Выбрать главу

Усё ж хутка наступіла цішыня і тут.

На золаку другога дня Сяргей біўся з нямецкаю групкаю, якая прабралася ў горад і была акружана на месцы яўрэйскіх могілак. Немцы, большасць з якіх тут былі эсэсаўцы, ніяк не хацелі здавацца. Хаваючыся за намагільныя пліты, яны адстрэльваліся з аўтаматаў і пісталетаў.

Мінчане-знішчальнікі перабілі іх больш за палову,— толькі тады між пліт паявіліся белыя шматкі.

Цяпер, калі ў Мінску і пад Мінскам уціхла, Сяргей папрасіўся ў армію.

Клава правяла брата да месца збору. Збіраліся на прызыўным пункце, які ў тыя дні быў у парку Чэлюскінцаў. Між строгіх, парадзелых за вайну сосен зелянелі брызентавыя палаткі, — каля іх усюды стаялі гурткамі хлопцы, мужчыны, дзяўчаты, маткі, жонкі. Найбольш было тут хлопцаў, што выраслі за вайну.

У сасонніку плылі, плёскаліся песні, пераліваліся галасы вясёлага гармоніка.

— Дык ты ж глядзі, каб пісаў часта, — наказвала Клава. — Не лянуйся... Бо я цябе ведаю — пісьмо сабрацца напісаць табе цэлае гора...

— Буду пісаць... Толькі ты не сумуй тут адна...

— А чаго я буду сумаваць? Вось яшчэ — прыдзе час, вернешся. Нікуды не дзенешся!..

Хоць Клава гаварыла весела, Сяргей ведаў, што ў душы яе сумнавата: як-ні-як — ростань. Ды і родных у яе больш няма, адзін ён толькі...

— А куды ж дзенуся? Вярнуся — зноў за руль!.. А ты, Клаўка, каб тым часам школу закончыла. І ў інстытут паступіла, дамовіліся?

— З восені — абавязкова ў школу. Працаваць і вучыцца... Ух, як хочацца цяпер вучыцца!

Яна памаўчала крыху.

— Я табе мыла кавалачак паклала, яно ў мыльніцы... І ручнік ляжыць той, што з махрамі... Я іх зверху палажыла, каб лягчэй было дастаць...

— Знайду ўсё...

— Эх, глядзець за табой каму-небудзь трэба. Як ты там будзеш без мяне?

— Як-небудзь, Клаўка...— ён засмяяўся.

— Добра, каб ты пайшоў у арміі па сваёй спецыяльнасці, праўда?

— Я хацеў бы танкістам.

— Танкістам? З цябе і танкіст будзе добры.

— Пабачым...

Яна нечакана стала часта моргаць вачыма, якія дзіўна затуманіліся. — Дык я пайду,— сказала яна паспешліва, як бы схамянуўшыся. — Я і так ужо запазнілася... — Клава, прыкусіўшы губу, абняла ў апошні раз брата і, хутчэй адвярнуўшыся, амаль подбегам пайшла па алеі — на вуліцу, у горад.

Яна ўжо другі дзень працавала на станказаводзе.

2...

Сёння Клаву з другімі дзяўчатамі паставілі расчышчаць завал. Ён быў высокі, з магутнымі глыбамі-абломкамі, і дзяўчына падумала, што працаваць тут прыадзецца доўга. Дні на тры хопіць, не менш.

Але пра думку сваю не сказала. Нашто? Хіба яна прышла сюды ўздыхаць? Чым весялей людзі возьмуцца за справу, тым хутчэй зробяць.

— Гэй, давайце сюды насілкі! Цэглу няма куды лажыць! Хутчэй, хутчэй... А то хутка тут горы накідаю!.. Перарвецеся, а не ўправіцеся насіць...

— Глядзі ты, якая пагрозлівая, Клаўка?!

— Не палохай, Клаўка. Не баімся! Нікога цяпер не баімся...

Каля яе прыладзілася яшчэ некалькі жанчын, якія разбіралі і лажылі каменне на насілкі. След іх працы на завале быў амаль непрыкметны, але Клава і іншыя завіхаліся з ахвотаю.

Па вуліцы, крыху наводдаль, правялі групу ціхіх, паслухмяных палонных...

— На работу, мусіць? Вучыць працаваць...

— Навучыш ты іх! Яны толькі і ведаюць, што ламаць ды забіваць...

— Розныя і сярод іх ёсць... — Клава расказала пра ўчынак Паўля з Рура...

Спрэчка пра немцаў уціхла толькі тады, калі поблізу паявіліся каля двух дзесяткаў узброеных хлопцаў, відаць, партызан. Хлопцы прынеслі некалькі ламоў і насілкі. Паміж жанчынамі і хлопцамі адразу завязаліся вясёлыя жарты.

Хлопцы, жартуючы, называлі Клаву начальніцай. Яна спачатку адмахвалася і смяялася: «Якая я начальніца?»— але раптам Клава змяніла ролю, зрабіла строгі начальніцкі выгляд і загадала ім працаваць як след.

— Куды, куды? — крыкнула яна двум рослым партызанам. — З гэтым каменьчыкам і дзяўчына справіцца. Трэба разбіць вунь тую вялікую глыбу.

— Тую?

— А якую ж? Не бойцеся, не надарвецеся! Глядзіце, як разленаваліся!..

Хтосьці з хлопцаў паскардзіўся на нераўнапраўе, але голас яго патануў у дружных вясёлых воклічах жанчын:

— Правільна, Клаўка! Так і трэба!..

3...

Васю ў Мінску, як ён лічыў, не пашанцавала.

Ён ужо прышоў у гарадскі камітэт камсамола атрымаць прызначэнне на працу ў адзін мінскі райком, калі неспадзявана ўсё перайначылася.