Выбрать главу

Было па-ранейшаму месячна. У святле месяца і дарога, і кусты, і поле здаваліся блакітнымі. Часамі палоскі збажыны, якая ледзь варушылася, блішчалі, як марскія хвалі. Ценявыя бакі кустоў і дрэваў былі чорныя, загадкавыя, і Аляксей, які прывык сачыць за ўсімі мясцінамі, адкуль можа пагражаць небяспека, на гэтыя цені паглядаў насцярожана.

У баку фронта амаль безупынку грукаталі гарматы. Гукі іх цяпер нагадвалі прыцішаны, няблізкі гром. Слухаючы тое глухое вуркатанне, Аляксей падумаў, як многа яны прайшлі за гэты кароткі час. Але гукі далёкіх грымот абудзілі разам з тым і неспакой, — старшы лейтэнант у іх як бы пачуў, што гітлераўцы па-ранейшаму б'юцца, б'юцца зацята, спрабуюць, дзе можна, трымацца.

«Дзіўна, — падумаў старшы лейтэнант. — Яшчэ праз дзень — другі ім не будзе куды адступаць, а яны б'юцца за кожны акоп!..»

3...

Яшчэ не пачынала світаць, калі старшы лейтэнант са сваімі «трыццацьчацвёркамі» дайшоў да Хвойнага.

Ён перш за ўсё завёў машыны ў лясок, у якім было вельмі ціха і цёпла, нібы ў хаце, і разгарнуў роту так, каб усе маглі манеўраваць і страляць.

Аляксей паслаў Колышава і двух аўтаматчыкаў разведаць, якое наперадзе месца, ці добрае яно для атакі яго танкаў.

Ён сказаў, каб Колышаў не адыходзіў далёка, бо хто ведае, калі пачнуць паяўляцца наперадзе гэтыя гітлераўскія памочнікі?

Старшы лейтэнант быў незадаволены, што месяц цяпер, на досвітку, схаваўся і што навокал усё ахутаў густы змрок. Тут жа, у гэтым галлі і лісці, якое і навісла ўгары, і абступіла з усіх бакоў, і чапляецца ледзь не ўсюды за ногі, стаіць такая цемра, што, прадзіраючыся праз яе, трэба трымаць далонь перад вачыма, бо можаш напароцца на бяду...

— Разбягуцца гітлераўцы ў гэтай цемрадзі... — сказаў Аляксей лейтэнанту Гогабярыдзе.

— Не разбягуцца, Аляксей! — упэўнена заявіў Сандро. — Як гэта, разбягуцца?! Чалавек — не іголка... Акрамя таго — цемры не будзе!

Ён засмяяўся.

— Не верыш?! Яны падыдуць сюды, калі сонца будзе... на самым высокім месцы. Апоўдні — вось пабачыш!

Гогабярыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Ён чамусьці заўсёды і ўсюды быў упэўненым, упэўненым у тым, што ўсё будзе так, як яму здаецца і хочацца. Гэтая яго ўпэўненасць, якая не адзін раз здзіўляла Аляксея, межавала з нейкай бесклапотнасцю: Сандро здаваўся Аляксею крыху легкадумным.

— Да чаго ж можна быць бесклапотным!— здзівіўся не ў першы раз Якавенка.

— А ты — на дзіва сур'ёзны! Увесь час думаеш, думаеш — шкада цябе!.. Не гавары нічога — я не люблю, калі ты чытаеш мараль — мне становіцца нудна.

Якавенка пачырванеў: Сандро трапіў у балючае месца — Якавенка вельмі любіў павучаць.

Гогабярыдзе паклікаў Аляксея «перакусіць». Сандpо аднекуль са сваіх запасаў дастаў пляшку трафейнага рому.

— Не маскоўская асобая, папярэджваю, але нішто, піць можна. Мы яшчэ, Аляксей, не пілі за тваё шчасце...

Добры, таварыскі хлопец Сандро! Жыццё за таварыша можа аддаць, нічога не пашкадуе. Падабалася Аляксею, што ён быў адкрыты, просты, не таіўся ні ў чым...

Спехам паснедаўшы, Аляксей падаўся да сваёй машыны.

— Прыляж, прыкархні гадзінку— дзве, — параіў услед яму Гогабярыдзе. — Раней поўдня не пачнецца!..

Аднак ледзь Аляксей ступіў некалькі крокаў, раптам пачуўся наводдаль трэск матацыклаў. Ён пачаў хутчэй прабірацца да сваёй машыны.

Танк быў прыкрыты кустамі і галлём маладога дубка, што хавала вежу. Аляксей стаў каля лабавіка. Абламаўшы некалькі гнуткіх галінак, ён зрабіў перад сваімі вачыма праталінку, каб можна было лепш бачыць дарогу.

Праз некалькі хвілін у світальнай шэрані, што была ўжо даволі рэдкай, на полі перад лесам Аляксей разгледзеў цёмныя абрысы двух постацей на матацыклах, якія паволі набліжаліся па дарозе. За імі, наводдаль, ціха, быццам прыслухоўваючыся і прынюхваючыся, ішоў бронетранспарцёр. «Відаць, перадавая застава», — мільганула здагадка ў Аляксея.

— Здымем, старшы лейтэнант? — прамовіў нецярпліва Быстроў, які з люка вежы таксама сачыў за дарогаю.

— Хай едуць...

Аляксей быў упэўнены, што за бронетранспарцёрам зараз пойдуць, можа, яшчэ матацыклы, а хутчэй за ўсё грузавікі з пяхотай — асноўныя сілы. Ён пільна ўглядаўся ў не зусім ясную далеч і ў той жа час прыслухоўваўся, але яму перашкаджаў надакучлівы трэск матацыклаў. Калі матацыклісты крыху ад'ехалі, за ўзгоркам пачуўся прыцішаны шум, і тады ж Аляксей заўважыў недзе далей, на другім, крыху вышэйшым, узгорку абрыс грузавіка. Машына пачала спускацца ў нявідную лагчыну і хутка знікла, але ўслед за ёй на ўзгорак высунулася другая, трэцяя, пятая...