Камандаваў часцю аднавокі, магутнага росту маёр. Сабраўшы афіцэраў у садзе, ён люта гаварыў, што трэба зараз жа, не шкадуючы нікога, устанавіць парадак і дысцыпліну, ён здаўся Клямту вельмі моцным і настойлівым чалавекам.
Пад вечар маёр загадаў прывесці ў роту, у якой знаходзіўся ўзвод Клямта, дэзерціра і пастроіць салдат. Ён сам выступіў перад строем, называючы ўцекача здраднікам і баязліўцам.
Салдаты слухалі панура. Скончыўшы прамову, маёр навёў сваё адзінае вока на Клямта і, павольна змерыўшы яго з галавы да ног, спакойна загадаў расстраляць уцекача. Лейтэнант казырнуў, падышоў да салдата, на хаду вымаючы з кабуры пісталет, і, амаль не цэлячыся, стрэліў у патыліцу. Салдат, ірвануўшыся напаследак, упаў тварам у зямлю. Клямт наском бота грэбліва пакратаў яго, памацаў пульс: уцякач быў мёртвы. Другой кулі не спатрэбілася. Аднавокі павярнуў сваё вялізнае цела да салдат і сказаў:
— Так я распраўлюся з кожным, хто не будзе выконваць мае загады.
Але падзея гэта, як заўважыў потым Клямт, не зрабіла таго ўражання, якога чакаў і на якое разлічваў маёр. Салдаты сталі толькі больш насцярожанымі і панурымі.
Увечары, кладучыся спаць у траве за агародамі, дзе яго ўзвод заняў пазіцыю, Клямт пачуў абрывак нечай гаворкі пра тое, што хлопца марна звялі.
— Усё-ткі ён, можа, і не вінаваты.
Клямт здзівіўся, як гэта можна шкадаваць здрадніка...
Келер, які сядзеў поруч, здымаючы нанач боты, буркнуў да Клямта:
— Які ён здраднік? Каму ён, лейтэнант, здрадзіў?.. Радзіме?.. А што Такое радзіма? — па тым, З якім прытоеным болем Келер гаварыў, адчувалася, што ён ужо многа думаў пра яе.
— Ты не ведаеш?
— Я, лейтэнант, пачынаю блытаць, што гэта такое...
— Глупства вярзеш...
— Глупства? Не, не глупства. Радзіма — гэта «фюрэр», так? Але я ў апошнія часы больш — прызнаюся — думаю пра маці і пра сястру. Маці любіць мяне і будзе шкадаваць, калі я тут выпручу ногі. А ён...— хоць Келер не назваў «яго», Клямт здагадаўся, аб кім размова.— Келер памаўчаў, стрымліваючы сябе, але не стрымаўся, рашуча скончыў:
— Здаецца, напляваць яму на мяне, калі ён кінуў мяне ў гэтую мясарубку і загадвае памерці... — зноў памаўчаў. — А маці хоча, каб я жыў. І я хачу жыць, разумееш, хачу жыць! Разам з ёю, з сястрою, спакойна...
— Але як ты, безгаловы, не цяміш: не будзе фюрэра — Германія загіне.
Келер адказаў раптам страшнае:
— Была яна і да фюрэра... — «Будзе і потым», як бы пачуў Клямт у далейшым маўчанні Келера.
«Вось дзе бяда!» — падумаў ён, гатовы накінуцца на Келера. Але ён не накінуўся, а, затаіўшы злосць, рашыў данесці. Сказаць, абавязкова сказаць маёру! Заўтра ж, як толькі выпадзе зручны выпадак, далажыць, — няхай гэты малавер, гэты здраднік, адкажа за ўсё! Заразу трэба вырываць з коранем.
Але выканаць гэта Клямту не ўдалося...
На другі дзень, ледзь толькі развіднелася, на роту, у якой быў Клямт з узводам і якая акурат ішла займаць новы рубеж абароны, наляцелі савецкія кавалерысты. Немцы, бязладна страляючы, бачачы, як хутка імчыць на іх, разрастаючыся, шырэючы, хваля коннікаў, пачалі разбягацца. Дарэмна Клямт спрабаваў камандаваць, яго ніхто не слухаў. Седзячы ў жыце, у якое ён управіўся ўбегчы і зашыцца, Клямт пасля бачыў, як некалькі кавалерыстаў, не злазячы з коней, вялі натоўп палонных. Яму ж удалося выратавацца.
4...
З гэтага дня ён пачаў прабівацца адзін. Клямту не вельмі хацелася ісці разам з кім-небудзь. У любы час — баяўся ён — спадарожнікі маглі яму здрадзіць.
Ён ішоў без дарог, проста цераз палі, па ўзлессях, цераз лугі, стараючыся, каб яго не прыкмецілі. Абыходзіў стараной вёскі, насцярожана аглядаючыся.
Ісці было цяжка. Даводзілася ўсяго аберагацца, быць гатовым да ўсяго. Ён не мог нідзе адчуваць сябе ў спакоі. Лясы здаваліся загадкавымі, чужымі, у іх прытоенай маўклівасці быццам хавалася штосьці пагрознае. За лясамі цягнуліся палі — таксама чужыя і варожыя. Але больш за ўсё Клямта непакоіў выгляд вёсак — асабліва небяспечных, ненавідзячых...
Ён пакутаваў ад тупога неадступнага болю ў жываце, бо амаль за двое сутак лейтэнант не з'еў і маленькага кавалачка хлеба. Прыходзілася спажываць толькі ягады, якія ён шукаў на ўзлесках і палянах, ды няспелыя зерні, адным словам, жыць «на падножным корме».