— Выходзіць, недарма масток падправілі! А то тут некаторыя сумняваліся...
Праплываючы потым праз сяло на машыне, Колышаў некалькі разоў азірнуўся: партызаны доўга махалі яму рукамі, шапкамі...
Раздзел V
1...
Усе няўдачы пачыналіся з той страшнай раніцы.
Клямт яшчэ спаў у раўку, як прасвістала некалькі снарадаў і грымнула непадалёк. Ён адразу прачнуўся і вылаяўся.
У наступную хвіліну ўсё навокал грукатала. Снарады лажыліся справа, злева, спераду.
Не было чаго і думаць пра сон. Лейтэнант адразу, сагнуўшыся, кінуўся ў бліндаж. Тут ён перавёў дыханне. Столь угары трэслася, з накатаў сыпаўся пясок. Нібы білі ў зямлю вялізнай цяжкай даўбнёй.
Усе, скурчыўшыся, насцярожана чакалі, што нейкі снарад уцэліць сюды, праломіць тоўстую столь або зажыва засыпле зямлёю. Клямт, аднак, стараўся не губляць раўнавагі. Ён быў упэўнен, што руская артылерыя хутка сціхне, тады пойдзе пяхота. Трэба толькі спакойна чакаць гэтую хвіліну. Ён пастараецца сустрэць рускіх як належыць.
Але гром, што чуўся ўгары, думкі гэтыя паступова выбіваў з галавы, глушыў, пакідаючы ў душы толькі цягучае чаканне нечага невядомага і страшнага.
Тэлефаніст перадаў яму трубку. Камбат пераказваў загад генерала: «Трымацца, трымацца! Ён пасылае сваё благаславенне». Клямт адказаў, што на яго можна заўсёды спадзявацца, аднак, цягучае чаканне страшнага не пераставала гнясці.
З кожнай хвілінай было горш.
Спачатку тэлефаніст паведаміў, што парваны правады. Рота засталася без сувязі, яна цяпер адна, адарвана ад усіх. Потым лейтэнант убачыў перад сабой салдата з першага ўзвода. Ён быў увесь у гразі і так перапалоханы, што змяніўся з твару. «Хто гэта? Што яму трэба? Што ён крычыць? — не разумеў Клямт. — Ды гэта ж... Ён кажа, што ўсе загінулі... Бліндаж, прамое пападанне...»
— Хутка... гарматы скончаць, пойдзе пяхота... Глядзіце ўважліва! — закрычаў да салдата лейтэнант; ён спрабаваў быць спакойным, але са страху, які ўсё рос, мацнеў, — сам не цяміў, што гаворыць. Клямт адразу схамянуўся: у першым жа ўзводзе цяпер нікога няма...
Памаўчаў. Але сядзець спакойна было нязносна, і ён зноў нечакана накінуўся на салдата:
— А што з другім узводам? Я ў вас пытаюся, што з другім узводам?..
Адказу Клямт не дачакаўся, не толькі таму, што салдат нічога не чуў з яго слоў і не ведаў пра другі ўзвод. Наверсе столь так страсянулася, што бярвенні ўгары рассунуліся, вышлі са сваіх гнёздаў.
Некалькі з іх абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Пасыпалася зямля. Другі выбух раскідаў шчыліну ўверсе, і ў бліндаж папоўз едкі дым.
Ефрэйтар-аўтаматчык, нядаўна прысланы пасля кантузіі са шпіталя, пабялеў, упіўся кастлявымі рукамі ў стол. Ён некалькі хвілін сядзеў, як каменны, не варухнуўшыся. Потым раптам, як ашалелы, падскочыў і кінуўся да выхаду. Ён збіў кулаком фельдфебеля, што быў на яго шляху. На яго амаль не звярнулі ўвагі.
Не заўважыў яго і Клямт, які стаў шаптаць малітву, што чуў некалі ў маленстве.
У гэтыя хвіліны перад ім прайшло яго жыццё. Бацька Клямта марыў увесь час выбіцца ў людзі.
Спачатку арандаваў зямлю, — але з гэтага нічога не вышла, ледзь не разарыўся. Адкрыў піўную у сяле — таксама ледзь зводзіў капцы з канцамі.
Ён любіў успамінаць вайну: добрыя былі часы! Стараючыся вывесці сына ў людзі, ён аддаў малога Клямта ў вучні да каўбасніка. Стары тады збіраўся заняцца вырабам каўбас.
Але потым усё перамянілася: у модзе сталі ваенныя. Клямт кінуў каўбасніка і падаўся ў армію. Вайсковая кар'ера Клямта была не надта паспяховая: давялося доўга хадзіць у ефрэйтарах. Толькі вайна ў Францыі крыху падняла: Клямт стаў фельдфебелем.
Служыў ён старанна, спраўна, і, хоць яго часта абыходзілі, не крыўдзіўся. Клямт верыў, што прыдзе і яго час. Ён чакаў, што б ні здарылася, гэты час...
Неспадзявана Клямт успомніў тую жанчыну з дзіцем, якую спаліў у часе блакады. З паўсотні спаленых і расстраляных успомнілася чамусьці яна адна. Клямт убачыў яе вочы, пачуў словы праклёну: «Табе гэта так не мінецца...» Яго ўсё мацней гнёў жывёльны жах, з якім пачало на час губляць сэнс усё — і камандзірскі абавязак, і загад генерала, і жыццё.
«Калі ж будзе канец? — нецярпліва падумаў Клямт. — Так можна звар'яцець...»
Ён не ведаў, што гэта быў толькі пачатак.
2...
Пасля двух пякельных баявых дзён рота Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Аддзяленні і ўзводы яе парадзелі за гэты час настолькі, што з роты наўрад ці можна было б сфарміраваць адзін узвод.