Яны ішлі з патушанымі фарамі, ішлі, мусіць, усю ноч, спяшаючыся да дня наблізіцца да фронта.
Цераз якіх-небудзь трыста метраў ад дрэваў, дзе стаялі танкі, дарога паварочвала і ішла ўсцяж лесу. Першымі павярнулі — убачыў Аляксей — бранявік, яшчэ бронетранспарцёр, за імі — некалькі машын з салдатамі, за машынамі на прычэпе каціліся дзве маленькія працітанкавыя гарматка Салдаты ў кузавах сядзелі ціха, напэўна, драмалі.
Танкісты, сочачы за ворагам, ірваліся хутчэй у атаку. Яны неспакойна чакалі стрэлу з камандзірскай машыны, які быў бы сігналам да бою, але і гармата і кулямёты камандзіра маўчалі. «Чаго ён марудзіць?»— думаў не адзін з іх пра Аляксея.
А старшы лейтэнант цярпліва чакаў, калі калона як мага больш спусціцца з узгорка.
«Нікуды яны цяпер ад нас не ўцякуць, — няхай бліжэй падыходзяць, каб біць іх было зручней...»
Калона расцягнулася амаль на паўкіламетра, а на ўзгорак узыходзілі новыя машыны. «Ого, колькі іх сабралася!» — мімаволі падумаў старшы лейтэнант.
І вось Аляксей адчуў, што надышоў час пачынаць. Ён ускочыў у машыну і загадаў Быстрову даць стрэл. Гармата адразу ўдарыла ва ўпор па калоне. Лясное водгулле не паспела падхапіць гук стрэлу, бо ўслед дружна загрукаталі іншыя «трыццацьчацвёркі».
Быстроў нацэліўся ў бранявік, што ішоў наперадзе. Ад першага ж стрэлу Быстрова бранявік вільнуў з дарогі і застыў, нахіліўшыся набок.
Калона ў замяшанні спынілася. Пачалася панічная мітусня. З машын, як гарох, сыпаліся салдаты, з дрымоты, напэўна, не цямячы добра, што адбываецца. А танкі, не перастаючы, білі і білі, — адны па пярэдніх машынах, другія па цэнтру, па «хвасту». У некалькіх месцах адразу ўспыхнула полымя.
Машына старшага лейтэнанта, раскідваючы маскіроўку і падмінаючы кусты, вышла з зарасніку.
Другія «трыццацьчацвёркі» хутка выпаўзалі побач з ёй. Кідаючы з-пад гусеніц камякі зямлі, уціскаючы траву, танкі рушылі на калону. Машына Якавенкі з налёту збіла і падмяла пад сябе «ўсюдыход», што імкнуўся абыйсці грузавікі. Сплюшчыўшы і скарэжыўшы кузаў «усюдыхода», Якавенка паімчаў далей.
«Трыццацьчацвёркі» цяпер завіхаліся на ўсім бачным адрэзку дарогі.
Аляксей, машына якога таксама вяла бой, імкнуўся сачыць за ўсёй ротай. Ён заўважыў, што некалькі варожых грузавікоў, крута развярнуўшыся, стараліся ўцячы ў поле...
— Сандро!.. Лявей цябе машыны ўцякаюць... Накрый!..— прамовіў старшы лейтэнант, прытрымліваючы рукой ларынгафон.
— Накрыю!..
Абодва танкі з узвода Гогабярыдзе саскочылі з дарогі і, пакалыхваючыся, паімчаліся полем следам за машынамі. Адна загарэлася ад трапнага снарада, другую кінуў шафёр, а трэцюю, якая старалася яшчэ ўцячы, «трыццацьчацвёрка» здагнала і раздушыла.
Аляксей раптам заўважыў, што збоку ад дарогі, каля грузавіка, што стаяў у зеленаватым жыце, некалькі гітлераўцаў, спяшаючыся, устанаўліваюць працітанкавую гармату. Там дзве яго «трыццацьчацвёркі», але ні ў адной, здаецца, не бачаць, якая пагражае ім небяспека. Хто гэта? Там павінен быць Якавенка... Яшчэ хвіліна — і гітлераўцы, напэўна, падпаляць або падаб'юць яго. Адна хвіліна. Аляксей паказаў гарматку Быстрову. Сержант адразу прыпаў да прыцэла...
Некалькі на дзіва хуткіх рухаў і — Быстроў націснуў спуск. Пачуўся гулкі стрэл. Снарад — гэта была бранябойная «балванка» — не папаў у гітлераўцаў, але яны, асцярожліва прыгнуўшыся да зямлі, прапусцілі зручны для іх момант...
— Якавенка! Беражыся: справа, у жыце, каля дарогі — гармата, — прагаварыў адным духам Аляксей.
Адна з машын адразу развярнулася. Амаль адначасова гітлераўцы стрэлілі...
— Эх ты, бісова душа! — пачулася ў навушніках.
Не чакаючы паўторнага загаду старшага лейтэнанта, Быстроў яшчэ два разы стрэліў, цяпер ужо «асколачнымі». Другі снарад разарваўся каля самай гарматы, і яна застыла нерухома. Аляксей аднак заўважыў, што адна «трыццацьчацвёрка» таксама стаіць. «Што з ёй? Падбілі?.. Як там людзі ў ёй?» — мільганула ў галаве старшага лейтэнанта. Ён убачыў, як адзін з танкістаў выскачыў з машыны і стаў завіхацца каля гусеніцы...
«Напэўна, гусеніцу пашкодзіла?» Старшы лейтэнант запытаўся ў Якавенка што з экіпажам.
— З экіпажам усё добра — та «ленівец» разбіла, будзь воно неладна!..
Колышаў, як звычайна, быў на машыне Гогабярыдзе.
Ён сачыў з вежы за тым, што адбывалася перад машынай, і біў з аўтамата па гітлераўцах.
Хлопец у гэтым баі выратаваў машыну Гогабярыдзе. Ні Сандро, ні вадзіцель не бачылі небяспекі. Толькі Колышаў прыкмеціў, што з боку танка, які толькі што прыпыніўся, узняўся гітлеравец з гранатай.