Выбрать главу

— Якія малайцы!.. Дык, значыцца, цэлы. І хлеб будзе?

— Будзе.

Гэтая вестка хутка пайшла па чарзе, якая адразу захвалявалася.

— Хто гэта гаворыць? Адкуль ён тое ведае?

— Значыць, ведае.

Людзі пачалі акружаць Тураўца. Некалькі з іх пазнала ў гэтым нізенькім шчуплым чалавеку з густым плецівам чорных валасоў, з гарачымі вачыма былога сакратара суседняга райкома.

Усе з затоеным дыханнем слухалі пра тое, што будзе зроблена ў горадзе бліжэйшымі днямі. Перабівалі нецярпліва:

— А ці хутка пачне працаваць пошта... Ці можа ўжо цяпер дайсці сюды, скажам, з фронта пісьмо?..

— А ці зусім ужо размініравалі Дом Урада? І што — не ведаеце — рабіць з мінамі, якія валяюцца на агародзе? Як бы дзеці не падарваліся!..

— А дзе цяпер немцы? Ці далёка ад Мінска?

— Ці будзе можна дзе-небудзь купіць абутак? Босыя ходзім, аж сорам...

— А ці не ведаеце, дзе знайсці дзіцячага доктара?..

— Няўжо не злавілі гэтага гада Готберга? От, каб злавілі ды прывезлі сюды!

Некалькі чалавек пыталіся пра становішча на фронце. Адказаўшы тым, хто цікавіўся зменамі ў Мінску, Туравец пачаў падрабязна гаварыць пра самае хвалюючае — фронт. Там, на фронце, сыны, бацькі, браты, якіх чакаюць ужо тры гады. Весткі адтуль слухалі са слязамі радасці, як весткі ад блізкіх, і нібы падтрымку надзеі, што пракляты фашыст больш не вернецца.

— Многа працы наперадзе ў нас,— раптам перамяніў кірунак гаворкі Туравец,— многа. І самае галоўнае, прыдзецца рабіць усім нам разам... Усё залежыць ад нас, ад усіх.

— Ясна, што за нас ніхто не зробіць...

— Ды ці ж мы не хочам працаваць? Рукі просяцца самі да працы...

І пачаліся тут роспыты — куды ісці, што рабіць? Што рабіць швейніцы, якая да вайны на фабрыцы працавала? А куды пайсці трамвайшчыку? Ці хутка будзе аднаўляцца трамвай? А ці ёсць ужо работы слесару-сантэхніку. А што таму, у каго няма спецыяльнасці? «Я да вайны вучылася у восьмым класе». Туравец, адказваючы ім, адчуваў, што ім сапраўды вельмі хочацца працаваць...

З ім развіталіся, як з добрым другам.

— Дзякуй вам вялікае. Не забывайце нас, зноў заходзьце сюды... Сцежка вядомая!

— Проста сюды, да помпы!

— Дзякуй, зайду...

Туравец правёў яшчэ адзін такі збор-мітынг каля лістоўкі з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пра вызваленне Мінска, дзе сабралася два дзесяткі чалавек.

Ён вяртаўся назад весялейшым. Цяпер, калі ён ішоў па Савецкай ці па вуліцы Энгельса, ішоў нейкі радасны і нібы дужэйшы, жахлівая спусцеласць вуліц і руіны здаваліся не такімі страшнымі. «Думаеш, не падымемся! — сам сабе, у думках, заспрачаўся Туравец з тым, хто разбурыў і спаліў усё. — Не падымемся? Эх ты, гадаўё фашысцкае!..»

Спускаючыся ўніз, каля Дома Чырвонай Арміі, ён падумаў, што вось ужо і ўвайшоў у той чаканы мірны свет. Адразу.

Раздзел ІІІ

1...

Лейтэнант Клямт яшчэ па той бок Бярэзіны прыстаў да адной невялікай адступаючай часці, якая хутчэй нагадвала натоўп.

Трэба сказаць, што такіх часцей у немцаў тады было ўжо нямала. Знявераныя, дэмаралізаваныя, салдаты часта адставалі ад сваіх падраздзяленняў, стыхійна далучаліся да першага вайсковага натоўпу або паходнай кухні. Такія групы ўвесь час абрасталі новымі спадарожнікамі і гублялі іх пры кожным баі. Склад гэтых натоўпаў увесь час змяняўся, і цяпер у дывізіях часта былі не толькі салдаты, а і афіцэры з самых розных часцей, розных родаў зброі.

Але ў гітлераўцаў былі яшчэ і вельмі моцныя групы, добра ўзброеныя і дысцыплінаваныя. Па дарогах рушылі часамі цэлыя дывізіі амаль у поўным складзе.

Пасля здарэння ў лесе, калі Трэйдэ здрадзіў лейтэнанту і хацеў выдаць яго рускім, Клямт стаў адносіцца да сваіх спадарожнікаў недаверліва і насцярожана. Хоць ён трымаўся разам з групай, яму цяпер нярэдка прыходзілася душыць у сабе спакусу кінуць усіх і прабівацца аднаму.

Клямту ў гэтыя дні пашанцавала. Тады, калі ён ужо не мог ісці далей — былі да крыві сцёрты ногі,— яму пашчасціла выпадкова на ўзлессі натрапіць на вандроўнага каня. Клямт, хаваючыся за дрэвамі, непрыкметна падабраўся да яго і ўчапіўся ў рудую грыву. Калі лейтэнант праехаў некалькі кіламетраў, пяцёра салдат неспадзеўкі напалі на яго, намерваючыся сцягнуць на зямлю і адабраць каня.

Лейтэнанту ледзь удалося адбіцца. Каб не застацца зусім без каня, Клямт, добра разважыўшы, уступіў яго аднаму обер-лейтэнанту. Ехалі па чарзе.

На ўскраіне адной вёскі калону спынілі. Тут стваралі новую часць. Лейтэнант, патупаўшы, пацёршыся сярод незнаёмых, каторых затрымалі тут раней, нечакана спаткаў свайго ефрэйтара Келера, пра якога ўжо даўно, мусіць, дзён пяць, нічога не чуў і не ведаў. Ён чамусьці вельмі ўзрадаваўся спатканню з Келерам, і калі Клямту далі ўзвод, папрасіў, каб ефрэйтара накіравалі да яго. Як-ні-як, Келер быў смелы ваяка, і што там ні кажы, хоць і з «грашкамі», але ўсё ж «свой». Акрамя яго, ва ўзводзе не было ні аднаго знаёмага салдата.