— Ісці — па грэблі!.. Не зварочваць!..
Самалёты хутка набліжаліся да калоны. Вось ужо ў чыстым, непарушна-спакойным небе сталі відаць жаўтаватыя канцы крылаў і шкляныя насы. За стукам тракаў гулу самалётаў не было чуваць. Аўтаматчыкі то сачылі за небам, то трывожна пераглядваліся. Старшы лейтэнант, перадаючы камбату, што на роту ідуць «юнкерсы», назіраў, як яны выстройваюцца адзін за адным, рыхтуючыся да бамбёжкі. У сярэдзіне ў Аляксея штосьці тужліва сціснулася — ох, як не любіў ён бамбёжак. З тых першых дзён вайны засталася ў яго гэтая тужлівая апаска перад бамбёжкамі. Горш за ўсё не любіў ён налёты!
Праз адкрыты люк Аляксей бачыў, як адзін, пераваліўшыся на нос, стаў імкліва падаць уніз. Аўтаматчыкі адразу пасыпаліся з машыны. На хвіліну здалося, што наступіла цішыня, што ўсё замерла, і нібы стукат тракаў паглушэў. Поблізу рэзка залескатаў нечы кулямёт.
Запоўніўшы ўсё на час даўкім свістам, самалёт пранёсся над машынай Аляксея. Наперадзе ён крута выраўняўся, сыпнуўшы адразу некалькі бомб.
Загрукаталі моцныя выбухі — гуп, гу-гуп!
— Лагуновіч, глядзі, каб машыны не засадзілі ў балота! — пачуў Аляксей у шлемафоне ўладны голас камбрыга. Бяссонаў увесь час ведаў, што робіцца ў батальёнах, ротах, экіпажах, ведаў, здавалася, нават драбніцы. У ліхую хвіліну амаль заўсёды камандзіры чулі яго голас, быццам ён быў разам з імі...
Камбрыг адгадаў, што непакоіла старшага лейтэнанта. Аляксей таксама баяўся, што хто-небудзь з маладых танкістаў не вытрымае бамбёжкі і з перапалоху збочыць з грэблі, засядзе ў балоце або «закупарыць» вузкую дарогу.
Калі старшы лейтэнант бачыў, як валіцца ўніз другі самалёт, у яго памяці раптам мільгануў плот каля роднай хаты, аксамітная травіца, кусток парэчак, заліты спякотным летнім святлом. Чаму выплыла гэтая травіца і гэты кусток з далёкага маленства, хто яго ведае, але такім мілым, дарагім здалося яно цяпер...
Ён крыкнуў, каб падалі лабавы кулямёт. Зараз жа, не марудзячы!
— Хутчэй!
Пакуль кулямёт дайшоў да Аляксея, «юнкерс» праляцеў над танкам... Старшы лейтэнант хутка нарыхтаваўся сустрэць наступны бамбардзіроўшчык, які ўжо ішоў у піке.
Рукі Аляксея, на якіх мускулы напяліся, нібы прыкіпелі да кулямёта. Вочы, што не міргаючы гарэлі пад навіслымі брывамі, здаецца, пранізвалі бамбардзіроўшчык,— танкіст лавіў яго на прыцэл.
«Юнкерс» падаў на «трыццацьчацвёрку». Ён хутка-хутка павялічваўся. Можна было падумаць, што ён так і не зверне: урэжацца ў танк з усімі сваімі бомбамі. Трэба было мець многа мужнасці, каб біцца з ім у гэты міг...
Аляксей, здавалася, забыўся на ўсё на свеце, упіўшыся вачыма ў «юнкерс», які ён упарта стараўся трымаць на прыцэле. Старшы лейтэнант да болю прыціснуў спуск кулямёта.
Цэліцца было цяжка, бо машыну на хаду кідала з боку на бок. Праз нейкі міг «юнкерс» стаў выроўнівацца.
— Сто-о-й! — крыкнуў старшы лейтэнант. Штосьці падказала яму, што «юнкерс» кіне бомбы па яго машыне.
Сонцаў — вадзіцель — спыніў машыну так рэзка, што Аляксей, якога па інерцыі кінула наперад, ледзь не ўдарыўся галавой аб перыскоп. У наступіўшай адразу цішыні яму было добра чуваць, як бомбы з уедлівым візгам несліся на «трыццацьчацвёрку». Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Аляксей выглянуў з вежы — поблізу на грэблі асядала хмара зямлі.
— Наперад!— Машына адразу ірванулася і кінулася ў гэтую хмару. Аляксею ўдалося праімчаць вельмі мала, бо на грэблю пікіраваў другі самалёт. Сонцаў зноў рэзка затармазіў «трыццацьчацвёрку». Бомбы на гэты раз упалі не на дарогу, а ў балота.
Неўзабаве Аляксеяў танк вымушан быў зусім спыніцца. Перад ім, загароджваючы вузкі насып, нерухома стаяла машына.
Што з ёй? Чаму яна стала? Старшы лейтэнант убачыў, што адна гусеніца сарвана,— машына нахілілася на бок. І кавалак вежавай брані вырваны!..
Але падбегчы да раненага танка яму не давялося, таму што, зірнуўшы ўгару, ён убачыў, як на калону падае «юнкерс». Аляксей схапіў кулямёт і пачаў зноў біць па ненавіснаму пікіроўшчыку.
Услед за гэтым рушыў яшчэ адзін... Раптам іншыя «юнкерсы», якія ўжо рыхтаваліся да атакі, крута павярнулі ўбок.
Што гэта, які-небудзь новы манеўр?
4...
Не, гэта быў не манеўр. Да «юнкерсаў» імкліва набліжаліся нашы знішчальнікі. Аляксей, яшчэ ўвесь узрушаны, правёў іх удзячным позіркам.
