Выбрать главу

І тут Марыі Андрэеўне згадалася яе Светка, дачка, якая жыве на Віцебшчыне з бабуляю. Трэба хутчэй забраць яе сюды — Светка і так насумавалася па маці, а маці па ёй. Вось адразу пасля парада і трэба ехаць...

Яна захапілася працаю так, што не заўважала, як ідзе час. Не заўважыла, як і ўвайшоў Нічыпар. Ён раптам абняў яе і закрыў рукою вочы, быццам загадваючы загадку, хто гэта?

— Пусці. Выпэцкаешся!.. Рукі брудныя ў мяне,— папрасілася Марыя. — І валасы раскалмаціліся. Так ты мяне і разлюбіш, чаго добрага!

— Баюся, што наадварот! — Ён пацалаваў жонку ў скронь і адпусціў рукі.

Азірнуўся здзіўлена. Гэтае здзіўленне было ёй як узнагарода.

— Ну, ты, аказваецца, проста чараўніца!.. Я і не думаў, што строгая «доктарша» можа быць такой гаспадыняй. Каб я тут, «доктар», сваімі вачыма не бачыў цябе, я мог бы падумаць, што памыліўся адрасам...

Ён узяў яе рукі ў свае далоні і пяшчотна сціснуў.

— У такіх выпадках, Маша, здаецца, спраўляюць наваселле. А чым мы горш за людзей?

Ён выняў са скрутка, які прынёс з сабою, бутэльку гарэлкі, палажыў на стол закуску.

Калі яны селі за стол, Туравец паглядзеў на партрэт сына — вось яшчэ каму належала б быць тут!

— Вып'ем, Нічыпар, за Юрку! — сказала Марыя Андрэеўна, быццам адгадваючы яго думкі. — Каб ён дайшоў цяжкую, слаўную дарогу да канца і вярнуўся здаровы...

Туравец мімаволі спахмурнеў: «Эх, так і не давялося пабачыцца з Юркам! Як гэта крыўдна атрымалася...»

Марыю Андрэеўну напаўняла ціхая, спакойная радасць. Яна ўспомніла Анатоля, але гэты, звычайна прыкры ўспамін, не прынёс цяпер гаркаты. Тое скончана назаўсёды, і добра, што скончана. Але чаго яна, наперакор свайму пачуццю, трымалася за тое? Чаго яна стрымлівалася ісці насустрач сапраўднаму шчасцю, чаго сумнявалася? Дзівачка!

Туравец сказаў, смеючыся:

— Я, здаецца, сёння пазнаю прывабнасць адзіноты.

— Якая ж гэта, Нічыпар, адзінота? Мы — удваіх.

— Мы ж адно, адзінае!..

Раздзел Х

1...

16 ліпеня ў Мінску намячалася правесці парад партызан. Да гэтага свята ў сталіцу з розных раёнаў Беларусі яшчэ за тыдзень пачалі сыходзіцца шматлікія партызанскія брыгады, атрады, групы. Яны займалі не толькі ўсе вуліцы, але і пасёлкі на ўскраіне горада — Козырава, Грушаўскі і іншыя, навакольныя вёскі, табарамі размяшчаліся ў пералесках, а то і проста ў полі.

Хаты не маглі іх умясціць, і таму ўсюды вырасталі буданы з зялёнага галля і брызенту. Многія з прыезджых уладжваліся проста пад павозкамі на траве...

Там і тут завіхаліся кухары каля вялікіх партызанскіх катлоў, размешвалі крупнік, падкладвалі дровы ў агонь...

Ніколі яшчэ за ўсю вайну не было ў Мінску такога ажыўлення. Па вуліцах усюды гарцавалі — красаваліся на конях хвацкія камбрыгі і начштабы са сваімі «світамі», разведчыкі, сувязныя.

Хадзілі ў паасобку і абняўшыся дзяўчаты і жанчыны з вінтоўкамі і аўтаматамі, загарэлыя, чубатыя хлопцы ў кепках, пілотках, чырванаверхіх казацкіх кубанках, насунутых па-маладзецку на вуха. Чуўся смех, жарты, а часам і заліхвацкія пераборы гармоніка... Вось ён, сапраўдны выгляд таго Мінска, які гітлераўцы так намагаліся задушыць. Ён жыве, ён кіпіць сілаю і радасцю перамогі.

Вось яны, сціплыя дзеці вернай, няскоранай Беларусі, слава аб якіх у вайну пайшла па ўсяму свету.

Падрыўнікі, разведчыкі, дыверсанты... Ходзяць захмялелыя ад шчасця, ад цішыні, ад спакою, ад таго, што запаветную мару спраўдзілі.

Ермакоў у першы дзень прыезду спаткаўся з былым камісарам. Увайшоў у кабінет Тураўца, далажыў весела, што баявыя аперацыі брыгада скончыла.

— Чуў тое-сёе, Коля, — Туравец ад душы абняў друга.

Ермакоў расказаў, што адбылося ў брыгадзе гэтымі днямі. Яму здавалася, што яны даўно-даўно не бачыліся з камісарам...

— Малайцы. А вось нам дык і пахваліцца быццам бы няма чым, — прызнаўся Туравец. — Шчыраваць шчыруем, — а вынікі, дарагі мой, мала прыкметныя. Толькі пачынаем развінацца, Коля.

— Ну, працы тут, Нічыпар Паўлавіч, — рабі, не пераробіш. На многія гады хопіць. Усім на поўную выкладку сілы. Усім. Скажы, як жа тут паводзяць сябе нашы?

І калі Туравец стаў гаварыць, Ермакоў насцеражыўся: ці не падводзяць брыгаду, не ганьбяць? Не, Туравец задаволен імі, хваліць...

— Ну, хопіць размоў!— Туравец адразу стаў збірацца: ён запрасіў Ермакова да сябе, «на чарку» з поваду сустрэчы...

... І вось надышло 16 ліпеня. Незвычайны, непаўторны дзень.

З самага рання з усіх куткоў Мінска — з Камароўкі, са Старажоўкі, ад Чэрвеньскага тракта, з вуліц, раскінутых за чыгуначнымі лініямі, з навакольных пасёлкаў і вёсак ішлі да іпадрома калоны партызан і натоўпы гарадскіх жыхароў.