Выбрать главу

Дзяўчына схамянулася:

— Не, усё-ткі трэба ісці: глядзі, ужо зусім развіднела. Проста не ведаю, як я сёння маме ў вочы буду глядзець...

Яна зняла з сябе пінжак і накінула на Васевы плечы. — Дык ты часта будзеш пісаць?

— Кожны дзень!.. Валя, скажы, толькі шчыра,— ён парывіста сціснуў яе руку: — ты мяне вельмі любіш?

— Хіба пра гэта, Вася, пытаюцца? Самому трэба бачыць...

— Скажы, ну, праўда! — настойваў ён.

— Люблю. Так люблю, як нікога, — сур'ёзна, з нейкай урачыстасцю адказала яна. — Ведаеш, мне нават здаецца, што я... нават маці сваю... менш... Толькі ты не думай нічога, — я і яе вельмі...

— Я хачу, каб ты мяне заўсёды так любіла. Каб мы заўсёды былі шчаслівыя...

— Я таксама, Вася...

Ён ехаў у Маскву праз дзве гадзіны — стомлены ад бяссоннай ночы, але вясёлы.

3...

Аляксей Лагуновіч пакідаў Мінск у той жа дзень.

Перад ад'ездам ён зайшоў у апошні раз да Тураўца.

— Ужо назад? У цябе ж яшчэ і тэрмін водпуску не скончыўся, ды і рука твая яшчэ не зусім у форме.

Нічыпар Паўлавіч па-таварыску папракнуў Аляксея за тое, што не хоча спакойна лячыцца:

— Трэба было б дабыць тэрмін водпуску: ён жа невялікі. І ехаць туды зусім здаровым... А ўрэшце, ты правы: там хутчэй зажываюць раны... Ну, вяртайся жывым і бадзёрым, і абавязкова да нас, у Мінск!

На скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Валадарскай Аляксей выпадкова спаткаўся з Клаваю:

— Еду да сваіх, на фронт! — прамовіў ён задаволена.

— А як жа рука?

— А што з ёю, з рукою, — зажыве... Што вы пажадаеце мне — на дарогу?

— Што?.. Шчасця, удачы. Там, на вайне, і — усюды... Заўсёды!

— Шчасця? Самае вялікае маё шчасце цяпер — дачка... Заходзьце, Клава, да яе, калі будзе час, каб яна не сумавала вельмі...

Ён падаў руку, рэзка і моцна паціснуў і адразу пайшоў сваёй дарогаю. Клава не ўтрывала, каб не азірнуцца. Яна пазірала так, нібы хацела запомніць яго надоўга.

Калі ён знік за рогам вуліцы, у яе сэрцы штосьці нібы абарвалася.

Аб сваім рашэнні ехаць раней тэрміну Аляксей сказаў Наталлі Міхайлаўне ўчора, але думкі пра ад'езд турбавалі яго ўжо некалькі дзён. Капітана цягнула на фронт. Туды клікалі яго ўспаміны пра Ніну, прага помсты за яе смерць. Там быў яго родны батальён, яго таварышы, з якімі ён прайшоў нялёгкі шлях ад Смаленшчыны да Мінска. Ён сумаваў па таварышах, непакоіўся пра іх. Ці камандуе батальёнам новы камандзір як належыць? Ці цэніць і беражэ ён афіцэраў і экіпажы?

Праўда, пакідаў Аляксей Мінск не з лёгкім сэрцам. Трэба было пабыць яшчэ з дачкою, абагрэць бацькоўскай пяшчотай яе. Трэба было б дапамагчы старой, якая гаравала па Ніне. Ды і рана Аляксея не зусім загаілася. Але думкі пра батальён, пра справу, якая там яго чакае, былі мацней за ўсё.

Аляксей хутка быў дома. Наталля Міхайлаўна неспадзявана падала два лісты.

— Толькі што прынеслі.

Яшчэ не чытаючы, па почарку і маленькаму прыгожаму канверту Аляксей даведаўся: ад Гогабярыдзе. Нарэшце! Сандро пісаў:

«Дарагі дружа! Як ты жывеш? Якімі былі гэтыя дні ў цябе? Калі ты радуешся, то мы таксама падзяляем тваё шчасце. А — калі гора?.. Будзь мужны. І ведай, што мы заўсёды з табою, падтрымаем цябе.

Мы цяпер далёка ад цябе, дружа. Твая Беларусь ужо за намі. Цяпер мы ідзем па літоўскіх дарогах. Хутка-хутка настане час, і нашы «трыццацьчацвёркі» ўварвуцца ў бярлогу таго шакала, які асмеліўся пайсці на нас з мячом. Мы ўжо блізка ад Прусіі.

Як толькі паправішся, прыязджай!

Твой да канца жыцця Сандро».

Другое пісьмо было ад Быстрова і Сонцава. Камандзір гарматы пісаў, што яны падышлі да вялікай ракі, якую ён не называў. Гэта быў, здагадваўся Аляксей, мусіць, Нёман. Чытаючы пісьмо, Аляксей уяўляў добрую кплівую ўсмешку сержанта, калі Быстроў пісаў пра свайго таварыша: «А Сонцаў, калі вас цікавіць,— спіць па-ранейшаму ў кожную вольную хвіліну; ужо, як я падлічыў, на паўгода ўперад наспаў». Сонцаў тут жа прасіў, каб Аляксей не верыў Быстрову: «Усё, што ён напісаў пра мяне, — брахня. Я не сплю амаль зусім, бо ўвесь час у паходзе. А машына ў поўным парадку. Так што будзьце спакойны і — прыязджайце, адным словам!»

«Прыеду. Хутка прыеду!» — узрушана падумаў Аляксей, кладучы лісты ў кішэню.

Наталля Міхайлаўна і Люда праводзілі яго. Ён хацеў узяць дачку на рукі, але яна зажадала ісці сама, падаўшы адну руку бабулі, а другую бацьку.

Усе ўтраіх спыніліся каля рэгуліровачнага паста, дзе пасярод вуліцы стаяла русявая загарэлая дзяўчына са сцяжкамі. Аляксей рашыў ехаць на папутнай машыне. У той час праз Мінск такіх машын праходзіла да фронта вельмі многа.