Выбрать главу

Як было Шабуньку малому не спяшацца! Ён жа так даўно не бачыўся з мамаю, так ссумаваўся па ёй. Праўда, акрамя таго, для радаснага настрою былі і іншыя прычыны: учора, перад парадам, яму ўручылі сярэбраны партызанскі медаль. Хлопец усё не мог нарадавацца, штохвіліны пазіраючы на кружочак, што, як сонца, ззяе на яго даўгаватым пінжачку.

Падумаць толькі, у яго такі медаль, як у Тураўца і ў Васі!

У Андрэя ў руках была нямецкая вінтоўка, праўда, без патронаў, а на шапцы ярка чырванела істужка. Па ўсяму было відаць, што чалавек вяртаецца з вайны, і не абы-як, а са славай!

Ён увайшоў на родны двор, які здаўся яму вельмі ціхім і цесным. На месцы папялішча былі цяпер складзеныя партызанамі падмурак і некалькі вянцоў зруба, ляжала абчышчанае смалістае бярвенне. У траве дзе-ні-дзе валяліся непадабраныя дробныя трэскі і жаўцела, як высеўкі, пілавінне.

Маці дома не было. Жывіца, які праходзіў поблізу, сказаў, што яна ў полі — адразу за агародамі: там яе брыгада акопвае бульбу.

— Брыгадзірам яна ў нас цяпер, сынок...

Андрэй адразу пайшоў туды. Ён пазнаў яе яшчэ здалёк. Маці, якая рабіла разам з жанчынамі, не заўважыла Андрэя, але малы Валодзька, што аціраўся каля маці, адразу навастрыў вочкі на яго. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч.

— Длей! — крыкнуў Валодзька.

Чапляючыся за бацвінне, спатыкаючыся, ён стаў прабірацца да брата. Тады маці разагнулася, кінула жмуток травы, што трымала ў руках, і таксама падалася да Андрэя, як заўсёды, непаспешліва. Яна выцірала рукі аб спадніцу.

Падышла, зірнула на сур'ёзны суровы твар сына, які ледзь утрымліваў усмешку шырокага шчасця, і глыбокім грубаватым голасам прамовіла, нібы не верачы, што перад ёй сапраўды стаіць сын:

— Андрэй? Прышоў, дзяціначка мая?

— Прыехаў — з самога Мінска! Усяго дзве гадзіны ехалі — аж вецер вочы рэжа... Шафёр, ведаеш, баявы такі хлопец: у яго машына ляціць, як усё роўна самалёт!.. Зух-шафёр...

— Надоўга, сынок?

— Цяпер назусім... — і дадаў: — Ну, праўда — адваяваўся. Кончылі, мама... Цяпер будзем пачынаць новае жыццё...

Усё такая ж суровая з выгляду, абняла яго мякка, і, пакораны матчынай пяшчотай, ён адразу забыўся, што хацеў быць паважным і стрыманым, як дарослыя. Ён, па-дзіцячы ціхі і паслухмяны, увесь аддаючыся парыву душы, прыціснуўся галавой да яе грудзей, — як добра, калі абдымае маці!

— Цяпель будзем нёвае... — паўтарыў Валодзька словы брата.

А маці шурпатаю цвёрдаю далонню лашчыла непакорны чубок і прыгаворвала шчасліва:

— Жывы, дужы! Вярнуўся!.. Радасць мая ты, надзея...

2...

Аднекуль з-за саду вырваўся жвавы свежы ветрык. Дзяўчына захінула пінжак, накінуты на яе плечы, прамовіла заклапочана:

— Трэба, мусіць, ісці дамоў... Халаднавата становіцца...

— Вось выдумала, ну, праўда, у ліпені — холадна... Добра, што хоць духмень вячэрні прайшоў, дыхаць стала лягчэй!..

Яна не пярэчыла. Некалькі хвілін абое стаялі моўчкі, трымаючыся за рукі.

— Ты помніш, — загаварыла зноў дзяўчына, — як ты застаў у лесе гэтага Ермакова са мной... Ён жа проста выцягнуў мяне з зямлянкі. Балбатаў нешта, усё хацеў мяне рассмяшыць. Я і сама не ведаю, як я засмяялася, а тут — раптам ты!.. Эх, як мне горка было тады... Я яго пасля проста бачыць не магла...

Вася слухае гэта спакойна, — няма ў яго цяпер ні рэўнасці, ні крыўды. Ён нават пасміхваецца сам сабе над тымі трывогамі: дзівак быў, ну, праўда!

— А ты быццам не бачыў нічога. Дурны ты мой!..

Вася асцярожна прыхінае яе да сябе.

— Ты не злуйся, Валя... Думаеш, чаму я раўнаваў? Я хацеў, каб усё ў нас было чыстым і ясным. Калі любіць, дык любіць — каб усё тваё, уся душа належала любімаму, дарэшты, аднаму! Вось як я думаю...

Яны стаялі каля плота. Даўно мінуўся цёплы і цёмны вечар і месячная поўнач, і світанне пачыналася, а яны ўсё не разыходзіліся. Як жа ім было разысціся, калі яны расстаюцца на доўгі час: Вася едзе ў Маскву вучыцца. Яны то хадзілі паволі па вуліцы, то стаялі каля платоў. Закаханым, шчаслівым, ім увесь свет здаваўся напоўненым шчасцем. Яны бачылі поблізу руіны, яны ведалі, што ёсць многа нешчаслівых, але ўласная іх радасць была такой прыгожай, што перад ёй усё адыходзіла. Там, дзе жылі іх думкі і жаданні, было шчасліва і светла. Толькі ўспамін пра мінулае прымусіў Валю спахмурнець:

— Колькі я за цябе ператрывожылася! Асабліва, калі ты быў у заслоне пад пасёлкам. Я проста думала, што не перажыву. Цяжка ўсё-ткі любіць у вайну! — уздыхнула дзяўчына. — Няхай бы яна хутчэй скончылася, каб усе маглі любіць радасна і без трывогі!

— Не трэба бедаваць, Валя, цераз тое. Ну, праўда — яно ж ужо мінулася! — Ён далонню пяшчотна падняў яе галаву, зірнуў у цёмныя вочы, якія добра бачны ў ранішнім змроку.