Паліцай адразу спыніўся і вярнуўся: «Партызаны?! А-а, дык ты з партызанамі звязана! Адкуль жа яны прыдуць? А ну, хадзем са мной...»
У СД яна богам клялася, што і ведаць не ведае пра партызан. Гестапаўцы ёй не паверылі...
Цяпер ёй хацелася давесці гэта зняволеным. У камеры, амаль не сціхаючы, чулася, як яна скардзіцца ды охае. Асабліва надакучыла яна Ніне, поруч з якой сядзела. То яна трывожылася, што могуць цяпер кароўку забраць, што рэчы раскрадуць, то дапытвалася, колькі трэба заплаціць, каб выпусцілі з турмы.
— Пяць тысяч, пэўне, хопіць. Хопіць, праўда?.. Ці, можа, замнога столькі?..
— Сціхніце!.. Як вам не сорам?— з абурэннем сказала Ніна замест адказу.
На другую ноч гітлераўцы вывезлі малочніцу,— відаць, расстралялі.
Яны цяпер не вельмі дапытваліся: здавалася, ім было больш не да гэтага. Яны спяшаліся. Па некалькі разоў за суткі турэмшчыкі дзесяткамі хапалі зняволеных, выводзілі на двор і адтуль везлі або ў канцлагер, або адразу на згубу.
Турэмшчыкі нерваваліся і шалелі. Асабліва лютаваў адзін з іх, наглядчык з сонным тварам. Ён штоночы п'яны ўваходзіў у камеру, абводзячы ўсіх ненавідным позіркам, выбіраў ахвяру. Забіваць у камеры яму не дазвалялі, але біць ён мог, колькі хацеў. І наглядчык гэтае права выкарыстоўваў. Выбраўшы каго-небудзь, ён без усякай прычыны, з асалодай садыста, рукамі і нагамі біў і біў, пакуль не знемагаўся. Ісці да яго баяліся больш, як у гестапа...
Страшныя гэта былі дні. Людзі, якім даводзілася зносіць нечалавечыя здзекі, увесь час адчувалі блізкі цень смерці. Не адзін раз многія з іх гадалі: «Сёння?.. Ці заўтра? Няўжо — ніякай надзеі на ратунак?» І не адзін раз кіпелі гнеўныя, ад усяго сэрца, пагрозы забойцам...
Калі адчыняліся важкія дзверы, усе пазіралі: ці не браць прышлі, — каго сёння?
Дваццаць чацвёртага чэрвеня — позна вечарам — выклікалі Клаву.
— От і мая чарга настала...— прамовіла яна глуха, пачуўшы сваё прозвішча, і дзіўна ўсміхнулася.
Яна спакойна паправіла пасму бялявых валасоў, што спалі на лоб, і раптам моцна, колькі сілы, абняла Ніну за шыю. Абпаліла гарачым шэптам:
— Можа, мяне на смерць... Калі табе... пашанцуе, Нінка... раскажы Сяргею пра ўсё...
— А ты, калі... будзеш жыць, пра мяне... Аляксею і маці.
Адзін з турэмшчыкаў, які трымаў блакноцік у руцэ з залатым пярсцёнкам, закрычаў нецярпліва.
— Управішся! — кінула яму Клава. — Ой, не, Нінка, мне, мусіць, не давядзецца...
Яна выпрасталася і пайшла да дзвярэй, здавалася, як звычайна, спакойная.
Насустрач ёй выскачыў наглядчык з сонным тварам. Брыдка вылаяўся і наводмаш ударыў яе. Клава ледзь утрымалася на нагах, але болю на яе твары ніхто не ўбачыў. Не, не боль, а пагардлівая знішчальная ўсмешка з'явілася на яе твары. «Эх ты, гніда!» — пачулі ўсе ў прыціхлай камеры.
— Спяшайся... Ужо мала табе засталося!..
Наглядчык вылаяўся, але другі раз не ўдарыў...
Праз міг дзяўчына знікла ў калідоры. Ніна адчула, што больш яны ўжо ніколі не ўбачацца.
Усю гэту ноч Ніна думала і трызніла пра Клаву. Згадвала першую сустрэчу: хто тады мог падумаць, што яна такая, гэтая дзяўчынка-жартаўніца... Ніна бачыла яе зноў, якой яна прышла з допыту: «Ой, як мяне білі... Ніколі яшчэ не білі так...» «Усё-ткі яны ад мяне нічога не дабіліся!» — як бы яшчэ гучаў яе гарачы шэпт.
І вось яна пайшла ў апошні, напэўна, шлях. Гордая і спакойная за сябе, за сваё жыццё.
А ёй жа ўсяго семнаццаць. Столькі Ніне было, калі яна канчала дзесяты клас... Што яна ведала тады? Вочы толькі-толькі пачыналі разумець хараство, сэрца — сумаваць па каханні, незразумелым, заваблівым. Тады толькі пачыналася самае лепшае ў яе гадах...
А Клава гэтага, напэўна, не будзе ведаць... Затое яна ведае, што значыць гордасць жыць, гарэць для вялікай справы... Хай жа яна будзе такой яснай і прыгожай да апошняй хвіліны.
А калі трапіцца выпадкам магчымасць вырвацца, то няхай ёй будзе шчасце! Удачы табе, Клаўка!..
4...
Раніцай пасля гэтай ночы Ніну выклікалі на допыт. Гэта быў яе апошні допыт.
Дапытвалі яе цяпер не ў будынку былога Інстытута народнай гаспадаркі, а тут жа, у памяшканні турмы. У вузкім і нізкім пакоі, куды яе ўвялі праз цёмны калідор, быў следчы з «вучоным выглядам». Ён сядзеў за сталом з нейкім немцам у форме эсэсаўца.
— У казіно? Не, я не пайду, Рэйзе... Бомбы з неба! Лепш да мяне, добра? Будзе весела!.. — гаварыў следчы эсэсаўцу.