Выбрать главу

Надвячоркам ён пераплыў Бярэзіну і, пасядзеўшы гадзіны тры на беразе, пайшоў далей.

Ад цягучага адчування голаду, ад болю ў жываце, ён звярэў, напаўняўся шалёнай злосцю. Ён ад гэтага часам амаль забываўся пра тое, што трэба асцерагацца, і з дручком выбіраўся да дарогі. Прысеўшы дзе-небудзь у скрытным месцы, прагным позіркам сачыў за дарогаю, чакаў падарожных, спадзеючыся пажывіцца. Ён цяпер і сваім выглядам нагадваў разбойніка: твар яго аброс рудаватаю шчацінаю, вопратка і рукі былі брудныя. На адзенні віднеліся плямы закарэлай гліны, тарфяной гразі і рознага іншага бруду,— знакі бадзяжнага туляння.

На поплаве каля рэчкі ён убачыў хлопчыка, што пасвіў карову. «У яго ёсць, напэўна, хлеб». Клямт, хаваючыся за кустамі, непрыкметна падкраўся. Ён ужо намерыўся быў схапіць хлапчука за плячо, калі той, убачыўшы яго, спалохана ўскочыў і хацеў кінуцца наўцёк. У адзін скачок лейтэнант дагнаў яго і, ірвануўшы за плячо, кінуў на зямлю. Тады, абхапіўшы закарэлымі рукамі тонкую мяккую цёплую шыю, пачаў душыць, адчуваючы ціхую асалоду. Ён збоку быў падобны на драпежнага звера, які распраўляецца са слабай ахвярай. Сапраўды, гэта быў ужо не чалавек, а звер.

Калі хлапчук перастаў выпінацца і сціх, звер разняў цвёрдыя пальцы з доўгімі пазногцямі і пачаў прагна абшукваць кішэні. У іх не было ні крыхоткі!

Ён, стоячы на каленях, выпрастаўся і адчуў, як кружыцца галава. Азірнуўся, спадзеючыся ўбачыць поблізу торбу з харчамі, але ніякай торбы не было відаць.

Нечакана ён заўважыў, што да поплаву ідзе жанчына. У мутных вачах звера бліснула занепакоенасць,— ён адразу ўскочыў і адбег у кусты. Жанчына падышла да хлапчука і, убачыўшы мёртвага, закрычала:

— Сыночак! Сыночак!

Яна пачала будзіць яго, варушыць, не верачы сваім вачам, прыпала да яго, цалуючы і плачучы. Потым Клямт пачуў роспачнае галошанне:

— Зверы, нелюдзі! За што яны цябе, сыночак?! Сонейка ты маё яснае, зорачка ты мая адзінокая!..

На гэты лямант падышло яшчэ трое жанчын і адзін мужчына. Яны аб нечым пачалі раіцца, паказваючы ў той бок, дзе схаваўся Клямт. Потым адна жанчына пабегла некуды, напэўна, у вёску, можа, склікаць людзей. Мужчына і дзве іншыя жанчыны сталі абшукваць кусты.

Клямт адчуў, што справа становіцца небяспечнай, і, выскачыўшы з кустоў, пабег да лесу, але яго заўважылі і сталі крычаць услед пагрозы. Азіраючыся, Клямт бачыў, што мужчына, размахваючы дручком, кінуўся наўздагон за ім. Аднак, калі лейтэнант дабег да лесу, мужчына спыніўся. Ён, відаць, думаў, што Клямт не адзін.

Лейтэнант, не марнуючы часу, стараўся як мага хутчэй адыйсці ад гэтага месца.

Яму ўдалося выратавацца. Але становішча з цягам часу ўсё пагаршалася, — ён быў так знясілены ад голаду і стомы, што амаль страціў здольнасць ратавацца і баяцца. Ім апаноўвала абыякавасць да ўсяго.

Адзін раз, разумеючы, што няма іншага выхаду, як пайсці ў палон, ён наблізіўся да вёскі, намерваючыся аддацца на волю пераможцы, але яму насустрач папаліся жанчыны. Клямт у гэтыя дні больш за ўсё баяўся жанчын. Лейтэнанту здавалася, што ад іх яму няма чаго іншага чакаць, акрамя смерці.

На трэці дзень уранні ён натрапіў на поле бою. У бульбяніку, перакапаным выбухамі мін, між пасечанага і дзе-ні-дзе патаптанага бацвіння, валяліся трупы немцаў. Яго гэта спачатку прымусіла ўстрывожыцца, але трывогу адразу заглушыла радасць.

Можна пажывіцца! І праўда, аблазіўшы трупы, абшукаўшы кішэні, ён знайшоў некалькі яшчэ не чэрствых кавалкаў хлеба і дзве банкі кансерваў. Зняў па прывычцы з аднаго ефрэйтара залаты пярсцёнак. Калі ён трымаў у руцэ гэтую бліскучую рэч, у яго галаве праплыла цьмяная думка, што золата цяпер ужо не мае ніякай каштоўнасці. Якая карысць з яго?

Гэта напомніла аб багацці, да якога ён увесь час імкнуўся. Багацце?! Мары разбагацець у Расіі! Усё руйнуецца, ідзе к д'яблу!.. Ён, вылаяўшыся, размахнуўся, каб кінуць са злосцю пярсцёнак, але стрымаўся,— хоць і без якой-небудзь радасці паклаў яго ў кішэню.

Падсілкаваўшыся, ён стаў мацнейшым і пайшоў прутчэй.

Праз некалькі кіламетраў ён убачыў каля дарогі падрыхтаваныя да бою нямецкія кулямёты і гарматы з абслугай, а далей на ўзлеску — пад галлём — грузавікі, каля якіх хадзіла многа нямецкіх салдат. Спрактыкаваным вокам ён адзначыў, што тут сапраўдная дысцыплінаваная часць. Афіцэр даваў загад некалькім салдатам, і тыя стаялі, як свечкі, іншыя з кацялкамі спяшаліся да кухні...

«Фронт?! Няўжо я вышаў з акружэння?» — падумаў узрадавана Клямт і заспяшаўся да салдат, крычучы, каб яны не стралялі. Прышлося хутка расчаравацца: першы ж вартавы, затрымаўшы яго, сказаў, што гэта яшчэ не лінія фронта.