І ўсё ж выгляд такога войска падбадзёрыў яго. Ён даведаўся, што перад ім салдаты некалі грознай 78-й штурмавой дывізіі. Клямт многа чуў пра камандзіра дывізіі Траута, які лічыўся адным з самых баявых нямецкіх генералаў. Лейтэнант ажыў, — цяпер ён, напэўна, праб'ецца-такі да сваіх.
3...
4 ліпеня рэшткі цэлага рада гітлераўскіх дывізій — 78 штурмавой, 25 механізаванай, 260 пяхотнай, а таксама штаб 27 армейскага корпуса, сабраліся ў адным месцы, у двух дзесятках кіламетраў ад Мінска. У гэтай групе апынуўся і генерал Баумволь.
Часці гэтыя былі моцна пабіты ў нядаўніх баях. Нават у 78 штурмавой дывізіі засталося цяпер толькі каля чатырох тысяч чалавек разам з прыданым ёй разбітым палком з іншай часці. Ва ўсёй дывізіі мелася крыху больш за сто машын і чатыры гарматы. Амаль усю артылерыю, у тым ліку і самаходную, дывізія страціла.
Усё-ткі тры дывізіі, сабраныя разам, мелі немалую сілу — у іх было больш за пятнаццаць тысяч салдат і афіцэраў. Праўда, становішча групы пагоршвала тое, што ў яе бракавала гаручага і боепрыпасаў. Два дні назад нямецкія транспартныя самалёты скінулі ў раён размяшчэння корпуса некалькі бочак з гаручым, але яго не хапіла і для паловы тых машын, што яшчэ былі ў часцях.
Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Камандаванне групы войск абяцала прыслаць дапамогу, але гэта пакуль былі толькі абяцанкі. З кожным днём надзеі на дапамогу нават з паветра слабелі.
Трэба сказаць, што гэтая група была толькі часткай войск, якія цяпер сабраліся пад Мінскам. Акружаныя тут войскі займалі вялікі абшар, які працягваўся ад Волмы аж да Бярэзіны, — яго цяпер называлі «мінскім катлом». У «катле» апынуліся не толькі 4 армія, але і рэшткі яшчэ двух нямецкіх армій; колькасць іх дасягала амаль ста тысяч чалавек.
Гітлер перадаў па радыё сюды спецыяльны загад. ён загадваў акружаным навесці строгі парадак, устанавіць дысцыпліну і, не лічачыся з ахвярамі, прабівацца з акружэння на паўднёвы захад. Гэты загад і спрабаваў ажыццявіць Баумволь.
Пад Мінскам кіпелі ярасныя баі. Гітлераўцы не шкадавалі ні салдат, ні снарадаў, прагнучы, што б ні было, вырвацца з смяротнага «круга». Але ўсе іх спробы правальваліся, — атакі за атакамі, якія пачыналі немцы, толькі губілі мноства іх салдат...
4 ліпеня Баумволь распрацаваў падрабязны план вываду войск з акружэння. Дывізіі павінны былі абыйсці Мінск з паўднёвага ўсходу, за дваццаць — дваццаць пяць кіламетраў ад горада, і рушыць далей на Баранавічы, дзе, як гаварылася ў апошніх зводках, ішлі цяпер баі.
Аднак вырвацца Баумволю з усімі войскамі не ўдалося. Тады на наступны дзень, 5 ліпеня, Баумволь змяніў свой план, вырашыўшы прабірацца толькі з невялікай групай.
Ён прышоў да камандзіра корпуса і паведаміў пра сваё рашэнне. Генерал сказаў пры гэтым:
— Дывізіі павінны па-ранейшаму абараняць свае пазіцыі...
— Яволь. Я зраблю ўсё, што магу, каб мае дывізіі выканалі гэты апош... гм, гэты... пачэсны абавязак,— супакоіў яго камандзір корпуса.
У 11 гадзін ночы Баумволь сабраў генералаў, старшых афіцэраў і даў загад абараняцца да таго часу, пакуль толькі будзе магчыма.
— Памятайце, наша бацькаўшчына і фюрэр у гэты цяжкі час глядзяць на вас, мае салдаты, з надзеяй і верай. Яны заўсёды і ўсюды будуць з вамі...
Баумволь з групай, у якой было каля ста дваццаці афіцэраў і салдат, пачаў выпраўляцца ў дарогу. Даведаўшыся пра намер генерала, да яго хацелі далучыцца многія афіцэры і салдаты, але Баумволь ім не дазволіў:
— Я не магу ўзяць з сабою больш. Хто застанецца ў дывізіях, калі я ўсіх вазьму...
Перад выступленнем генерал прадбачліва зрэзаў з плеч пагоны, а са штаноў генеральскія лампасы.
Спачатку Баумволь вёў групу на поўдзень з тым, каб, прайшоўшы кіламетраў дванаццаць, павярнуць на захад.
Яны ішлі ціха, выбіраючы глухія дарогі. Пакінуўшы войскі, генерал адчуваў сябе крыху лягчэй,— не трэба было думаць, што рабіць з тымі многімі тысячамі. А думаць пра іх станавілася ўсё цяжэй. Хопіць клапаціцца аб усіх, надакучыла! Час падумаць пра сябе аднаго...
Ідзеш і не ведаеш, што з табою днём будзе, чаго — днём, невядома, што за гэтым полем. Эх, лёс генеральскі! Які гэта дурань выдумаў, што генералы паміраюць у пасцелі? Пабыў бы ён на маім месцы!
Генерал ішоў пеша. З тугою думаў пра зручны ўтульны «опель», які прышлося пакінуць у дывізіі. Колькі гэта генеральскім нагам прыйдзецца патупаць, пакуль яны атрымаюць права адпачыць?.. Час-адчасу Баумволь з непакоем пазіраў на неба, — чорт ведае, для чаго там выпаўз такі яркі месяц! Светла, быццам удзень...