— Таварышы мінчане! Партызаны і партызанкі! — Голас сакратара памацнеў, стаў урачыстым: — Вы паказалі сябе доблеснымі патрыётамі ў гэтыя страшныя тры гады, вы не скарыліся ворагу. Цяпер перад вамі стаіць задача — не пакладаючы рук працаваць над аднаўленнем роднага Мінска, роднай Беларусі... Нам аказваюць вялікую дапамогу партыя і ўрад, нам дапамагае ўся краіна. Ужо ідуць першыя эшалоны з падарункамі з Горкага, Пермі і іншых гарадоў. Мы залечым раны нашай цудоўнай сталіцы!
— Залечым!.. — паклялося людское мора.
3...
Калі скончыўся мітынг, пачалася падрыхтоўка да парада партызан.
Аляксей бачыў, як брыгады і атрады выраўноўвалі рады. У калонах там і тут чуліся воклічы каманд, прабягалі, заклапочана аглядваючы свае падраздзяленні, камандзіры... Паступова стала ўсталёўвацца цішыня.
— Парад, смірна!— прагучала ўладна над плошчаю,— раўненне направа!.. Па атра-а-дах, шагам марш!..
Першай перад трыбунай праходзіць брыгада імя Варанянскага, якая нарадзілася ў пачатку вайны тут жа, у Мінску. Яе камандзіру, Васілю Трафімавічу Варанянскаму, — расказваў Аляксею Туравец, сочачы за строгімі радамі партызан, — не давялося дажыць да гэтага дня, ён трагічна загінуў, пералятаючы лінію фронта.
Услед за ёй — ідуць «шчорсаўцы», «чапаеўцы», «чкалаўцы», «кіраўцы»... Гарцуюць на ўквечаных конях партызанскія кавалерысты, нячутна коцяцца, выціскаючы след у траве, трафейныя працітанкавыя «трыццацісямёркі»... Вось, рушачы паўз трыбуну, старанна раўняюць рады адважныя салдаты «Штурмавой брыгады», што пусціла пад адкос дзвесце варожых эшалонаў... Адна за адной перад мінчанамі праходзяць першая, другая, трэцяя мінскія брыгады, у якіх ваявала многа жыхароў сталіцы.
— Мае, мае ідуць!— усхвалявана шэпча Аляксею Туравец, ківаючы на калону брыгады, на чале якой ступае страявым крокам урачысты Ермакоў... Туравец з захапленнем паказвае капітану Габдуліна, Васю Крайко, Дразда...
На нейкі час строгую атмасферу парада раптам змяніла вяселле, смешкі. Перад атрадам на плошчу вышаў казёл, перакрыжаваны рамянямі, абвешаны нямецкімі «жалезнымі крыжамі» і медалямі. Казёл, як бы разумеючы сумную сваю ролю — бітага гітлераўскага ваякі, — нявесела трасе барадою, пакорліва дыбаючы следам за пярэднім атрадам...
Зноў ідуць рады партызан, коцяцца гарматы. Праходзяць славутыя брыгады «Буравеснік», імя Панамарэнка брыгада імя Варашылава, якая да прыходу Чырвонай Арміі адваявала ў немцаў Капыль, брыгада «Беларусь», што выбіла гітлераўцаў з Рудзенска...
— Падумаць толькі, Нічыпар Паўлавіч, — такіх людзей — сотні тысяч! Народныя арміі!..
— За кожным з іх, Аляксей, былі яшчэ дзесяткі «мірных» людзей, якія дапамагалі ім, — рэзерв...
Войскам гэтым, здаецца, не будзе капца. Людзі розных узростаў, з рознай зброяй, апранутыя ў самую разнастайную вопратку... Вось яна, сіла, душа народная!
Ці было яшчэ калі ў Мінску такое незвычайнае, багатае відовішча? Зачараваны гэтым парадам, Аляксей, ідучы з Тураўцом дамоў, загаварыў гнеўна:
— Раней, памятаю, модна было пісаць пра нас: беларусы — ціхі, амаль бязвольны народ, «добрыя землякопы»... Байкі расказвалі пра нашу пакорлівасць і цярплівасць. Ах, якія няшчасненькія, якія пакрыўджаныя! Прачытаеш, бывала, і нічога не застаецца, як пашкадаваць гэтых бедных людзей..
— Абразлівыя пісанні былі! — прамовіў Туравец.
— Ведаеш, што я падумаў, Нічыпар Паўлавіч, на парадзе? Вось няхай бы, падумаў, цяпер гэтыя чуллівыя плакальшчыкі ўсталі з магілы ды паглядзелі, хоць бы сёння, на нас — няшчасненькіх ды пакорлівых! Памыліліся паны. Выдумалі самі і паверылі, што так і сапраўды. Цэлымі гадамі і пісалі, і гаварылі, і плакалі — «бедненькія»! А тут вось які ён, народ-воін. Можна было б падумаць, што гэты народ быццам створан для бітвы... Ну, нічога, — у вачах Аляксея заблішчалі вясёлыя агеньчыкі, — цяпер увесь свет пабачыў, які наш народ горды і моцны і, калі трэба, — ваяўнічы! Ён з аўтаматам і гранатай умее ўпраўляцца не горш, чым з плугам. Не горш! Хто-хто, а ваяўнічыя арыйцы ў гэтым добра пераканаліся.
— Добра — на ўласнай шкуры!
— Цяпер, можа, паразумнеюць крыху і тыя, у каго яшчэ не балела шкура, але чэшуцца рукі...
— Дай бог! — пажартаваў ні то недаверліва, ні то жартаўліва Туравец.— Пара ўжо ім паразумнець!..
Раздзел ХІ
1...
Андрэй Шабунёк ішоў па вуліцы, не чуючы пад сабою ног. Ён толькі што вылез з кузава вайсковага грузавіка, які падвёз яго з Мінска ў родныя Паплавы.