— Акружылі ўжо, Іван Данілавіч? Колькі ўсяго ў катле?
— Пяць дывізій...
Чарняхоўскі назваў іх нумары.
2...
Блізка, зусім блізка, наперадзе бухалі нашы гарматы, якія стаялі каля вышыні 208,5. Дашчаныя сцены, падлога і столік у бліндажы-пакоі камандуючага ўздрыгвалі.
За гэты час на другіх участках нашы прайшлі ўжо далёка наперад, а тут, перад КНП, нібы знарок, усё яшчэ бухала, як і раней...
Чарняхоўскі не раз выходзіў на назіральны пункт; ён бачыў дзесяткі спаленых і падбітых танкаў, што сумна чарнелі непадалёк. Бачыў стаі штурмавікоў і бамбардзіроўшчыкаў, якія сыпалі бомбы на праціўніка.
Палкі і дывізіі, што па некалькі разоў за дзень кідаліся ў атакі, хутка радзелі і вымушаны былі лажыцца.
Данясенні казалі пра вялікія страты ў раёне магістралі.
Усё гэта вельмі непакоіла Чарняхоўскага. Затрымка тут адбівалася на развіцці ўсяго наступлення фронта, бо забірала і прымушала таптацца на месцы частку войск. Акрамя таго, яна зрывала захоп важнейшай камунікацыі.
З інакшым пачуццём Чарняхоўскі сачыў за тым, як ішлі баі пад Багушэўскам, у Віцебску, на Аанаўскіх балотах.
Абстаноўка амаль няспынна змянялася. Яго захаплялі гэты рух, гэтая імклівая зменнасць, у якіх адчувалася вялікае бурлівае жыццё войск. Працуючы, ён не стамляўся, а, наадварот, адчуваў нейкі светлы ўздым.
Адсюль, з КНП, у амбразуры было відаць столькі, колькі і з КП якой-небудзь дывізіі. Але жылі тут значна большымі справамі.
Пульс агромністай, складанай бітвы даносілі сюды і тэлефонныя правады, і шыфраваныя радыёграмы, і афіцэры сувязі... Камандуючы ведаў тое, што адбывалася за многія дзесяткі кіламетраў ад КНП, па ўсім фронце, ведаў так, быццам гэта было перад яго вачыма.
— Развівайце поспех дывізіі! — гаварыў ён заклапочана па тэлефоне, выпрастаўшыся на ўвесь рост, прыжмурыўшы вочы. — Узмацніце яе — артылерыяй і танкамі... яе поспех адкрывае перад вамі добрыя перспектывы... вы дарэмна недаацэньваеце яго...
— Вы не баіцеся за свой левы фланг? Не? Дарэмна. За яго трэба баяцца,— ён у вас кепска прыкрыт,— папярэджваў ён пазней. — Што — рызыка добрая справа? Я згодзен з гэтым, але рызыка павінна быць разумнай, — а тут ужо не рызыка, а проста легкадумнасць. Тактыка на «авось»... — і раптам строга: — Прыкрыйце фланг. Зараз жа...
— Вы не выконваеце задачы, топчацеся! Так, топчацеся, бо вы недастаткова энергічна прабіваецеся, вы адстаеце ад суседа. А сілы ў вас досыць, каб пагнаць,— як належыць, пагнаць праціўніка!.. Вы мала манеўруеце!..— і Чарняхоўскі падказваў рашэнне задачы.
Так гадзіна за гадзінай. Хоць камандуючаму ўжо трэцюю ноч амаль не даводзілася спаць, ён пачуваў сябе добра. У галаве была незвычайная яснасць, — такая чыстата і спрыт думак, якія здараюцца толькі ў час асаблівага натхнення, уздыму, — хацелася працаваць і працаваць. Як ён мог думаць пра сон, пасля салюта, у той час, калі чуў напружаны подых бітвы, ведаў, што войскі б'юцца...
Камандуючаму часам хацелася спяваць, — стоячы каля карты, склеенай з некалькіх лістоў, ён сам сабе заклапочана паціху мармытаў мелодыю «Узяў бы я бандуру...»
Доўга абследаваў вачыма лініі дарог, вілюжыны рэк і рачулак, блакітныя плямы балот, — мімаходам зрабіў некалькі новых адзнак: з апошніх вестак. Адзначыў, дзе цяпер знаходзяцца танкі Ротмістрава і коннікі Аслікоўскага...
Орша... Мінская магістраль...
Ён хвіліну пазіраў туды, дзе шасэ перасякала фронт, — пярэдні край ворага тут цяпер выдаваўся рэзка ў наш бок. Абапал шасэ чапляўся за шматлікія ўмацаванні фашысцкі генерал Траут са сваёй адборнай 78 штурмавой дывізіяй.
Чарняхоўскі энергічна, з націскам акрэсліў гэты выступ, падумаў нецярпліва і трывожна, як звычайна, і ўжо са злосцю: дакуль жа гэты цвердалобы гітлераўскі крот будзе трымацца?! Ён стаў уважліва разглядаць размяшчэнне войск Глаголева, якія наступалі з паўднёвага боку магістралі. У тым, як камандуючы аднёсся да ўпартасці Траута, адчувалася, што ён усё ж упэўнен: гітлераўцу на магістралі засталося нядоўга сядзець.
На наступны дзень Галіцкі далажыў, што яго часці прарвалі апошні тылавы рубеж варожай абароны на поўнач ад магістралі.
— Добра. Папрадавалі як трэба! — пахваліў хоць скупа, але ад душы і генерала і пехацінцаў Чарняхоўскі. Хто-хто, а камандуючы фронтам ведаў, што значыла прарваць гэтыя тры рубяжы. Ён мільгам успомніў Шчарбацюка, прыгадаў Праворнага, з якімі яму даводзілася бачыцца не так даўно. Яны таксама ўсе гэтыя дні прабіваліся праз рады траншэй і балоты.
Войскі Галіцкага цяпер павінны былі павярнуць на поўдзень, у бок Оршы. Чарняхоўскі дакладна дамовіўся, калі яны падступяць да горада, стаў распытваць, як ідзе забеспячэнне перадавых часцей боепрыпасамі і прадуктамі.