Выбрать главу

Над імі, быццам смеючыся з іх, сінела высокае яснае неба, у якім дзе-ні-дзе млелі спакойныя пухмяныя воблачкі, а абапал дарог лёгка пагойдвала каласамі даспяваючае жыта. З-за сцяблін цікаўна выглядвалі чыстыя вочкі васількоў.

Няшчадна паліла сонца. Палонныя, якія ішлі без шапак, прыкрывалі галовы далонямі ці хусцінкамі, сціралі з брудных твараў пот...

Байцы і партызаны ўпершыню начавалі бесклапотна, як пасля поўнасцю скончанай справы.

Прачнуўшыся ўранку на ўзлессі, за якім зусім блізка цягнуліся ў рад хаты, Юрый здзівіўся таму вялікаму спакою, што панаваў у прыродзе. Ён мімаволі чакаў, што вось-вось дзе-небудзь пачуецца выбух ці стрэл, але навокал было ціха. Толькі стукалі дразды ды гугнелі камары.

Непадалёк, ля партызана-пастушка, на доўгіх няўклюдных нагах стаяла круталобае цяля з пукатымі спакойнымі вачыма, шырокімі рудымі вушамі, выцягнуўшы наперад да спаленага танка мызу, нюхаючы, быццам бачыла перад сабою штосьці незнаёмае. Выгляд у яго быў даверлівы і прастадушна-цікаўны. Хутка яно абыякава адвярнулася і, памахваючы ляніва хвастом, павольна падалося ў лясок.

«Нават цяля не баіцца ўжо танкаў! — засмяяўся сам сабе Юрый... Прыкмета цішыні...»

Неўзабаве прышоў загад — выступаць у вёску, кіламетраў за пяць к захаду. Там збіралася, як даведаўся Юрый, уся часць, напэўна для таго, каб выпраўляцца адсюль. І гэта таксама было прыкметай цішыні — тут нам больш рабіць няма чаго. Салдаты сталі развітвацца з партызанамі, якія начавалі тут жа, на ўзлессі. Пяць дзён сумесных баёў усіх вельмі здружылі. Юрый па-сяброўску абняў малога Шабунька.

— Ну, бывай, Андрэй!.. Вяртайся цяпер дахаты, ды каб памагаў мамцы. Ёй цяпер адной цяжка...

Мінуўшы ўзлессе, узвод Праворнага дарожкаю пайшоў праз тое поле, дзе ўчора вялі баі. Бой — гэта таксама мінулае, цяпер толькі цішыня.

Жыта, на сцяблах якога дзе-ні-дзе яшчэ зіхацелі кроплі расы, было ў многіх мясцінах нашчэнт здрасавана. Колькі яго вытаптана, гэтага выспяваючага жыта! Што ж, гэта апошні бой. Тут больш не будуць таптаць.

Цішыня далася не лёгка. На дарогах, у жыце, усюды валяецца варожае снаражэнне. Зямля то там, то тут парыта снарадамі, сцяблы жыта, палеглыя ад выбуховых хваль наўкруг варонак, абпалены і прыціснуты камякамі падзолу ці суглінку... Як прывіды, цямнеюць між калосся разбітыя грузавікі, кухня з прастрэленым навылёт кулямётнай чаргой катлом, з ніжніх прабоін якой цягнуцца закарэлыя раўчакі нейкай стравы.

Калі яны зноў падышлі да ўзлесся, што клінам выдавалася ў поле, Юрый раптам убачыў таго лейтэнанта, каторы параніў партызана. Па твары мертвяка паўзла вялікая зялёная муха... Мяртвяк тут не адзін. Усюды на полі каля варонак — трупы ў брудных, зямлістых мундзірах, з зямлістымі пажоўклымі тварамі.

— І яны цяпер спакойны! — заўважыў хтосьці.

— Прыціхлі! А прыходзілі парушыць цішыню! — адгукнуўся Праворны.

Насустрач калоне з жыта вышаў немец-салдат, без зброі, без пілоткі, з расхрыстаным вываленым у зямлі мундзірам, аброслы, як лясун. У яго насцярожаным позірку, які з-пад рудых брывей баязліва сачыў за байцамі, было штосьці дзікае.

— Плен!.. — ён узняў дрыгатлівыя рукі.

— Няма тут калі з табою важдацца. — Праворны на адну хвіліну прыпыніўся: — Вір ніхт габе цайт. Фарштэй?

— Яволь, — прамармытаў немец.

— Дуй туды! — малодшы лейтэнант паказаў у бок збору палонных.— Адзін! Айн, айн!

Канваіра хочаш? Навошта? Нікуды ты ў другое месца не пойдзеш. Няма куды...

Раздзел VIII

1...

«Нелюдзі... звяры... людаеды...» — словы гэтыя многа разоў узнікалі ў галаве Аляксея. Тое, што ён цяпер бачыў, праходзячы па Трасцянцы-лагеры, было яшчэ страшнейшым за ўсё, спазнанае апошнімі днямі... Ямы, поўныя трупаў, вакол якіх рыдаюць, б'юцца ў горы, праклінаюць людзі. Іх многа, гэтых ям-магіл, што раскапала следчая камісія. Кажуць — каля сарака... А вось рэшткі спехам раскіданых печаў, дзе яшчэ некалькі дзён назад гітлераўцы рабілі сваю звярыную справу. Учарнелы, прыбіты дажджом попел, які панурымі пісягамі спаласаваў вытаўчаную ботамі зямлю. Абвугленыя недагарэлыя апошнія галузы...

Запомнілася, урэзалася на ўсё жыццё ў памяць: каля слупоў з абрыўкамі калючага дроту — россыпам і горкамі — банкі ад кансерваў, — яны былі за пасуду нявольнікам. Банак гэтых, і бліскучых, і раз'едзеных іржою, страшэннае мноства — цэлыя тысячы. У кожнай з іх быў не адзін гаспадар...

Па лагеры ходзяць групкамі людзі, сумныя, заплаканыя, гнеўныя. У кожнага з іх тут сваё гора, свой боль.

— У вас, таварыш камандзір... таксама каго-небудзь няма? — запытала раптам Аляксея ціхая, маленькая, уся нібы высахлая жанчына, калі ён ішоў ужо з лагера. Трымаючы ў руцэ раскрытую сумачку, яна выцірала скамечанай мокрай хусцінкай нерухомыя, нібы сляпыя, вочы.