Выбрать главу

Пуста, пуста... Усё, што было навокал, таксама здавалася на той час апусцелым.

З пачуццём незвычайнай адзіноты хадзіў ён па гораду, па цёмных, маўклівых вуліцах і завулках, якіх ён не пазнаваў. Былой стомы і слабасці цяпер як не было. Нешта вялікае, горкае і моцнае штурхала і штурхала яго нямаведама куды, невядома для чаго, не даючы прыпынку.

Праходзячы па вуліцы, ён у адным акне пачуў песню, якую выспеўвалі ні то патэфон, ні то радыё, і амаль адначасова да яго данёсся вясёлы смех. Гэты смех так уразіў яго, што Аляксей спыніўся.

Як яны могуць весяліцца! У гэты вечар, калі ўсё, здаецца, гатова крычаць аб горы, на вуліцах, дзе яшчэ быццам чуваць рэха крокаў забойцаў. Яшчэ не паспела астыць на каменні тут кроў, — а яны смяюцца!

Але Аляксей стрымаўся. Не сказаўшы нічога, пабрыў далей. «Адны радуюцца, адным пашанцавала, а Ніны — няма!..» — падумаў ён неспадзявана з крыўдай. Чаму ёй не пашанцавала дажыць? Чаму ім не выпала шчасце дачакацца сустрэчы?.. Услед за гэтай думкай узнікла другая, разважлівая: хіба толькі ў яго гэтакае гора? Хіба толькі з Нінаю адною такое здарылася? Аднак сэрца не хацела слухаць нічога. У ім было адно: Ніны няма...

«Яна прасіла, каб думалі пра яе без смутку». Хіба ж можна не смуткаваць? Любая, любая... «Прасіла, каб не плакалі па ёй...» Як жа не плакаць? Як жа трываць, калі сэрца не слухае, заходзіцца з болю! Сэрца плача!..

Эх, чаму ён цяпер не са сваімі таварышамі, чаму не ў дарозе, не перад атакай? Там было б лепш...

На Нямізе яго затрымаў вайсковы патруль. Старшы нарада, пасвяціўшы ліхтарыкам і назваўшы сябе, папрасіў дакументы.

— Што з вамі, таварыш капітан? — сказаў адзін з патрульных, — твар у вас — як зямля. Ад раны? Баліць?

— Ды не, нічога... Колькі часу? — запытаўся глуха капітан.

— Без дзесяці тры...

Ён здзівіўся: так многа! Трэба ісці дамоў, там, мусіць, чакаюць. Адышоўшы крыху ад патрульных, Аляксей зноў прыгадаў апошняе пытанне патрульнага: «ад раны?», — усміхнуўся горка і раптам падабраўся.

«Што ж я раскіс? Не, нельга так».

Ён павольна, стомленай хадою пайшоў у бок дому. Падумаў заклапочана: як і калі ён раскажа маці пра гора, каб яна лягчэй перажыла? «Трэба дапамагчы ёй, падтрымаць трэба старую...»

Разам з гэтым ён згадаў другое аблічча, самае любае і самае дарагое цяпер у яго жыцці. У грудзях Аляксея — упершыню за той вечар — зацяплела ціхая, вялікая пяшчота. Люда, маленькая яго дачушка... Яго і Ніны...

«Як жа я мог забыцца пра яе?»

Раздзел V

1...

Каля Мінска яшчэ ішлі баі з акружанымі варожымі групамі. Удзень і ўночы над палямі і лясамі чуліся выбухі снарадаў і аўтаматная страляніна.

Яны гучалі і каля Паплавоў, ад якіх вайна ўсё нібы не хацела адыходзіць.

Учора ў Паплавах быў бой. Немцаў выгналі з сяла, але яны трымаліся яшчэ недалёка.

У сяле было трывожна. Шабуніха, якая толькі пераначавала на родным месцы, вярнуўшыся з балотнай сваёй сховы, старалася глушыць неспакой, што наганялі блізкія, стрэлы. Ёй не хацелася верыць, што можа зноў перамяніцца ўсё на горшае. Колькі ж можна бадзяцца ды хавацца?..

Яна ад самага ранку корпалася на агародзе, палола грады. Сядзець без справы Аўдоцця не магла: усё сваё жыццё яна прывыкла быць у вечным клопаце. У гэтым клопаце яна цяпер шукала сваё супакаенне.

Поруч з ёю былі і яе дзеці. Волечка старалася памагчы маці, таксама палола грады, а Валодзька драмаў пад грушкаю. Шабуніха знарок трымала дзяцей пры сабе,— час неспакойны...

Недалёка ад Паплавоў, на адной з дарог, што ішла з «мінскага катла», у гэты дзень быў Юрый Туравец.

Тут зранку было на дзіва ціха. У неглыбокіх акопах, наспех выкапаных пры дарозе, дзяжурылі толькі назіральнікі, іншыя спакойна займаліся сабе рознымі справамі. Чарнавокі, звычайна рухавы Шарыфутдзінаў, седзячы ўскрай акопа, заклапочана вырэзваў вострым канцом нажа на кацялку крыху ніжэй таго месца, дзе ўжо значылася яго прозвішча, месяц і год нараджэння.

Юрый перабіраў рэчы ў мяшку, вытрасаючы адтуль розную труху.

— Слухай, ты тут пакуль пабудзь за мяне, — сказаў ён пазней Шарыфутдзінаву, завязваючы мяшок.— Я хачу адлучыцца...

— Да землякоў, канешне? — Вочы ефрэйтара хітравата смяяліся.

— Да іх... — Юрый устаў, пацягнуўся, санліва пазіраючы на маўклівыя, рэдкія кусты, дзе былі агнявыя пазіцыі артылерыйскай батарэі. Гарматы стаялі з апушчанымі стваламі, прыкрытыя павялымі галінкамі маскіроўкі. На адным з дрэваў сядзеў прытоены артылерыст-назіральнік.

«Як дзяцел», — падумаў Юрый і накіраваўся ў другі бок, дзе размясцілася рота «землякоў» — партызаны з той самай брыгады, у якой быў камісарам бацька. Юрыя сюды цягнула, як у родную сям'ю, — хоць тут зараз не было ні бацькі, ні нават Басі Крайко. Ён тут прападаў увесь вольны час.