Ён цяжка, стомлена спусціўся з вежы: чорт, як яго змарнавала гэтая бамбёжка. Ён падышоў да пярэдняга танка. Колышаў, незвычайна бледны, пасуравелы, абняўшы аберуч Архіпава, выцягваў яго з люка. Рукі Архіпава без сілы віслі, а ногі сунуліся па брані, ведучы за сабой струменьчык крыві. Аляксей дапамог спусціць Архіпава на зямлю, падтрымліваючы раненую нагу, і сказаў Колышаву, каб перавязаў хутчэй рану. Старшы лейтэнант праворна зазірнуў у вежу — зараджаючы быў забіты. Аляксей з адным аўтаматчыкам аднёс яго на сваю машыну.
— Не пашанцавала!..— з высілкам гаварыў Архіпаў Колышаву, які абкручваў бінтам яго акрываўленую нагу. Архіпаў моршчыўся ні то ад болю, ні то ад таго, што бачыць сваю нагу ў крыві.— Толькі што пачаў — і трах!..
— Вайна — не маці родная,— адказаў недзе чутымі словамі Колышаў.— Бывае і горш...— Ён быў нібы ў забыцці і яшчэ не мог зразумець сэрцам усяго, што адбылося; ён рабіў усё, як у сне.
Рукі яго слухаліся кепска, быццам чужыя, і аўтаматчык, адзін з тых, што сышліся сюды і абступілі абодвух, хацеў узяць ад яго бінт, але Колышаў не аддаў. Ён прадаўжаў перавязваць сам.
Угары раптам пачуўся моцны рэў і блізкая страляніна. Над грэбляй ляцеў адзін «юнкерс», адрэзаны ад бамбардзіроўшчыкаў. Яго насціглі два знішчальнікі, б'ючы з кулямётаў. «Юнкерс» раптам нахіліўся, клюнуў носам і стаў валіцца ўніз. Ён нязграбна перавярнуўся некалькі разоў цераз крыло, потым цераз нос. У тую хвіліну, калі ён даляцеў да зямлі, адразу загрымеў важкі выбух. Калі аселі гразь і вада, у балоце, праз паўкіламетра, стала відаць чорная варонка, вакол якой валяліся нейкія пакарэжаныя абломкі.
Знішчальнікі зрабілі круг, і падаліся ў той бок, дзе біліся іншыя самалёты.
Закончыўшы перавязку, Колышаў стаў адчуваць, што ў яго на правым баку штосьці ўсё больш шчыміць. Ён цярпліва маўчаў. А калі завязаў вузялок бінта і памацаў пад гімнасцёркай тое месца, то здзівіўся: на пальцах была кроў.
— Вы ж ранены, што ж вы маўчыце! — прамовіў дакорліва аўтаматчык, які браўся перавязваць Архіпава.
Гэта, выявілася, была маленькая драпінка ад нейкага асколка...
Між тым да месца затрымкі падышло яшчэ некалькі танкаў. Купка людзей каля падбітай машыны і Архіпава хутка пачала расці. Усіх цікавіла, што здарылася. А Аляксей, які зноў вярнуўся сюды, ужо турбаваўся, як прабірацца далей. Машына загарадзіла амаль увесь шлях: яна стаяла не ўсцяж насыпу, а наўкась. Калі гусеніцу разарвала выбухам бомбы, каткі аселі ў зямлю і затармазілі адзін бок...
Аляксей загадаў Сонцаву зараз жа сапхнуць машыну з грэблі.
Сержант падвёў танк да машыны і стаў паціху ціснуць на яе. Пабітая «трыццацьчацвёрка» спачатку не рушылася з месца. Толькі калі Сонцаў даў больш «газу», пачала спаўзаць з дарогі марудна і неахвотна, быццам не хацела адставаць ад іншых.
Старшы лейтэнант спачувальна зірнуў на Колышава:
— Ваяваць можаш? Шпіталь, здаецца, табе не патрэбны...
— Не патрэбны, таварыш гвардыі старшы лейтэнант.
— Вось і добра.— Аляксей прыгадаў начную размову з Колышавым перад прарывам. Ад гэтай размовы ў Аляксея засталося пачуццё сяброўскай, як бы інтымнай, блізкасці да шчырага хлопца. «Відаць, нялёгка будзе сёння яму,— падумаў мімаволі Аляксей.— Трэба б яго накіраваць у які-небудзь экіпаж. Куды?» Але разважаць аб гэтым не было часу. Старшы лейтэнант толькі сказаў Колышаву, каб той дагнаў свой узвод і сеў на машыну Гогабярыдзе.
Аляксей падышоў да Архіпава. Каля таго быў цяпер санінструктар, які прыехаў у адной з машын, што ішлі следам. Аляксей параіў санінструктару, як адправіць Архіпава ў тыл. Трэба вывезці адсюль з грэблі на танку і ў бліжэйшай вёсцы пачакаць тылавых машын,— адтуль з першай папутнай можна будзе перавезці Архіпава ў медсанбат. Старшы лейтэнант працягнуў Архіпаву руку на развітанне:
— Ну, браток, бывай! Вельмі шкадую, дружа, што так рана пакідаеш... Ну, нічога. Пішы нам, а?.. Не забывай таварышаў...
Аляксей пабег да сваёй машыны. Праз хвіліну яго «трыццацьчацвёрка» кранулася і пайшла па грэблі.
Неўзабаве Аляксей зноў убачыў паветраных таварышаў. Знішчальнікі з магутным задаволеным рокатам імкліва пранесліся нізка над танкамі, прывітальна пакалыхваючы блакітнымі крыллямі.
Аляксей зняў з галавы шлем і памахаў лётчыкам у адказ...