Клава страціла прытомнасць.
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
Раздзел І
1...
Становішча войска ўвесь час мянялася. Дні адразу быццам падаўжэлі — так многа ўмяшчалі яны ў сабе. Зводкі і данясенні, што ляцелі ўвесь час з карпусоў і армій у штаб фронта, зіхацелі назвамі ўсё новых адваяваных вёсак, гарадоў, станцый. Такія паведамленні былі з усіх участкаў...
На поўначы нашы часці яшчэ 25 чэрвеня ўчапіліся за ўскраіну Віцебска, пачаўшы бітву за адзін з буйнейшых беларускіх гарадоў... Спачатку гітлераўцы былі выбіты з усходняй часткі Віцебска. Пад сховаю вячэрняй цемры група сапёраў захапіла і размініравала мост, па якім пехацінцы адразу пераправіліся цераз Заходнюю Дзвіну, пачаўшы наступленне на другім беразе ракі. Амаль тады ж уварваліся ў горад нашы палкі, што наступалі з заходняга боку. Пачаўся штурм варожых пазіцый.
Горад, падпалены гітлераўцамі, асвятляў месцы баёў шматлікімі пажарамі. Усю ноч пехацінцы і артылерысты бралі дом за домам, квартал за кварталам.
Раніцай 26 чэрвеня Віцебск быў поўнасцю вызвален. Па разбураных, зраненых вуліцах панура цягнуліся чароды ваеннапалонных.
На захадзе і паўднёвым захадзе ад горада яшчэ ішлі баі: наша армія дабівала дзве акружаныя гітлераўскія групіроўкі, якія марна спрабавалі вырвацца. Праўда, частцы немцаў удалося спачатку прабіцца з акружэння, але тады Чарняхоўскі загадаў павярнуць часці Паплаўская, што наступалі пад Багушэўскам, на поўнач, а левы фланг войск Люднікава — на ўсход, і гітлераўцы зноў былі акружаны.
На поўдні ад Мінскай магістралі фронт падыходзіў да Дняпра: савецкія палкі вялі баі на ўскраінах Магілёва.
Заняўшы Жлобін, танкісты і кавалерысты Першага Беларускага фронта хутка вырваліся на поўнач і акружылі пад Бабруйскам групіроўку гітлераўцаў, якая складалася з пяці дывізій. Так утварыўся яшчэ адзін «кацёл».
У гэтыя дні танкісты Чарняхоўскага перарэзалі шляхі, што звязвалі Оршу з захадам. Каб унікнуць акружэння, гітлераўцы, пакінуўшы ў горадзе моцныя заслоны, пачалі хутка адыходзіць на поўдзень. Нашы пехацінцы, артылерысты і танкісты ўварваліся на паўночную і паўночна-ўсходнюю ўскраіны Оршы. У той жа час войскі, што наступалі з поўдня, пераправіліся цераз Дняпро і завязалі баі ў цэнтры горада...
2...
Мост быў разбураны. Іншыя зручныя для пераправы месцы знаходзіліся далёка. Старшы лейтэнант парашыў перапраўляцца ўброд.
Танкі, рассоўваючы крутымі грудзьмі ваду, лёгка пераходзілі рэчку, але з натугай раўлі, калі пераадольвалі вязкі грунт берага. Як ні асцярожна вялі па гэтым грунце машыны вадзіцелі, памятаючы Аляксеевы «ўрокі», усё ж, калі пераправіліся некалькі машын, гусеніцы раскапалі на берагах такія канавы, што гразь уздымалася амаль на вышыню клірэнса. Аляксей паспрабаваў перапраўляцца далей ад дарогі, паслаўшы туды аднаго з самых добрых вадзіцеляў, але машына засела, яшчэ не падышоўшы да рэчкі. Прышлося вяртацца на ранейшае месца.
— Наслаць бярвенні! — загадаў старшы лейтэнант. На кожнай машыне былі бярвенні, падрыхтаваныя яшчэ да пачатку прарыву, якія па загаду Бяссонава ўвесь час везлі з сабой.
Цяпер іх хутка паклалі ўпоперак чорных разварочаных каляін. Па бярвеннях, як па шпалах, пачалі перапраўляцца «трыццацьчацвёркі»...
Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць.
Старшы лейтэнант, які ўвесь час быў на беразе, выходзіў насустрач кожнай машыне, што набліжалася да пераправы, і, ступаючы наперадзе яе, рукамі паказваў механікам, дзе весці.
На шчасце, ноч была ясная. Над полем серабрыста бялеў амаль поўны месяц, падобны на ліхтарны шар, і перапраўляцца можна было, не запальваючы святла. Вада ў рэчцы блакітна свяцілася, — за машынамі, як ад парома, разыходзіліся ў бакі зыбкія вадзяныя палосы.
Адна «трыццацьчацвёрка» завязла на пераправе. Вадзіцель дачасна даў газ, і, калі трэба было зрабіць рывок, матор сціх.
— Эх ты, герой! — сказаў гарачкавага лейтэнант Гогабярыдзе. — У лужыне сеў!..
— Вазьмі на буксір, — загадаў яму Аляксей, які не любіў гаварыць попусту. Чаго тут цяпер лаяць, усё роўна гэтым нічога не дапаможаш.
Лейтэнант схамянуўся, заспяшаўся да кладкі, якая была перакінута на месцы разбуранага мастка. Аляксей бачыў, як Гогабярыдзе спрытна перабег па хісткіх жэрдках, балансіруючы рукамі. Рухі яго, як заўсёды, былі лёгкімі і прыгожымі. «Хадзіць бы табе, Сандро, у тэатры на сцэне, каб любаваліся ўсе», — мімаволі мільганула ў галаве Аляксея.