Выбрать главу

Стараючыся адолець гэтую млоснасць, не думаць ні аб чым, хаваючыся за Рыбалкам, Юрый, нейкі паслабелы, з непаслухмянымі рукамі, выцягнуў незвычайна важкі кулямёт і адпоўз у бліжэйшую ямку ад выбуху, перавалок каробку з дыскамі.

Выбраўшы, як яму здавалася, зручную хвіліну, ён, спяшаючыся, прыцэліўся і хутчэй націснуў спускавы кручок.

Некалькі хвілін маўчаў, пакуль нямецкі кулямётчык вёў па ім страляніну. Потым, адчуўшы, што прыціхла, супакоіўшыся крыху, паспрабаваў зноў прыцэліцца, аднак ледзь ён узняў галаву, побач прайшлася доўгая чарга.

Юрый ляжаў моўчкі. Можна было падумаць, што ён забіты. Вычакаўшы добра, сержант зноў паварушыўся, прыцэліўся. Нямецкі кулямётчык не адгукаўся. Забіты ці хітруе?

Стралялі яшчэ два ці тры кулямёты, якія былі на левым флангу. Час ішоў і ішоў, а кулямёты не замаўкалі. Навокал па-ранейшаму грукаталі гарматы, недзе спераду былі чуваць выбухі бомб, а ляскат чужых кулямётаў, блізкі, злавесны, як бы знарок, не змаўкаў. І Юрыю прыходзілася ляжаць.

3...

Камбат Паўлоўскі, заўважыўшы са свайго КП, як залегла рота, адразу пастараўся дапамагчы ёй. Ён загадаў камандзіру суседняй роты ўдарыць у фланг гітлераўцаў. Тады ж камбат, доўгі, з доўгім качыным носам і рашучым падбародкам, нязменна з біноклем на плячах, павярнуў свае крутыя, ледзь не метровай шырыні плечы да шчупленькага артылерыста-капітана з чумацкімі вусамі, камандзіра прыданага артдывізіёна.

— Выручай, капітан. Эх, гады пячорныя,— прыціснулі маіх «самаварамі» і кулямётамі! Узняцца не даюць!.. Вунь, бачыш, правей дрэўца, як бы купінкі — кулямёт... Лявей яшчэ два,— адзін вунь на два пальцы лявей хмызнячку. Бачыш?.. Далей, за тымі чатырма кусточкамі, мінамётная батарэя...

— Да гэтай я ўжо добра прыглядзеўся. Яна на прыкмеце ў мяне... Хвіліны яе, як кажуць, ужо злічаны — яна ў «вілцы»... Ну, ды і кулямёты хутка прыціхнуць. Што ж, пачнём з «самавараў»... — капітан загадаў артылерысту-тэлефаністу даць «Амур».

Узяўшы трубку, ён пачаў камандаваць «Амуру» прыцэлы, вугламеры, лічбы.

Наперадзе Юрыя пачалі ірвацца снарады. Яны праносіліся ўгары з імклівым, абнадзейлівым посвістам. Там, дзе былі чужыя мінамёты, выблісквалі ярасна-гарачыя, як гнеў, агні і ўскідваліся з громам рудыя грывы.

Неўзабаве пачалі ірвацца снарады і на пазіцыях нашай артылерыі. Артылерысты, як бы не заўважаючы гэтага, прадаўжалі страляць і страляць. Усю агнявую хутка заслала дымам ад стрэлаў і выбухаў. Раптам варожы снарад разарваўся каля лафета адной гарматы, і некалькі чалавек упала...

Юрый гэтага не бачыў, ён толькі чуў, як усё мацнее артылерыйскі паядынак. Вось ужо ў бой уступілі цяжкія гарматы. Яны таксама пачалі біць па нямецкай артылерыі,— іх выбухі раздаваліся далёка за пазіцыямі пяхоты. Ад гэтых выбухаў уздрыгвала зямля. Слухаючы магутны грукат, які ўсё мацнеў наперадзе, Юрый нібы дужэў. Вунь колькі артылерыстаў заступілася за іх...

Нарэшце, нямецкія кулямёты сціхлі. Калі Юрый, трымаючы ў руках кулямёт, узняўся, адразу і не верылася, што яны сціхлі. Але яны маўчалі. І, хоць навокал па-ранейшаму кіпела вялікая бітва, Юрыю здавалася, што настала цішыня. Праворны, надзяваючы пілотку на коратка падстрыжаную галаву, загадаў весці людзей наперад.

— Падымайся! — крыкнуў Юрый байцам.

Але падымаць і не трэба было. Убачыўшы, як усталі Юрый і Праворны, байцы, хто застаўся жывы, самі пачалі ўздымацца. Па затравелай, падатнай глебе, па куп'і, хлюпаючы ў вадзе, а часта і грузнучы па пояс, зноў пайшлі наперад.

Юрый, стараючыся ісці ў рост, адольваючы прыкрую слабасць у нагах, зноў мімаволі чакаў чагосьці страшнага. Але ён бег і падаў, і ўскокваў, а гэтае страшнае абмінала.

Між тым наблізіліся да альховага хмызняку. Ускочылі ў яго...

Да Юрыя раптам збоку штосьці паляцела. Хлопец не заўважыў гэтага, але жвавы, спрытны Шарыфутдзінаў ірвануў яго да сябе і кінуўся з ім на зямлю. Амаль адначасова пачуўся выбух.

Юрый лежачы адчапіў ад пояса «лімонку» і кінуў за альховы куст. Пусціў з кулямёта па гэтаму кусту доўгую чаргу.

Перачакаўшы момант, ускочыў, насцярожана зазірнуў за куст. Поблізу, каля траншэі, ляжалі два забітыя фашысцкія салдаты. Адзін гітлеравец выбіраўся з акопчыка, намерваючыся, напэўна, уцячы, але, убачыўшы пехацінцаў, падняў рукі.

Далей у кустах ішла аўтаматная перастрэлка. Потым адтуль прывялі яшчэ некалькі палонных.