Адразу пасля гэтага Чарняхоўскі выклікаў па тэлефоне камандуючага бранятанкавымі войскамі і загадаў увесці ў прарыў гвардзейскі корпус.
Задача, якую ён ставіў танкістам, была вельмі цяжкая. Ісці трэба будзе па забалочаных мясцінах, выбіраючы паўразбураныя грэблі, насыпы вузкакалеек, сцелючы фашыны. Але затое, што зробіць гэты корпус, прарваўшыся на прастор, калі ён ударыць па варожых пазіцыях у Оршы з захаду!..
У пакой увайшоў ад'ютант і прынёс лісткі з аператыўнымі зводкамі з другіх франтоў, і Чарняхоўскі адразу стаў чытаць.
У гэтыя перапоўненыя цераз край клопатамі дні ён стараўся сачыць за тым, што робіцца і ў Захарава, і ў Ракасоўскага, які другі дзень ужо вёў наступленне. Тое, як суладна развіналі баі цэлыя чатыры франты, разламваючы абарону праціўніка на розных кірунках, як умела ўзаемадзейнічалі войскі ў гэтай гіганцкай аперацыі, дзе столькі людзей і тэхнікі, радавала і акрыляла Чарняхоўскага.
Калі танкісты перабраліся праз Аанаўскія балоты, яны адразу хутка рушылі на поўдзень, абходзячы Оршу. Чарняхоўскі ўважліва сачыў за імі, як і за тымі, што ішлі на Талачын.
З аператыўнага ўпраўлення Чарняхоўскаму паведамілі, што, мяркуючы па радыёперахватах, у праціўніка ў раёне магістралі пачалася паніка.
Тут генерал Емяльянаў рашыў, што настала пара паведаміць, нарэшце, тое, што ён адкладваў.
— Іван Данілавіч, — сказаў ён са спачуваннем,— я вам павінен перадаць сумную вестку. Ваш брат Аляксандр Данілавіч загінуў...
— Саша? — перапытаў Чарняхоўскі, нібы не разумеючы.— Адкуль вам вядома?
— Мне паведамілі з корпуса. Акрамя таго, я гаварыў таксама з брыгадай...
— Калі ён загінуў?
— Пазаўчора...
— Чаму мне не паведамілі раней?
— Гэта, Іван Данілавіч, па маёй просьбе...
Чарняхоўскі паглядзеў на генерала доўгім позіркам, памаўчаў, потым, стомлена апусціўшыся на стул, папрасіў:
— Раскажыце, пры якіх абставінах ён загінуў.
І ўвесь час, пакуль член Ваеннага Савета гаварыў, Чарняхоўскі моўчкі пазіраў у адну кропку на карце, разасланай на стале. І пасля, калі ўжо Емяльянаў скончыў, таксама маўчаў.
— Іван Данілавіч, на пахаванне — вы не паедзеце?
Чарняхоўскі як бы ажыў. На хвіліну задумаўся. Сказаў са шкадаваннем, але цвёрда:
— Не. Не змагу.
Увайшоў генерал-маёр Івалгін, перадаў Чарняхоўскаму, што Траут пачаў адыходзіць у бок Оршы.
— Не вытрымалі нервы ў гітлераўца! — стрымана паіранізаваў Чарняхоўскі, — сядзеў, чапляўся — і усё ж не вытрымаў...
— Ён адкрыў, таварыш генерал, фланг свайго суседа, які стаіць з поўдня магістралі!
— Ну, што ж, гэта — прыемны сюрпрыз Глаголеву,— сказаў Емяльянаў. — Трэба перадаць яму!..
Чарняхоўскі зняў трубку тэлефона, папрасіў звязаць яго з Глаголевым...
З гэтай пары перасталі біць гарматы каля вышыні 208,5, дзе быў КНП фронта.
Чарняхоўскі вышаў з бліндажа.
Пачынала ўжо днець, сонна пракрычала непадалёк нейкая птушка.
Чарняхоўскі адчуў, як асвяжае чыстае ранішняе паветра. Паволі адыходзіла змора. Але на душы яго было цягуча, даўка.
«Саша»,..
Згадалася далёкае-далёкае. Калі хавалі маці, Саша-маленькі некалькі дзён сумаваў па ёй. Яму сказалі, што маці паехала ў горад: «прывязе табе хлебца», ён верыў і ўсё пытаўся — калі ж яна вернецца?..
Урыўкамі ўспаміналіся сустрэчы. Іван усе гады, пакуль Саша вучыўся, дапамагаў яму — пасылаў грошы, даведваўся пра поспехі ў вучобе, даваў парады. Аднойчы строга выгаварыў брату, — гэта было ўжо на фронце, калі дачуўся, што Саша часам п'е...
Усё, што прыходзіла на памяць, цяпер выклікала журботу. «Апошні раз ён не застаў мяне. Не ўбачыліся, і цяпер ўжо — не ўбачымся»...
Прайшоўшы крыху, Чарняхоўскі заўважыў у ранішняй шэрані, як здымалася з пазіцый артылерыя. Туркаталі цягачы, часам даходзілі сюды вясёлыя воклічы.
Тры дні назад тут усюды стаялі гарматы, а ў лагчыне, крыху наводдаль, — танкі. Цяпер усё вакол пусцела, але гэтая спусцеласць выклікала не сум, а радавала.
Страляніна была далёка. І камандуючаму захацелася таксама: хутчэй бы пайсці адсюль і яму, яго штабу.
Услед за войскамі, у той бок...
Раздзел IV
1...
Вакол быў змрок. Дарога ў ім віднелася цьмяна-шэраю ручаінаю. Аляксей Лагуновіч, седзячы на вежы, спусціўшы ногі ў сярэдзіну яе, з уздымнай радасцю бачыў, як плыла і плыла гэтая ручаіна, як абапал праходзілі цёмныя, ледзь відныя дрэвы, кусты, падобныя ў змроку на копы сена. Часам шэрая ручаіна надоўга прападала, і машыну пачынала больш звычайнага кідаць ва ўсе бакі: батальён ішоў наўпрасткі па полі...