Клямт, здаўшы ўчастак змене, адчуў сябе адразу лягчэй. Праўда, адчуванне палёгкі было няпэўнае, насцярожанае: не верылася, што сапраўды дазваляюць пакінуць гэтае пекла. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць.
Тым не менш гэта была праўда. Рота перайшла ў карпусны рэзерв. У вёсцы, ноччу, яе наспех папоўнілі рэшткамі з другіх пабітых падраздзяленняў і сказалі чакаць далейшых загадаў...
Настрой у Клямта быў трывожны. Увесь час у баку фронта былі чуваць несціханыя гукі бою. Лейтэнант уяўляў, што там робіцца, і з непакоем думаў, што, напэўна, у тое пекла хутка прыдаецца вяртацца зноў.
«Адкуль у рускіх столькі гармат? І самалётаў... Дзіўна!..»
Пасля абеду Клямт атрымаў загад выступаць, але праз паўгадзіны, калі ён ужо выводзіў салдат з сяла, прышоў другі загад, які адмяняў першы,— трэба было чакаць далейшых распараджэнняў.
З фронта правезлі праз вёску некалькі машын з параненымі.
Папаўзлі няясныя трывожныя чуткі, якія невядома хто прынёс. Нібы недзе на левым флангу бальшавікі прарвалі фронт і іх танкі і конніца апынуліся глыбока ў тылу нямецкіх часцей. Гэты прарыў — гаварылі — пагражае ўсяму фронту. Клямт спрабаваў даведацца аб праўдзівасці чутак у аднаго штабнога афіцэра, але той раздражнёна адмахнуўся ад яго.
Неўзабаве пасля гэтага прышоў загад — неадкладна выступіць і заняць пазіцыі на паўночнай ускраіне аднаго сяла.
Ледзь рота наблізілася да сяла, выявілася, што яно ўжо занята савецкімі пехацінцамі.
Тады са штаба палка Клямту і яшчэ аднаму камандзіру роты загадалі атакаваць бальшавіцкія пазіцыі і заняць вёску. Перад атакай абедзвюм ротам прыслалі на падмацаванне тры «фердынанды». Бой ішоў амаль да вечара — за гэты час савецкія байцы падбілі ўсе тры самаходкі. Акрамя таго, Клямт страціў вельмі многіх салдат, якіх пасеклі кулямётныя чэргі і міны.
Рускія абараняліся вельмі ўпарта і самааддана. У той жа час Клямт з прыкрасцю заўважыў, што некаторыя яго салдаты б'юцца без уздыму, як бы загадзя разумеючы бескарыснасць сваіх ахвяр. Асабліва ненадзейнымі былі тыя, хто ўліўся ў роту ўчора. Увогуле, рота вельмі паслабела.
Позна ўвечары рускія былі ўсё ж выбіты з вёскі. У начной цемры, цёплай, як сырадой, салдаты Клямта акапваліся, абсталёўвалі кулямётныя гнёзды — у дамах, на дахах. Перамога дасталася вялікаю цаною. Клямт папрасіў падмацавання, але са штаба адказалі, што трэба абыйсціся тою сілаю, якая ёсць. Кепска было і з боепрыпасамі — машына прывезла толькі палову таго, што патрэбна. Кажуць, боепрыпасы недзе ў тылу, абяцаюць да раніцы падвезці рэшту, — але хіба можна цяпер вельмі верыць абяцанкам?
Клямт адчуваў сябе неспакойна. Акрамя таго, што рота паслабела і боепрыпасаў мала, была яшчэ адна важная акалічнасць, якая трывожыла яго, — левы фланг роты быў дрэнна прыкрыты. А між тым гукі бою злева заходзілі ўсё глыбей і глыбей у тыл ротных і палкавых пазіцый.
Клямт, аднак, не быў перакананы ў тым, што рускія пакінуць гэту вёску ў спакоі. Удзень яны, напэўна, пастараюцца яе вярнуць сабе, прыдуць, магчыма, з вялікаю сілаю. На краі сяла гарэлі падпаленыя ў часе бою хаты, кідаючы злавесныя водсветы на ўсё наваколле. Клямт хадзіў па выгану і агародах,— правяраў, як салдаты рыхтуюцца да абароны. Каля адной траншэйкі сядзелі обер-ефрэйтары Келер і Гетэрых. Яны аб нечым размаўлялі. Калі Клямт падышоў, Келер запытаўся:
— Ну, як падрыхтоўка? Напэўна, рускія разаб'юць свае ілбы аб нашу абарону? — Клямт адчуў у яго голасе ноткі насмешкі і раздражнення.
Келер наогул стаў вялікім скептыкам. Але, што здзіўляла,— Гетэрых маўчаў, і ў гэтым нельга было не заўважыць падтрымкі Келеру.
— Не хвалюйся, лейтэнант. Сядзь, пасядзі — паберажы сілы на заўтра. Заўтра будзе гарачы дзянёк...
— Заўтра давядзецца паваяваць — гэта ясна,— адгукнуўся Гетэрых. Келер, памаўчаўшы, раптам прамовіў незадаволена:
— Чорт пацягнуў нас... звязацца з імі...
Што за характар у Келера: усіх гатоў папраўляць, з усімі спрачацца! Клямт рэзка сказаў, што меркаваць пра гэта не ефрэйтара справа.
— А ваяваць — мая справа? А расплачвацца за ўсё — я павінен? Кулі рускія ў мяне цэляць?.. Я вось неяк выбраўся з-пад рускіх снарадаў. Пашанцавала мне сёння... А як заўтра — не ведаю. І ніхто не ведае! Толькі, можа...
Клямт загадаў яму змоўкнуць і, паклікаўшы з сабой Гетэрыха, стаў правяраць «абарону».
«Няўжо яны, гэтыя бальшавікі, прарвалі фронт? — мімаволі круцілася ў галаве лейтэнанта.— Няўжо не здолеем утрымацца?.. Але хто нам дасць такое права — адступаць? Здаць «балкон»?!. Не, не — гэтага быць не можа!»