Выбрать главу

Пятля вакол акружаных з кожным днём сціскалася тужэй і тужэй. Бамбёжкі і абстрэлы ўсё мацнелі. Яны выбівалі з галоў немцаў надзеі на дапамогу з захаду, на які-небудзь ратунак. Усё больш салдаты то па адным, а то і вялікімі гуртамі самі ішлі ў палон.

Дысцыпліна ў часцях упала зусім. Канчаліся боепрыпасы, амаль не было харчоў...

8 ліпеня камандзір 12 нямецкага армейскага корпуса генерал-лейтэнант Мюлер, які выконваў абавязкі камандуючага 4 арміяй, падпісаў загад аб капітуляцыі:

8. 7. 1944 г.

Салдатам 4 арміі, якая знаходзіцца на ўсход ад ракі Пціч!

Пасля тыднёвых цяжкіх баёў і маршаў наша становішча стала безвыходным. Мы свой абавязак выканалі. Наша баяздольнасць упала да мінімуму, і няма ніякай надзеі на забеспячэнне. Рускія, згодна паведамлення Вярхоўнага камандавання, стаяць каля горада Баранавічы. Апошнія шляхі цераз бліжэйшы водны рубеж нам перарэзаны. Няма ніякай надзеі выбрацца адсюль нашымі сіламі і сродкамі. Нашы злучэнні бес парадкава рассеяны. Каласальная колькасць раненых кінута без усякай дапамогі.

Рускае камандаванне абяцала:

а) медыцынскую дапамогу раненым,

б) захаванне афіцэрам халоднай зброі, а салдатам — ордэнаў.

Нам п р а п а н а в а н а:

усю зброю і снаражэнне сабраць і здаць у непашкоджаным выглядзе,

пакончыць бяссэнсавае супраціўленне.

Я загадваю:

Неадкладна спыніць барацьбу. Мясцовым групам ад 100 да 500 чалавек збірацца пад кіраўніцтвам афіцэраў або старшых унтэр-афіцэраў. Раненых сабраць і ўзяць з сабою. Мы павінны паказаць дысцыпліну і вытрымку і як можна хутчэй пачаць праводзіць гэтыя мерапрыемствы.

Гэты загад пісьмова, вусна і ўсімі сродкамі перадаваць далей.

Мюлер, генерал-лейтэнант, камандзір 12 армейскага корпуса.

2...

Клямт не захацеў ісці ў палон. Трое эсэсаўцаў, з якімі ён пазнаёміўся два дні назад, вырашылі як бы там ні было прабівацца на захад, і Клямт далучыўся да іх.

Яшчэ да таго, як пачалася ўсеагульная капітуляцыя акружаных немцаў, усе ўчатырох пастараліся адасобіцца ад іншых. Яны моўчкі падаліся ў глыб лесу, які ўвесь кішэў салдатамі розных часцей.

У акружаных толькі і было цяпер размовы, што пра палон, пра загад Мюлера. Дзе-ні-дзе ўжо групкі салдат выпраўляліся на ўскраіну лесу. Многія з немцаў з падазронасцю пазіралі на эсэсаўцаў і Клямта, якія ішлі ў іншы бок.

Эсэсаўцы спыніліся далёка ад ускраіны ў цёмным ельніку. Зямля тут была амаль без травы, усюды валялася тоўстым пластам ігліца, а там, дзе зямля агалілася, яна нагадвала прысак. Непадалёк ад іх пірамідай уздымаўся вялікі руды муравейнік, па версе каторага поўзалі ў розных кірунках занятыя сваімі справамі мурашкі. Клямт, убачыўшы гэта, прыгадаў труп эсэсаўца, які ён гідліва абмінуў нядаўна ў лесе,— па тым трупе поўзалі мурашкі, раз'ядалі твар, рукі.

Тут было параўнаўча спакойна. Галасы з рупараў, устаноўленых рускімі, даносілі сюды загад аб капітуляцыі, але яго ледзь-ледзь можна было разабраць. Гэтыя гукі амаль не парушалі цішыні. Праўда, і тут поблізу часам хадзілі; перагаворваючыся, прашаргалі нагамі ў бок ускраіны паўдзесятка салдат.

— Ніхто не забароніць мне думаць, як я хачу... — гаварыў адзін з іх, цягнучы на сабе кулямёт без дыска, які ён абыякава трымаў за дула. — А мне даўно надакучыла гэтая бязглуздая бойня!

— Хопіць ужо! — плюнуўшы, падхапіў другі, які штосьці жаваў. — Няхай сам Адольф паваюе... калі яму так падабаецца.

У гушчары ўсе чацвёра маўчалі. Толькі рослы, бледнаваты, інтэлігентнага выгляду гауптштурмфюрэр пагрозна, брыдка вылаяўся. Яны змовіліся перачакаць тут да вечара, а ўвечар паспрабаваць выбрацца з лесу і рушыць на захад.

З кожнай гадзінай цішыня станавілася ўсё больш трывалай, і чатыры ўцекачы пакрысе спакайнелі. Ужо недалёка быў вечар, — вечар і ратунак.

І раптам непадалёк пачуліся галасы. Калі галасы памацнелі, Клямт разабраў, што гавораць па-руску.

— Прачэсваюць лес! — вырвалася ў яго.

У прагаліну Клямт убачыў наводдаль чалавека, апранутага у цеснаваты пінжачок, у армейскія штаны і боты; на пілотцы незнаёмага ярка гарэла чырвоная істужка. Ён нешта камандаваў камусьці нявіднаму. Значыцца, гэта партызаны. Больш за ўсё не хацеў Клямт сустракацца з партызанамі!

3...

Учатырох сталі адбягаць ад партызан. Яны паспрабавалі звярнуць управа, каб абмінуць партызанскі ланцуг, але там ледзь не наскочылі на другую такую ж групу. Добра яшчэ, што тыя не заўважылі іх.