Выбрать главу

Гром пярэдняга краю паступова аддаляўся, і агністыя ўсплёскі выбухаў станавіліся падобнымі на зарніцы. Танкі ўсё глыбей уваходзілі ў тыл ворага. Вакол іх на многія кіламетры зямля была мініравана, і яны строга трымаліся абазначаных сапёрамі кірункаў.

У Аляксея была трывожная насцярожанасць, якая ўвайшла ў яго душу пасля таго, што ён убачыў, праходзячы прарыў. На выпаленай зямлі, каля разварочаных траншэй, нерухома чарнелі прабітыя, узарваныя, згарэлыя танкі. Іх было многа. Аляксей чуў добра знаёмы горкі пах гары, які заўсёды выклікаў у яго непакой. Колькі іх, сяброў незнаёмых, такіх жа танкістаў, палегла там?!

Разам з тым у старшага лейтэнанта жыла радасць. Радасць не толькі таму, што ён вёў свае машыны па роднай зямлі, а і таму, што — ён лічыў — бадай самае цяжкае ўжо зроблена. Тое, што гітлераўцы старанна будавалі цэлага паўгода, разламана, скарэжана.

Было чаму радавацца старшаму лейтэнанту. Вось і надышла пара, якую ён так доўга чакаў!..

Аляксей усе гэтыя дні жыў тым добрым настроем — прылівам, калі хочацца працы, клопату, калі невядома адкуль бярэцца сіла, калі забываецца, што такое стома. Хацелася імчаць як мага хутчэй, імчаць без упынку.

Усё ж, як чалавек, што прабыў доўгі час на фронце і прывык прабіваць сабе шлях боем, Аляксей стараўся не захапляцца лішне. Ён ведаў: дарога будзе не лёгкая. Нават тое, што пачатак наступлення быў удалы, яшчэ не значыла, што ўсё будзе добра і далей. Ён даўно прызвычаіўся чакаць у баі ўсякую неспадзяванасць і таму не ўмеў сябе цешыць надзеямі-падманкамі. Хто можа сказаць, як далёка ўдасца адагнаць гэту навалач? Да таго ж, — калі і дойдзем да Мінска, — што там чакае яго? Ды і што станецца з ім, у гэтыя дні, ці жывы, здаровы будзе?..

Сярод ночы, глушачы лескатню тракаў, наперадзе раптам гухнуў недалёкі гарматны стрэл. Яшчэ адзін, два адразу... Там была цяпер батальённая разведка. Неўзабаве камбат перадаў, што ў бліжняй вёсцы — на іх шляху — разведка выявіла каля двух узводаў танкаў і самаходак праціўніка. Ён загадаў Аляксею, рота якога ішла ў галаўной паходнай заставе, расчысціць дарогу.

— Зараз жа выступаю, камбат!

Старшы лейтэнант наблізіўся да разведчыкаў. Адзін іх танк быў падбіты і гарэў.

Аляксей пакінуў свой трэці ўзвод, каб ён вёў перастрэлку з гітлераўцамі, а сам з іншымі машынамі, хаваючыся ў цемры, пачаў па полі абыходзіць вёску справа.

Ён хваляваўся. Прыкра, нервова дрыжалі рукі, у грудзях ныла неспакойнае напружанае чаканне. Вось, ліха на яго, — заўсёды так: варта толькі крыху адвыкнуць ад фронта, як зноў пачынаеш, нібы ў першы раз.

«Не заўважылі б хлопцы».

Яму ўдалося, не стрэліўшы ні аднаго разу, дабрацца да самых агародаў.

У сярэдзіне сяла палала некалькі хлявоў і хат. Полымя кідалася ўгару лютымі агніста-барвовымі грывамі. Ад іх на зямлі лажыліся чырванаватыя, неспакойныя водбліскі. З агародаў было добра відаць усё, што рабілася на вуліцы, на дварах, між абрысамі хат і хлявоў.

Адсюль Аляксей, які стаяў у адкрытай вежы, каб лепш назіраць за наваколлем, убачыў два нямецкія танкі. Яны стралялі па дарозе, хаваючыся за пабудовы. Дзе-ні-дзе ўвішна мітусіліся постаці; з недалёкага двара, выламаўшы плот, на вуліцу выбіраліся два грузавікі.

Аляксей заўважыў гэта амаль адначасова. Ён толькі намерыўся было скамандаваць першыя цэлі — абодва варожыя танкі,— як яго ўвагу захапіла іншае.

З-за хлява, што быў крыху лявей тых пабудоў, за якімі ён назіраў, вынырнуў яшчэ адзін нямецкі танк. Старшы лейтэнант убачыў яго цёмны сілуэт: танк быў павернуты ўжо ў бок нашых машын. Амаль у тую ж хвіліну з танка зыркнуў агонь стрэлу, і поблізу, са свістам рэжучы паветра, шугануў снарад.

Аляксей спрытна шмыгнуў уніз:

— Быстроў, злева, каля хлява...

Старшы лэйтэнант не паспеў скончыць, як яго «трыццацьчацвёрка», бліснуўшы полымем, стрэліла. Быстроў лавіў каманды старшага лейтэнанта так хутка, нібы чытаў яго думкі.

Адначасова з машынай Аляксея стрэліла другая «трыццацьчацвёрка»,— гэта была машына Колышава. Нямецкі танк, не разварачваючыся, стаў адступацца назад, але Быстроў і Колышаў дадалі яшчэ па снараду.

На варожай машыне адразу клубам выбухнуў агонь...

Калі Колышаў убачыў гэта, то спачатку і не паверыў сваім вачам. Няўжо праўда, што ён падбіў танк? Праўда, праўда: вунь жа палае! Ён не памыляецца — палае! Ад снарада, які пушчаны з яго машыны — яго, Колышава! Няхай усе бачаць, як Колышаў уціхамірыў яго. Так ён будзе гаварыць з імі!