Выбрать главу

— Гарком рашыў вас накіраваць на працу...

І тады людзі проста, нібы ў казцы, перайначваліся: хто станавіўся дырэктарам электрастанцыі, школы, хто — начальнікам пашпартнага стала, хто — загадчыкам аддзела камунальнай гаспадаркі. Уставалі, калі сакратар гаркома выклікаў іх, партызанамі, а сядалі зноў на сваё месца «мірнымі» начальнікамі...

«Загадчык аддзела!— здзіўляўся Шашура.— Быў разведчыкам, а цяпер загадчык аддзела камунальнай гаспадаркі. І трэба ж, каб такую пасаду далі разведчыку!.. Эх, дарэчы,— схамянуўся падрыўнік, — трэба заўтра забегчы да яго, папрасіць хоць пакой. Дасць ці не дасць? Ліха яго ведае, якім ён сябе пакажа на гэтай новай пасадзе... Павінен даць, душа з яго!» — падрыўнік прыгадаў Аксінню, уявіў сябе з ёю ў гэтым будучым пакоі, — ад чаго ў грудзях яго прыемна пацяплела.

Потым неспакойнага падрыўніка захапіла праблема: а куды ж яго пашлюць! Слесарам, сталяром? На начальніка пашпартнага стала, ён, напрыклад, не падыдзе — вельмі вёрткі. Там трэба сядзець многа... Шашура такім спосабам перабраў некалькі пасад, як паклікалі да стала яго.

— Табе, Шашура, прыдзецца заняцца арганізацыяй харчавання, — сказаў яму Туравец, які сядзеў збоку ад Малініна. — Будзеш дырэктарам вялікай сталоўкі. Што табе трэба? Даць харчаванне рабочым, служачым. Справа вельмі пачэсная!.. Памяшканне...

Туравец глянуў на сакратара. Той устаў з-за стала і загаварыў да Шашуры:

— Памяшканне ёсць. Праўда, таварыш Шашура, трэба будзе яго падрамантаваць... Падабраць кухараў, афіцыянтак. Знайсці мэблю, пасуду, — мэблю можна, дарэчы, узяць у рэстаранах, якія тут працавалі... Там яна, кажуць, засталася... Прадукты — будуць, але першымі днямі, пакуль не наладзім падвоз, вы атрымаеце вельмі мала. З тых складаў, што ўдалося захапіць... Адным словам, патрэбна добрая гаспадарлівасць, ініцыятыва. Ну, вядома, і знаходлівасць партызанская!.. Так, так — знаходлівасць! Не здымайце яе з узбраення... Ну, вось усё. Задача, па-мойму, ясная? Ясная. Тады — астаноўка за вамі.

— Калі можна што-небудзь зрабіць, таварыш сакратар, за мной астаноўкі не будзе...

— Пабачым...

Так былы падрыўнік атрымаў першае мірнае заданне.

3...

Калі партызаны разышліся, Малінін правёў Тураўца і паказаў загадчыку аддзела кадраў яго «кабінет». Гэта быў даўгаваты пакойчык з адным акном, каля якога стаяў стол і два табурэты, а каля сцяны — зеленаватая нямецкая шафа. Пакойчык быў ужо чыста вымецены і нават памыты. Застаўшыся адзін, Туравец вышаў і хутка вярнуўся з рэчавым мяшком і курткаю.

Павесіўшы куртку на цвічок, а мяшок паклаўшы каля дзвярэй, ён падышоў да акна, паглядзеў на асветленую сонцам вуліцу, на пустыры з абодвух бакоў яе. Расчыніў акно...

Трэба пачынаць. З чаго? Ён ведаў, з чаго: гораду патрэбны і дырэктары заводаў, і інжынеры па электрычнасці, і добрыя фінансісты, і старшыні арцеляў, і клубныя работнікі. Дзесяткі важных устаноў і прадпрыемстваў чакаюць людзей...

Чакаюць. Але людзей гэтых пакуль — на бяду — мала. Вельмі мала. Амаль няма... Туравец пачуў, што ззаду расчыніліся дзверы, і азірнуўся.

— Выбачайце,— сказаў, уваходзячы, хударлявы, прыгожы, немалады чалавек. — Думаў, што нікога няма. Не пастукаў... Голуб, урач...

— Помню вас, таварыш Голуб. Добры дзень! Вы ў мяне — першы, самы пачэсны, значыць, госць...

Цяжка давялося «самаму пачэснаму госцю». Успомніўшы тое-сёе з Голубам, парадаваўшыся сустрэчы, даведаўшыся, дзе ўрач быў,— аказалася, у партызанскім шпіталі,— Туравец запытаўся:

— Значыцца, думаеце заняцца практыкай: лячыць вушныя хваробы і пісаць дысертацыю?

— Так-так, дысертацыю. Абавязкова. Мне ўжо даўно трэба было напісаць яе, ды, ведаеце самі — вайна...

— Так, дысертацыя — добрая справа,— падтрымаў Голуба Туравец. — Матэрыял цікавы, праўда?

— Многа цікавага накапілася. Тры гады як-ніяк...

— Вопыт, напэўна, вельмі каштоўны?

— Каштоўны!

— Гэта добра, вельмі добра!

І такім жа лагодным, зачараваным тонам раптам запытаўся:

— А ці не ўзяліся б вы, таварыш Голуб, — часова, вядома, — за такую справу: загадваць аддзелам аховы здароўя, а? Часова, паўтараю, на некалькі месяцаў... Вельмі патрэбная справа! А?

— Патрэбная, — згадзіўся ўрач.

— Вельмі патрэбная, — падхапіў Туравец, пераходзячы на той асобы прыяцельскі тон, у якім было і давер'е, і надзея, і пры якім субяседніку, як ведаў Туравец, цяжка станавілася адмаўляцца. — Нават — неабходная!