Тады, калі на тым баку прыладжвалі буксір, старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Прыдзецца, мусіць, да самага світання тут працягацца. І хто б мог ведаць, што гэтая рачулка так доўга затрымае.
Аляксей адчуў, што вельмі стаміўся. «Трэба было б гадзіну падрамаць... Ну, што ж, яшчэ некалькі машын перапраўлю, а потым пакіну наглядаць тут каго-небудзь...»
Неўзабаве на тым баку натужна, з завываннем, загурчаў буксірны танк. Счапілі, было відаць, некалькі тросаў, каб буксірная машына стаяла наводдаль ад берага, на цвёрдым грунце...
Танк, што засеў на пераправе, неахвотна і важка пачаў успаўзаць на разварочаны бераг.
Старшы лейтэнант убачыў, што па дарозе да пераправы падышла легкавая машына. Як толькі яна спынілася, на дарогу выскачыў прысадзісты моцны чалавек. Лагуновіч пазнаў Бяссонава і пайшоў насустрач яму.
— Ну, як тут у цябе, Лагуновіч? Многа перацягнуў?..
Палкоўнік, не спыняючыся, адразу накіраваўся да рэчкі. Аляксей на хаду дакладваў яму, як ідзе пераправа, колькі машын перабралася ўжо на другі бераг.
— Мала пераправіў, — прамовіў незадаволена Бяссонаў. — Так да поўдня праваждаешся тут...
Ён паглядзеў, як гусеніцы размясілі бераг, і, сказаўшы, каб Аляксей ішоў за ім, накіраваўся назад. Праходзячы каля машын, што стаялі пры дарозе, чакаючы сваёй чаргі перапраўляцца, палкоўнік убачыў Колышава і прыпыніўся:
— Як ваюеш?.. Лагуновіч, як ён у цябе?..
— Ваюе нядрэнна, таварыш гвардыі палкоўнік... Толькі вось не пашанцавала яму: машыну разбамбілі. Цяпер разам з аўтаматчыкамі быць прыходзіцца...
— А ты незадаволены гэтым? — Бяссонаў зірнуў на Колышава.
— Чаму?.. Вядома, на танку мне зручней, але, таварыш гвардыі палкоўнік, і аўтаматчыкі — салдаты...
— Правільна. Галоўнае, усюды быць салдатам. Добрым салдатам!.. Мне самому давялося пабыць і ў пяхоце, і ў кавалерыі, усяго паспытаць. А я задаволены!..
Цяперашнім летам пераваліла дваццаць год, як ён прышоў у армію, паваяваўшы перад гэтым яшчэ разам з сібірскімі партызанамі. У арміі Бяссонаў доўга служыў і салдатам, і аддзялённым, і ўзводным, і ротным — усё ў пяхоце, у танкавую часць ён трапіў многа пазней. Рос ён паступова, папрацаваўшы, здаецца, на ўсіх пасадах па чарзе...
Мусіць, ад салдацкіх часоў у Бяссонава засталася звычка быць з салдатамі простым у абыходжанні, ён вёў сябе з імі, хоць і грубавата і рэзка, але нібы роўны з роўнымі. Не грэбаваў камбрыг і самай цяжкай і маркай салдацкай працаю...
— Я спадзяюся, што яшчэ пачую пра цябе! — сказаў Бяссонаў і пайшоў.
Каля свайго «газіка» ён спыніўся:
— Затрымліваешся ты... Вось што, старшы лейтэнант, пакінь за сябе намесніка, а сам — бяры машыны, што пераправіліся, і гані ў кірунку Хвойнага! — ён сказаў ад'ютанту, каб той даў ліхтарык. Пасвяціў Аляксею, які выняў карту з планшэткі. — Вось тут... у лясочку — будзеш засяроджвацца. Злева ад дарогі, правей цябе, будзе Белабародаў... Немцы — ёсць весткі — на выручку Трауту спешна перакідваюць пяхотную дывізію. Трэба зараз жа выйсці сустракаць іх!..
Ён сеў у машыну, даў знак шафёру завяртаць і ўжо на хаду кінуў Аляксею:
— Трымай са мной сувязь — будзь увесь час на прыёме!..
— Ёсць, таварыш гвардыі палкоўнік!
Аляксей адразу перабраўся на той бераг, да сваёй машыны. Гогабярыдзе па тым, як камандзір рота рашуча і хутка падышоў, здагадаўся, што ён атрымаў загад выступаць.
— Хутка выступім, Аляксей?
— Так, Сандро, заданне. І вельмі важнае... Пакліч камандзіраў сюды!
Аляксей, схіліўшыся ў люк вадзіцеля і паднёсшы карту да маленькай зыркай лямпачкі, уважліва прагледзеў маршрут.
Калі камандзіры сабраліся, ён некалькімі словамі расказаў пра задачу і загадаў зараз жа выступаць. Цяпер, адчуў ён, на ўліку кожная хвіліна... Аляксей спехам зацягнуўся папяросаю некалькі разоў, кінуу яе і падняўся на вежу. Танк крануўся.
Машыну лёгка пакалыхвала. Твар ледзь халадзіў свежы начны ветрык.
У гэтую хвіліну, чакаючы блізкі бой, Аляксей стаў думаць пра Ніну. Дзе яна цяпер? Што робіць? Пры ўспаміне пра яе на сэрцы стала трывожна і неспакойна. Цяпер, калі яна была бліжэй ад яго, чым калі-небудзь, ён пачаў больш трывожыцца за яе.
Старшы лейтэнант звязаўся па рацыі з камбатам і з «Грымучым» — радыстам камандзіра брыгады.
— Грымучы! Я — Ручай... Як чуеце мяне?.. Прыём,— ён пераключыў рацыю «на прыём» і пачуў адказ радыста камбрыга:
— Я — Грымучы... Чую вас добра...
У навушніках стаяў бязладны трэск,. мешаніна розных гукаў.