Ён быў упартым аптымістам, лейтэнант Клямт. Калі Келер і некаторыя другія амаль сумняваліся, што можна паправіць становішча, лейтэнант яшчэ не верыў, што становішча зрабілася катастрафічным. Ён лічыў, што Келер паддаўся паніцы.
«Мы ўтрымаемся! Мы не адступім... Яшчэ прыдзе пара, калі мы з гэтага «балкона» пойдзем наперад... зноў на Смаленск»...
Уранні савецкія салдаты павялі наступленне. Яны абышлі сяло і ўдарылі з левага фланга і з тылу. У іх было многа мінамётаў і гармат. Яны адкрылі ўраганны агонь па абедзвюх ротах, уварваліся на заходнюю ўскраіну і зноў захапілі свае пазіцыі. Увесь узвод, які абараняў гэты ўчастак, разам з оберефрэйтарам Гетэрыхам, прапаў без вестак — загінулі або трапілі ў палон.
Клямт і сам ледзь-ледзь выратаваўся. Апрача яго, выбралася з сяла толькі некалькі салдат.
Не было обер-ефрэйтара Гетэрыха — ветэрана роты, які ваяваў у Францыі, у Грэцыі, разам з Клямтам перажыў усе нягоды рускага паходу. Не было яшчэ многіх, якія бралі сотні гарадоў і раптам палеглі ў невядомай вёсцы.
Палеглі без ушанавання, як бяздомныя сабакі. Клямт панура паварушыў плячыма, уявіўшы, як яны будуць валяцца на полі, пухнучы ад спёкі...
Ён усё ж не паддаваўся роспачы.
3...
Вёска, у якую Клямт прыехаў пасля абеду, сустрэла яго маўчаннем. На вуліцах было пуста. Гэтае запусценне Клямт бачыў не ўпершыню.
Куды яны пахаваліся, чорт іх пабяры! У кожным сяле — ні душы.
Клямт загадаў каго-небудзь знайсці. Салдаты прыцягнулі да яго жанчыну, якая хавалася ў пограбе, недалёка ад хаты. У яе былі спакойныя, крыху насмешлівыя вочы, густыя пасівелыя валасы. Клямт запытаўся, ці не паяўляліся тут, у сяле, рускія. Жанчына сказала, што савецкае войска прайшло праз сяло ўжо гадзіну ці дзве перад немцамі.
— Колькі іх было? — пацікавіўся лейтэнант, сціраючы з твару пот.— Многа?
— О, відана-нявідана... Цэлую гадзіну бесперапынна ішлі!
Жанчына ледзь хавала радасць. Клямт адчуваў, што яна зусім не баіцца яго, бачачы, які ён бяссільны і ўстрывожаны. Гэта Клямта злавала.
— Ты брэшаш! — пагрозна сказаў лейтэнант.
Яна не запярэчыла, а ўсё з той жа прытоенай радасцю прамовіла:
— Нашто мне хлусіць?
Клямт загадаў запаліць яе хату: ах, як яму хацелася, каб радасць з гэтага твару знікла, замянілася горам. Няхай парадуецца, пазіраючы на пажар... Шкада, што ён вымушаны быў спешна выбірацца з вёскі.
Калона звярнула з шасэ. Амаль гадзіну ехалі па пыльнай дарозе, у спякотнай цішыні. Потым іх спынілі ў нейкай вёсцы і загадалі заняць абарону на беразе рачулкі. Рота стала акапвацца ў пяску, між лазовых кустоў. Чорт пабяры, колькі ім даводзілася капаць зямлі ў гэтыя дні! І ўсё, галоўнае, марна: ні ў адным з акопаў не прышлося абараняцца.
Не было боепрыпасаў, і Клямт, які сядзеў у цяньку пад лазовым кустом, думаў пра бой з трывогаю, лаючы ў душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра гэта паклапаціцца.
Перад вечарам перадалі новы загад адыйсці. Зноў адступаць!
Але Клямт на гэты раз пакідаў непатрэбныя акопы не толькі без узлаванасці на свой лёс, а нават з ахвотай. Ён быў цяпер са сваёй ротай недалёка ад Талачына, да якога лейтэнант набліжаўся з вялікімі надзеямі. Ён думаў не пра адпачынак: перадышкі, ён ведаў, чакаць не прыходзіцца, ды яна яму і не патрэбна — не такі час. Клямт спадзяваўся, што ў Талачыне можна будзе атрымаць боепрыпасы. Там таксама, напэўна, стабілізуецца фронт і праясніцца становішча...
Акрамя роты Клямта, тут ішлі рэшткі ўсёй дывізіі. На цягачах і грузавіках, што выцягнуліся ў доўгую нястройную чараду, млелі ад спёкі некалькі соцень пехацінцаў і артылерыстаў. Калона рушыла вельмі марудна, невядома чаму робячы частыя прыпынкі...
Кіламетраў за дзесяць ад гарадка зусім .спыніліся.
— У Талачыне — рускія танкі... — папаўзла па дарозе вужакаю чутка.
— Не можа гэтага быць! Брахня!.. — адгукнуўся Клямт, які сядзеў на падножцы машыны, жуючы галету. Ён быў недаверлівым, калі чуў пра розныя непрыемнасці.
Келер апаліў яго зняважлівым позіркам.
— Чаму не можа быць?
— Выдумка баязліўцаў! За такія чуткі расстрэльваць трэба!
Келер, не сказаўшы нічога, павярнуўся і пайшоў да групкі салдат, якія воддаль аб нечым гаварылі. Клямт застаўся сядзець на падножцы.
Але спакой яго знік. А што, калі гэта праўда?.. Раздумваць — праўда ці не праўда гэта, яму не прышлося, бо тут яго паклікалі да маёра-камбата. Ён даведаўся па трывожных тварах афіцэраў, што гэта праўда...
Здарылася непапраўнае і грознае — перарэзан шлях!