Выбрать главу

Толькі на золаку месяц схаваўся. У гэты час, правяраючы маршрут на карце, генерал заўважыў, што група збілася з намечанага шляху. Заблудзіліся!

Прышлося ісці далей наўгад. Баумволь спадзяваўся, што ўраніцу ўдасца сарыептавацца і тады можна будзе выправіць памылку.

Але, як толькі развіднелася, гадзіне а пятай, з бліжняга пасёлка — гэта быў пасёлак Полеўцы — групу заўважылі. Па ёй адкрылі страляніну. Хавацца ці непрыкметна адыходзіць было позна...

Раздзел IV

1...

У Мінску жылі неспакойна. Хоць перадавыя часці, што вызвалілі горад, вялі наступленне ўжо далёка на захадзе, некаторым мінчанам становішча горада здавалася небяспечным. Іх трывожыла, што баі на ўсходзе, там, дзе кіпеў вялізны «мінскі кацёл», ішлі зусім блізка. Гітлераўцы, здавалася, імкнуліся вярнуцца ў горад. Трывога ў горадзе жыла яшчэ і таму, што войскі, якія трэцяга і чацвёртага ліпеня запаўнялі вуліцы, цяпер пакінулі іх. Яны пайшлі на захад, у горадзе застаўся толькі адзін полк.

Праз суткі пасля вызвалення на Мінск, які спакойна спаў пад сховай цёплай ночы, былі кінуты фашысцкія бамбардзіроўшчыкі. Самалёты ашалела бамбілі жылыя кварталы, разбуралі тое, што, дзякуючы хуткаму ўступленню нашых войск у Мінск, яшчэ ўцалела. Асабліва вялікія разбурэнні былі ў раёне Маскоўскай вуліцы, Заходняга моста і Таварнай станцыі.

Людзі, якія жылі каля чыгункі, перабіраліся ў цішэйшыя раёны. Многія на ноч зусім выходзілі за горад, дзе можна было б адчуваць сябе спакайней. Мацеры неслі на руках ці вялі дзяцей, амаль заўсёды людзі валаклі з сабой і каляскі з дамашнім набыткам, бо хто мог ведаць, што, вярнуўшыся, убачыць сваю хату цэлай.

Але за горадам таксама было трывожна. Там час-ад-часу паяўляліся групы немцаў, якія падыходзілі да ўскраін і нават пранікалі ў горад. Цішыню ночы яшчэ нярэдка будзілі чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак.

У адну ноч аўтаматная страляніна ўзнялася ў гарадскім парку. Па бліжніх да парку вуліцах паляцела трывожная вестка: «Немцы ў парку!» Хтосьці пусціў чуткі, што гітлераўцы наступаюць і занялі частку горада.

У парк сапраўды пранікла вандроўная групка варожых аўтаматчыкаў. Яна была неўзабаве акружана і разбіта.

У горадзе доўга не ўціхалі пажары. Да вогнішчаў, якія ўзнікалі пад фашысцкімі бамбардзіроўшчыкамі, далучаліся пажары ад выбухаў будынкаў, замініраваных гітлераўцамі пры ўцёку мінамі замаруджанага дзеяння. Адзін з такіх выбухаў разбурыў левае крыло Дома Чырвонай Арміі.

Дзе-ні-дзе яшчэ гарэлі будынкі, падпаленыя да 3 ліпеня, — іх не маглі тушыць: у горадзе было мала вады.

Дымы ўздымаліся ўгару то чорнымі кіпучымі, шалёнымі клубамі, то празрыстымі згасаючымі струменямі. На вуліцах тхнула горкім і едкім пахам гары.

Разбураныя будынкі ў многіх месцах завалілі вуліцы. Цэлыя горы сцэментаваных глыб, пакручаных, пакарэжаных вялізных бэлек і ўсялякага друзу перагароджвалі шлях машынам, якія вымушаны былі шукаць абходных дарог.

Таму першыя дні многім мінчанам давялося брацца не за які-небудзь іншы занятак, а расчышчаць вуліцы. З гэтага ў іх пачыналася новае жыццё...

4 ліпеня на адной з вуліц сярод жанчын і мужчын, якія расчышчалі завал, можна было бачыць Клаву Сняжко. Яна яшчэ не паправілася пасля ўсяго перажытага, пасля ранення, вельмі хутка стамлялася; даволі далёкая дарога ў Мінск, якую яна прайшла пазаўчора, таксама далася ёй у знакі.

Ляжаць бы ёй, ляжаць ціха, ды патроху правіцца дома, — але хіба магла Клава ў такія дні сядзець спакойна ў хаце! Да таго ж у хаце яе пякло горкае гора: тут усё напамінала пра нябожчыцу-маці.

Амаль палову мінулай ночы Клава не заплюшчвала вачэй, бо на горад прарываліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі; выгнаўшы з хаты, яна бачыла, як у небе бегаюць зялёныя нажы пражэктараў і рвуцца снарады зенітак...

А вось цяпер, паспаўшы гадзіны дзве і памыўшыся халоднай вадой, вышла на вуліцу. Яе пабудзілі Сяргей і Вася Крайко, які, зрабіўшы жартаўліва-важны выгляд, назваў сябе ўпаўнаважаным па расчыстцы вуліц.

— Ого, якая рэдкая прафесія! — мімаволі пакпіла з яго Клава.

— Цудоўная прафесія! Можаце не кпіць, ну, праўда — такой другой больш ніколі не будзе... Пры гэтым, улічыце, — мне дадзены асобыя правы... Я не проста ўпаўнаважаны, а спецыяльна ўпаўнаважаны, ясна?— І пачуўшы, што ўсё ясна, Вася папрасіў яе сабраць на працу людзей, якія жывуць па суседству.

Яна неўзабаве прывяла на завал шаснаццаць чалавек.