Выбрать главу

Ляхора і яшчэ двое хлопцаў ляжалі на зялёным узмежку і гаманілі. Побач з імі некалькі партызан гулялі ў карты, стараючыся трымацца ў ценю ад маладзенькай бярозкі-адзіночкі.

Каля ігракоў, сочачы і нярэдка ёрзаючы ад нецярплівасці, калі стваралася вострая сітуацыя, сядзеў Андрэй Шабунёк.

— А, Юрка! — заўважыў першы Ляхора. — Давай, прызямляйся!..

Гаворка ў хлопцаў, відаць, ішла сур'ёзная,— хлопец з наіўным, па-дзявочы мяккім тварам турбаваўся:

— Вызвалім яе, а далей?..

Ляхора павярнуўся да хлопца.

— Што — далей?

— Зноў, глядзі, гэтыя вашы, як іх — буржуі ці што, вернуцца...

Юрый здагадаўся, што размова ідзе пра Чэхаславакію. Ён ужо аднойчы заўважыў, што Ляхору тут лічаць як бы адказным за ўсё, што датычыцца лёсу Чэхіі.

-— Па-першае, буржуеў можаш сабе забраць, — адказаў Ляхора з той грубаватай прастатой, якая перадалася ад хлопцаў. — Яны мае такія ж, як і твае... А па-другое, па-старому цяпер не будзе. Будзе інакш. Расчысцім паветра, ясна...

— Даўно пара!— заявіў Юрый.

Да сержанта падбег баец і перадаў, што яго выклікае Праворны.

— Я, напэўна, хутка вярнуся... — кінуў Юрый, устаючы і атрэсваючы са штаноў зямлю.

Але ён не вярнуўся. Калі сержант падышоў да Праворнага, той сказаў, што зараз званіў Паўлоўскі і паведаміў, што сюды набліжаецца калона гітлераўцаў.

— Так што скажы сваім, каб былі напагатове. Можа быць цёплая справа... — Малодшы лейтэнант чамусьці ніколі не гаварыў «гарачы бой» ці «гарачая справа».

Юрый, які адразу стаў хуткім, прыбегшы ў аддзяленне, крыкнуў сваім байцам падрыхтавацца да бою, праверыў, ці ўсе на месцах.

На батарэі артылерысты выгуквалі каманды; наводчыкі стаялі наўколенцах каля панарам, жорлы гармат цікавалі яшчэ нябачную цэль.

Юрый, звёўшы чорныя бровы, углядваўся ўдалеч, дзе дарога ўзыходзіла на пагорак. Адсюль да самага таго пагорка цягнулася поле, маўклівае, спякотнае, на якім ціха варушыліся жыты. Поблізу расла паласа даспелага ячменю. Недзе ў ячмені, быццам папярэджваючы пра надыход бою, трывожна затуркала перапёлка.

Колькі там іх? Юрый ведаў, што ў «катле» ёсць вялікія і вельмі моцныя групы; баючыся страшнага для іх акружэння, ірвучыся да сваіх, яны могуць біцца ашалела, з упартасцю смяротнікаў...

Раптам Юрый убачыў у полі непадалёк двух чалавек. Яны вышлі з-за ляска, дзе была вёска, і цяпер ні то гуляючы, ні то аглядваючы поле, брылі ў жыце. У адной постаці лёгка было пазнаць жанчыну, — яна ішла спакойна і, здаецца, слухала мужчыну, які, размахваючы рукамі, штосьці гаварыў і паказваў...

Хто гэта? Не падобна, каб гэта былі пераапранутыя немцы, бо людзі ішлі вельмі ж ужо бестрывожна ды і з боку Паплавоў, дзе былі нашы байцы. Але чаго гэтыя дзве постаці вышлі ў поле ў такі час?

Юрый загадаў Шарыфутдзінаву даставіць іх сюды.

— Чаго ходзіш тут, чалавек — галава, два вухі?!— накінуўся салдат на Жывіцу. Ён ці зрабіў выгляд, што не пазнае «старшыню», ці і сапраўды не пазнаў. — Страляць будзем тут!

Не даўшы Жывіцы слова сказаць, Шарыфутдзінаў загадаў ісці следам. Як толькі незнаёмыя, — цяпер было ясна, што гэта свае, мабыць, з Паплавоў, — былі прыведзены, сержант, не распытваючыся ні аб чым, паслаў іх з Шарыфутдзінавым да Праворнага.

Каля Праворнага, які праціраў вочка бінокля, быў якраз камандзір партызан Дрозд і яго сувязны, малы Шабунёк.

Тут адбылося незвычайнае. Не ўправіўся Шарыфутдзінаў нават пачаць дакладваць камандзіру пра затрыманых, калі сувязны, узрадавана крыкнуўшы: «мамка!», забыўшыся пра сваю дарослую паважнасць, кінуўся да жанчыны. Тая моўчкі, але пяшчотна прыгарнула малога да сябе.

Дрозд, здзіўлена маргаючы выцвілымі вейкамі, утаропіўся ў твар мужчыны:

— Ты — Жывіца? Адкуль ты зваліўся сюды?..

— Не зваліўся, сусед, а прыкаціўся... — узрадавана адказаў Жывіца.

— Хутка ж ты!.. І ўжо на поле? Ах ты, неспакойная твая душа. Ты ж мог у лапы да гітлераўцаў трапіць, ды яшчэ — чорт ты гэтакі!— Аўдоццю завесці.

— Я трапіў бы? Я іх, братачка, за пяць вёрст чую!..

— Бач, які самаўпэўнены, малодшы лейтэнант?

— Такі не трапіць!— заклапочана прамовіў Праворны, сочачы за полем. — Шарыфутдзінаў, можаш ісці назад...

— Ты ведаеш, жыта і ячмень выдаліся нядрэнныя,— адгукнуўся Жывіца.— Вельмі нядрэнныя, сказаць, выраслі. А бульба — гэтая падгуляла. Падгуляла, сусед... Зямля збяднела, карміць яе трэба...

— Трэба!..