Вельмі прыкра, што цяпер няможна пабачыць тых, з кім ён быў звязаны яшчэ два дні назад. Ён сустракаўся з імі ці каля кінотэатра, ці на скверы ў канцы вуліцы Астроўскага, ці дзе-небудзь у ціхім завулку. Цяпер ён можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўночы, — значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі... Самая ж вялікая бяда ў тым, што ён адарваўся ад сувязнога з гаркома партыі...
Сяргей, упарта перабіраючы розныя варыянты, думаў, як усё гэта наладзіць. Ён павінен наладзіць, а потым, калі ўсё зноў стане на месца, Сяргей падасца ў лес, да партызан. Больш тут яму нельга заставацца.
Пад вечар Сяргееў дружбак, вярнуўшыся з горада, зайшоў сюды, у дрывотнік, як бы па дровы, і расказаў аб тым, што адбылося ў гаражы гэтымі днямі. Тады ж, калі прыязджалі гестапаўцы, амаль усіх механікаў і шафёраў арыштавалі, адных проста ў гаражы, а другіх — на кватэрах. На наступны дзень гестапаўцы, праўда, некалькі чалавек выпусцілі, а сем яшчэ і цяпер сядзяць.
— Цябе, Сярожка, таксама шукалі і вельмі дапытваліся, дзе ты можаш быць... Вобыск у тваёй хаце...
— Дзе мама?! Што з мамаю! Даведаўся? — нецярпліва перабіў яго Сяргей. Ён раптам замёр, нібы баючыся дыхнуць.
— Маці, гавораць, — у турме.
— Арыштавалі... Дзе, у якой яна?
— Ніхто не ведае.
— А дзе Клава?
— Таксама... у турме...
— Не ведаеш, як схапілі?.. З усімі рэчамі?.. Ці толькі... падазраюць?..
— Яна трапіла нечакана. З усім...
— Э-эх... — Сяргей парывіста ўзняўся, неспакойна варухнуў плячыма і раптам сеў зноў. Апусціў галаву і, утаропіўшы невідушчы позірк у бярозавае палена, задумаўся, аддаўся свайму гору...
Наступныя тры дні Сяргей хаваўся ў хаце Залескай. Яны былі родзічамі, хоць і не блізкімі, але вельмі дружнымі. Сяргей прабраўся да яе хаты апоўначы і ціха, ледзь чутна, пастукаў у шыбку таго пакоя, дзе яна звычайна спала. Жанчына, як толькі пачула, што гэта Сняжко, адразу пайшла адчыняць. Яна ўжо ведала, што Клава арыштавана, і, увёўшы Сяргея ў сенцы, загаварыла са слязамі:
— Божа мой, якое няшчасце!..
Яна ўладзіла Сяргея на «гары», у куточку за комінам. Над ім нізка звешваўся паплёт і шчыльна прыгнаны адзін да аднаго гонт, які тут быў яшчэ як новы. Сяргей па некалькі разоў на дзень падбіраўся адсюль да паўкруглага акенца, зацягнутага павуціннем, і пазіраў на горад. За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Часам вецер даносіў адтуль гудкі паравозаў.
Увечары Сяргей вышаў з хаты, каб сустрэцца з адной сувязной. Ён крыху пастаяў на двары, азіраючыся, прагна дыхаючы цёплым вячэрнім паветрам.
Тут ён пачуў шум, падобны на далёкі прыбой. «Самалёты... нашы самалёты ідуць!» Сяргей узрадаваны, увесь час слухаючы гэты нарастаючы шум, стаў хутка прабірацца праз платы і агароды...
Яны спаткаліся ў садку, калі самалёты ўжо бамбілі нейкі аб'ект на другім краі горада.
— Чуеш, з якой харошай музыкай я прышоў?— сказаў ён замест прывітання.
— А я з добрымі весткамі... нашы пачалі наступленне.
— Наступленне?!
Сяргей абняў дзяўчыну і моцна-моцна сціснуў у абдымку. Ён некалькі хвілін маўчаў, увесь перапоўнены бураю, якая ўзнікла ў грудзях пры гэтых словах.
Потым ён прыгадаў Клаву, шафёраў, якія сядзяць у гестапа, і спахмурнеў.
— Перадай, калі хто яшчэ не ведае, што ў мяне... правал,— -выціснуў ён.— Каб не пасылалі да мяне...
Ён успомніў, што цвёрда рашыў ісці праз дзень — два ў лес,— і нечакана перамяніў задуму: не, цяпер ён ні за што не пакіне горада.
Ён будзе тут да прыходу нашых! І Сяргей папрасіў:
— Алеся, даведайся ў гаркоме, якія будуць заданні...
3...
Неяк пад вечар у камеру ўпіхнулі пухлую жанчыну. Яна застагнала, трымаючыся за паясніцу, але праз момант сціхла і стала азіраць камеру, здзіўлена і ўстрывожана.
— Ідзіце сюды,— паклікала яе жанчына, што сядзела каля Ніны.
«Новая» адразу пачала прабірацца да яе, пераступаючы праз тых, хто ляжаў.
Калі жанчына села, яе пачалі, як звычайна, распытваць: хто яна, адкуль, а потым — асцярожна, з падводамі, за што ўзялі. Незнаёмая адрэзала сярдзіта:
— За доўгі язык.
Зазіраючы ў твар вачыма, якія як бы прасілі спачування, пачала расказваць усё, як мае быць. Яна прадавала на Чэрвеньскім рынку малако,— брала за гэта вялікія грошы,— калі падышоў нейкі паліцай, не гаворачы, не плоцячы нічога,— як сваё,— узяў адзін бітончык і падаўся прэч. Малочніца стала лаяць яго, але той і не азірнуўся. Жанчына ад такога нахабства проста ашалела і ў гневе, каб дапячы паліцаю, крыкнула: «Пачакай, прыдуць партызаны!..»