— А мне здаецца, што пабачу яе...
5...
Уночы непадалёк пачуліся гулкія выбухі гармат, частая дробная страляніна блізкіх кулямётаў. Ніна адразу пачала зацікаўлена слухаць. У камеры ўсе заварушыліся, загаманілі...
Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі і, як бы ні хацелася, нікому не ўдасца прарвацца да горада. Лямпачкі ў камеры пагаслі. На пераплеценых кратамі вузкіх вокнах, прарэзаных каля самай столі, трапятала ўсплёскамі святло.
Але прайшло некалькі хвілін, і Ніна ў прамежку між выбухаў пачала ўлоўліваць жаданы ціхі гул. Ён мацнеў, не зважаючы на грукат гармат.
Нарэшце, пачуліся частыя і важкія выбухі бомб. Яны глушылі ляскат зенітак. Бомбы грукаталі як бы чэргамі, — выбухне некалькі бомб, потым наступае малая пауза, пасля якой зноў чуваць: гу-гу-гу. Сцены каземата і падлога пры кожным выбуху ўздрыгвалі.
— Гэта на Таварнай!.. — радасна крыкнула Ніна Красуцкай.— Бамбяць Таварную! Ой, ды як моцна! Што там цяпер робіцца, на Таварнай?! Эх, каб пабачыць!.. Чуеце, як грымнула. О, яшчэ раз! Чуеце?..
— Толькі б уцэлілі добра... — прашаптала на вуха Ніне Красуцкая.
Ніна ведала, што значылі гэтыя словы. На Таварнай амаль заўсёды стаяць эшалоны з боепрыпасамі...
— Уцэляць! Яны ўцэляць!.. О, чуеце, яшчэ — якія выбухі!.. Гэта ўжо ў іншым баку.
— На станкабудаўнічым...
Так, самалёты бамбілі і станкабудаўнічы завод, дзе гітлераўцы рамантавалі танкі і гарматы... Ніну перапаўняла такая радасць, якой яна даўно не ведала. Калі яшчэ тут гарэлі гэтак весела яе вочы, у якіх цяпер адбіваліся зарніцы выбухаў!..
Вось яно, яе шчасце. Прышло! Парадавала!
— Дзякуй вам... дзякуй, — шаптала Красуцкая.
У камеры ўзрушана гаварылі. Хтосьці засмяяўся, забываючыся пра сваё становішча. Праз тоўстыя сцены ўсё прабіваліся гукі выбухаў — ггах, га-гах...
Самалёты адбамбіліся, павярнулі назад. Гул сцішыўся, сціхлі зеніткі, а ў камеры яшчэ доўга панаваў той радасны, абнадзейлівы настрой, які прынеслі самалёты.
Па сценах трапяталі чырванаватыя водсветы.
— Відаць, недзе гарыць склад... — не магла маўчаць Ніна. — Мусіць, снарады! Глядзіце, як успыхвае!..
Яна падумала, што лётчыкі, магчыма, карысталіся тымі весткамі, якія прынесла яна з горада. Можа, іх камандзір па яе карце-схеме выбіраў аб'екты для бамбёжкі.
Значыцца, яна не дарэмна рызыкавала...
6...
Клаву прывезлі сюды з лагера, што быў на вуліцы Шырокай.
Калі людзі пачалі выходзіць з машын, гітлераўцы, якія канваіравалі арыштаваных, адабралі некалькі чалавек, першых, якія трапіліся. Між іх была і Клава. Ім адразу загадалі ўзняць рукі і, нічога не гаворачы, пагналі да нейкай нізкай і доўгай пабудовы, падобнай на хлеў, якая цямнела ў ранішнім змроку.
— Гей ты, чаго стаіш, як пень!.. Рус ферфлюхтэн!..
Клаву ўпіхнулі ў будыніну.
Яна ступіла крок наперад і неспадзявана спаткнулася аб штосьці мяккае, што ляжала на зямлі.
Амаль у той жа час поблізу пранізліва заляскала аўтаматная чарга. Штосьці моцна тузанула яе ў спіну, і яна, яшчэ нічога не цямячы, упала тварам уніз...
— «Гэта — канец?» — праплыло здзіўлена і трывожна ў галаве. Яна не адказала сабе, бо не ведала, што гэта, ды і не шукала адказу...
Адчуваючы, як унутры ўсё пахаладзела, Клава чакала, што зноў пачнуць страляць па ёй. Але некалькі хвілін было ціха. Тыя хвіліны цягнуліся вельмі марудна. Напэўна, нічога не магло быць горш гэтага: ляжаць, чакаць смерці.
Ёй страшэнна хацелася падхапіцца і бегчы, бегчы — абы-куды, толькі б не ляжаць тут, не чакаць.
Але яна стрымлівалася, — ці таму, што навакольнае было такім незвычайным, жахлівым, што яна не магла сабраць думкі да якога-небудзь ладу, ці таму, што, усёй душой цягнучыся да жыцця, яшчэ спадзявалася, што ўдасца як-небудзь вырвацца. Як бы там ні было, Клава ляжала нерухома.
Яна не застагнала, не паварухнулася і тады, калі двое схапілі яе за рукі і павалаклі. Плячо яе пры гэтым апаліла такім болем, што яна ледзь не страціла прытомнасць. Яе кінулі ў нейкую яму.
Прыводзілі арыштаваных — заўважыла Клава — яшчэ некалькі разоў. І зноў чуліся крыкі людзей і лаянка гітлераўцаў.
— Н-ну, жвавей! Чорт пабяры... Ідзі!..
— Не пайду! Страляй тут, паскуда арыйская!
— Гей, пагавары! Штыль!.. Маўтшаць! Маўтшаць!
— І так намаўчаліся! Хопіць. — І на ўвесь голас: — Смерць вашаму Гітлеру, іуды! Усім вам!.. Гады вы! Падкалодныя!
— Страляй, сволач! Страляй! Хутка прыдуць нашы. Яны табе...
Нечы дзявочы голас прасіўся: «мамачка любая... мамачка мая...» Хтосьці моцным, урачыстым басам заспяваў: