Выбрать главу

Праворны азірнуўся на Дразда і прамовіў ціха:

— Паявіліся!..

2...

Юрый таксама ўбачыў гітлераўцаў — доўгая шэрая калона, узбіваючы хмару пылу, паволі выпаўзала на пагорак. Наперадзе, выставіўшы, нібы шчупальцы, ствалы гармат, асцярожліва сунуліся танк і дзве самаходкі.

Калі яны падышлі блізка, у кустах, зіхнуўшы языкамі-полымем, ударылі гарматы, — абедзве самаходкі некалькімі трапнымі стрэламі былі падбіты. Танк хутка збочыў і пачаў, манеўруючы, часта страляць з гарматы.

Тады калона на полі стала распаўзацца ўшыр, загаварылі нявідныя адсюль нямецкія гарматы і мінамёты. Яны найбольш абстрэльвалі батарэю, каля якой цяпер увесь час не сціхаў грукат.

Калона ішла проста па полі, мнучы і топчучы збажыну. З-за пагорка выпаўзлі яшчэ некалькі танкаў, за якімі варушыліся густыя рады і купкі пехацінцаў, ледзьве бачных у жыце. «Адкуль іх столькі сабралася!» — падумаў здзіўлена і ўстрывожана Юрый. Шарыфутдзінаў штосьці сказаў, але Юрый не разабраў тых слоў, і казах паўтарыў у другі раз:

— Як саранча, кажу... Яны — як саранча!.. Паўзуць. Многа.

Там, каля ўзгорка, было, напэўна, разы ў два больш, як нашых.

— Нічога, мы ўжо бачылі такіх, — Юрый сказаў з ноткай пагарды і знарок спакойна.

— Бачылі! С-саранча...

Юрыю ўжо не раз даводзілася біць гітлераўцаў і бачыць, як яны — няхай часам пасля вялікага бою — уздымаюць паслухмяна рукі. Спрактыкаваным вокам франтавіка Юрый заўважыў, што ў тых, хто хацеў прарвацца, цяпер было менш, як калі-небудзь раней, парадку і зладжанасці...

Аднак ён адчуў, што справіцца з такою сілай будзе нялёгка. Вельмі ж багата іх тут. Ды і, акрамя таго, лезуць яны вельмі настырна, быццам ашалелыя. Напралом пруць...

Юрый махнуў кулямётчыку:

— Давай!..

Ён мільгам зірнуў у бок бранябойшчыка. Цэлы, страляе. Стаў пазіраць туды, куды б'е кулямётчык: гітлераўцы беглі насустрач. Падалі — адны назаўсёды, другія, каб перадыхнуць: праз хвіліну яны зноў уздымаліся і беглі... Падалі і беглі.

На полі дымела ўжо некалькі машын, было там нямала параненых і забітых, але постаці ў зялёных мундзірах па-ранейшаму ірваліся наперад... Тры танкі, да паловы схаваныя жытам, віляючы, б'ючы з кулямётаў, беглі хутка на акопы ўзвода Праворнага.

— Гранаты!.. Адбіваць танкі!.. — крыкнуў Юрый, голас якога патануў у грукаце. Ён выцягнуў з гранаты вусікі чакі, сціснуў колькі сілы пальцамі ручку.

Але адзін з танкаў ужо замёр, прашыты навылёт у вежу артылерыйскімі снарадамі, а хутка нехта — ці артылерысты, ці, можа, хто-небудзь з бранябойшчыкаў — спаліў і другі. Куля ці снарад папалі, напэўна, у бак з гаручым, бо над танкам адразу высока выбухнуў клуб дыму... Трэці танк, які крыху адстаў, хаваючыся за дымам, адстрэльваючыся, не разварочваючыся, пачаў адступаць назад...

Потым з боку немцаў пачаўся шалёны абстрэл з гармат. Адзін снарад упаў на край суседняга з Юрыем акопа, пасекшы ўшчэнт байца-астраханца, які сядзеў там. «Вось бязглузда — калі загіну цяпер», — падумаў мімаволі сержант. Яму на нейкую хвіліну ўспомніўся Вася Крайко, размова з ім пра бацьку і тая надзея хутка ўбачыцца з бацькам, з якой Юрый жыў гэтыя два дні... Не, не, яны абавязкова пабачацца!..

Праз некаторы час сюды падышло некалькі «кацюш». Калі снарады «кацюш» пачалі з грукатам ірвацца ў радах гітлераўцаў, націск іх прыкметна паслабеў. Дзе-ні-дзе салдаты сталі разбягацца. Пасля трох — чатырох залпаў «кацюш» над жытам пачалі з'яўляцца першыя шматкі белых тканін.

— Спыніць агонь! Спыніць! — пачуў Юрый голас Праворнага, заўважыўшы, што «кацюшы» і гарматы ўжо сціхлі. Азірнуўшыся на ўзводнага, Юрый убачыў, што малодшы лейтэнант, устаўшы ў поўны рост, зграбны, стомлены, выцірае пілоткай спатнелы твар. Каля Праворнага быў сувязны ад камандзіра роты, які штосьці гаварыў.

— Другое і трэцяе аддзяленні — да мяне!.. Пойдзем браць фашыста ў палон!..

Юрый загадаў сваім байцам, каб перасталі страляць. Яго аддзяленне павінна было застацца пакуль тут. «На ўсякі выпадак», — як сказаў малодшы лейтэнант.

Гукнуўшы на дапамогу Шарыфутдзінава, Юрый разам з ім выцягнуў з акопа забітага байца. Трэба было пахаваць яго.

— Чаму яны стралялі? — ні то пытаўся, ні то разважаў сам з сабою Шарыфутдзінаў, робячы даўжэйшым акоп, у якім быў забіты баец. — Ім трэба было здавацца, а яны — стралялі! Навошта яны стралялі,— бескарысна стралялі?..

Так, біліся яны бескарысна. Азірнуўшыся на поле, Юрый бачыў, як гурты немцаў, узняўшы рукі, паспешліва выбіраюцца на дарогу, як пехацінцы і яго «землякі» прачосваюць жыта, абяззбройваючы тых, хто хацеў схавацца. На дарозе расла гара трафейнай зброі, якая цяпер не магла ўжо нікому пагражаць, а побач з ёй пакорліва ціснуўся натоўп палонных.