Не паспеў гітлеравец размахнуцца, як чарга Колышава пранізала яго. Усё гэта адбылося так хутка, што ніхто, акрамя аўтаматчыкаў, якія сядзелі з Колышавым, не заўважыў нічога...
Неўзабаве Колышаў з аўтаматчыкамі гаспадарыў ужо на зямлі. На дарозе і ў полі бязладна стаялі, ляжалі на баку грузавікі, гарматы, патрушчаныя і цэлыя. Некалькі машын у розных краях поля гарэлі. Адзін грузавічок, нагружаны скрынкамі, раптам успыхнуў зыркім полымем, і наваколле задрыжала ад моцных выбухаў — пачалі ірвацца снарады. Яны з пагрозным сіпеннем узляталі ўгару.
Колышаў з аўтаматчыкамі лавіў у жыце гітлераўцаў і абяззбройваў.
— Эй ты, вылазь! Ну, хутчэй! — скамандаваў лейтэнант зялёнай постаці, што ціснулася да зямлі пад кузавам машыны.
Гітлеравец марудзіў. Насцярожана выставіўшы аўтамат, Колышаў з пагрозай падагнаў:
— Давай, давай! Шнэль!..
4...
Пакуль Аляксей са сваёй ротай граміў «галаву» калоны, дзесяткі іншых танкаў з двух батальёнаў імчаліся наперад. Са страшэннай сілай, з грукатам наляталі на неадчэпленыя гарматы, на гружаныя машыны, давілі іх сваім многатонным цяжарам, ламалі, секлі з кулямётаў...
Ад'ехаўшы кіламетраў з дваццаць, зрабілі прыпынак, каб падцягнуць батальён. Сюды, у лясок, поблізу ад дарогі, хутка падышоў са сваімі танкамі і Аляксей Лагуновіч.
Замаскіраваўшы машыны, танкісты пачалі збірацца ў групкі. Усюды запальна і весела гаварылі пра нядаўнія падзеі. Настрой амаль у кожнага, нягледзячы на бяссонную ноч, быў узняты. Хто ж можа думаць пра спачын пасля такога ўдалага бою?
Убачыўшы Гогабярыдзе, Аляксей, якому хацелася смяяцца, дакорліва паківаў галавою:
— Сандро, якія ў цябе сёння хромавыя боты! Быццам і не твае гэта, усё роўна як падмянілі іх табе. Проста пазнаць нельга... Дзе гэта ты іх так размаляваў?
Гогабярыдзе паглядзеў на свае акуратныя, ладна прыгнаныя, але нячышчаныя боты, аблепленыя закарэлай граззю, і сказаў без усмешкі, што выпацкаў уночы, калі выцягваў з рэчкі танк. Хоць Аляксей жартаваў, ведаючы празмерную прыхільнасць лейтэнанта да акуратнасці і чыстаты, Гогабярыдзе прыняў яго словы ўсур'ёз.
Ён забраўся ў машыну і, вылезшы адтуль са шчоткай ды нейкім чорным мяшэчкам, стаў люта аддзіраць гразь ад ботаў. Сандро ўсюды вазіў шчотку, гуталін і нават шматок аксамітнай тканіны, якім наводзіў на хром люстраны бляск.
Пачысціўшыся і ўважліва агледзеўшы сябе, Гогабярыдзе заспяшаўся да бліжэйшай групкі. Ён любіў паслухаць другіх, а яшчэ больш, каб яго слухалі. Неўзабаве ён, горача размахваючы рукамі, гаварыў:
— Колышаў сягоння, будзьце пэўны, — папрацаваў. Раскажы, Толя, як ты фрыца даставаў з-пад «усюдыхода»,— і, ведаючы, што сціплы Колышаў не стане гаварыць пра гэта, пачаў з захапленнем расказваць сам. Сандро перадаў гэтае здарэнне так, быццам быў пры гэтым, і нават дадаў тое-сёе для «эфекту».
Колышаў хацеў быў паправіць Сандро, але той не даў яму сказаць і слова.
— Што і казаць: пехацінец добры, — адгукнуўся Быстроў. — Невядома толькі, чаму таварыш лейтэнант парыцца ў гэтым танкісцкім камбінезоне...
Ён заўважыў, што між сосен набліжаецца «газік».
— Зампаліт прыехаў! — пазнаў Касцючэнка.
Сонцаў прамовіў:
— Навіны, мусіць, прывёз...
Падпалкоўнік Семіжон, лёгка ступаючы, накіраваўся да танкістаў. Ідучы, ён амаль не размахваў рукамі, быццам знарок трымаў іх «па швах». Да таго, як ён прывітаўся з танкістамі, усе, хто сядзеў, паўсхопліваліся. На прывітанне адказалі весела: начальнік палітаддзела быў жаданым госцем.
Але тут з-за дрэваў, глушачы рэвам, страляючы, вырваліся нямецкія штурмавікі. Амаль адразу блізка, звонка затупалі выбухі. Недзе побач моцна затутукаў запознены зенітны кулямёт. Стала неспакойна.
— Якія навіны прывезлі, таварыш падпалкоўнік? — запытаўся Гогабярыдзе.
Семіжон зняў фуражку, выцер хусцінкай белы лоб і паголеную галаву.
— Ая, прызнацца, чакаў навін ад вас.
— Ну, што ў нас, вы ўжо, мусіць, ведаеце, — адгукнуўся Аляксей Лагуновіч.
— Бачыў, Лагуновіч, сваімі вачыма. Праехаў цяпер там — малайцы, папрацавалі добра. Палкоўнік за гэта падзяку перадае! А што да агульных навін, то іх, таварышы, столькі, што пераказаць усё цяжка...
Асабліва ўзрадаваліся ўсе, пачуўшы, што пяхота і танкі, якія ўсю ноч вялі баі ў Оршы, выбілі немцаў з апошніх кварталаў. Орша вызвалена. Гэта толькі што перадаў камбрыгу камандзір корпуса. У той час, як іншыя, перабіваючы адзін аднаго, абмяркоўвалі пачутыя навіны, Быстроў запытаўся насцярожана: