленькі рэпрадуктар, сабралася некалькі генералаў і афіцэраў. Калі камандуючы ўвайшоў туды, ужо гучалі пазыўныя Масквы, за імі пасля невялічкай паузы пачуўся голас дыктара, які аб'яўляў загад.

Слухаючы, Чарняхоўскі стаяў каля сваіх таварышаў, памаладзелы, поўны радасці за свой фронт, за сваіх камандзіраў.

Ледзь у Маскве адгрымелі залпы і сціх гімн, Чарняхоўскага сталі віншаваць.

— Дзякуй усім,— сказаў ён.

Паціснуўшы рукі афіцэрам і генералам, Чарняхоўскі прыслухаўся — у баку пярэдняга краю гупалі важкія выбухі, і падлога, як і раней, прыкметна ўздрыгвала.

Сочачы за ім, за яго рухамі, усе таксама сталі слухаць.

— Не сціхае!.. — Чарняхоўскі правёў позіркам па тварах падначаленых дзіўным, нібы запытальным позіркам.

Ён намерыўся ўжо ісці, але, як бы ўспомніўшы штосьці важнае, спыніўся.

— Адзін разумны рускі чалавек... — загаварыў ён з інтымнай мяккасцю, — неяк сказаў: усе мы народ, і ўсё тое лепшае, што мы робім, ёсць справа наводная...

Ён рашуча павярнуўся да выхаду: — Прашу ўсіх вярнуцца на месцы.

Крыху пазней Чарняхоўскаму далажылі, што войскі Люднікава і Белабародава сышліся каля Гняздзілавіч і што, такім чынам, віцебская групіроўка ворага поўнасцю акружана. Чарняхоўскі загадаў пачаць зараз жа знішчаць акружаныя часці.

— Рассякайце на часткі, драбніце! Біце па частках! — ён энергічна махнуў рукой, быццам паказваў, як трэба рассякаць. — Каб ніводзін не вылузнуўся... Пры гэтым помніце, што час не церпіць, што таптацца доўга тут нам ніхто не дазволіць. Трэба дзейнічаць энергічна і хутка! — Скончыўшы размову з Люднікавым, ён выпрастаўся і сказаў да члена Ваеннага Савета фронта, які якраз ўвайшоў сюды:

— Ну, вось, Васіль Макаравіч, магу парадаваць, першы «беларускі кацёл» гатовы!.. Толькі што гаварыў з Люднікавым.