Выбрать главу

— А як там, таварыш гвардыі падпалкоўнік, амерыканцы, на гэтым другім фронце?

— У камюніке саюзнікаў гаворыцца, што яны, нарэшце, надзейна аселі на прадмосным умацаванні, якое займае паўвостраў Катантэн... Вечарам перадавалі, што перасеклі адну чыгунку, каля горада Муана. Наступленне праходзіла ў цяжкіх умовах, — у вачах падпалкоўніка мільганулі іскаркі, — ішоў вялікі дождж...

— І не зважаючы на дождж, яны наступалі?! — з насмешлівым захапленнем прамовіў Гогабярыдзе.

— Яны зрабілі такую высадку, учапіліся ў зямлю... — адгукнуўся Аляксей. — Гэта табе, брат, не рэчачка. Акіянская пратока!

Гогабярыдзе перабіў яго:

— Каб не мы, то бачыць бы ім толькі гэты бераг з таго боку!..

Быстроў, які звычайна сачыў за іншымі так, нібы старэйшы чалавек, які пабачыў усяго і прывык не здзіўляцца, прамовіў гнеўна:

— Усё-ткі, як яны паступілі, гэтыя паны. Калі мы біліся пад Сталінградам і Курскам, — усё абяцалі нам, адседжваліся!

З замежных навін, якія перадаў Семіжон у гэтую раніцу, найбольш усхвалявала паведамленне швейцарскай газеты «Газет дэ Лазан» аб тым, што Мусаліні ўцёк у Германію.

— Збег дучэ, ратуючы шкуру... як пацук!..

— А цікава — куды «фюрэр» будзе ўцякаць, калі мы падступім да Берліна? Як ён тады, гадзючына сухарукая, закруціцца?..

Невядома, колькі б гадалі пра гэта, але тут з зарасніку выпаўз танк. Гэта прыехаў лейтэнант Якавенка. Як толькі лейтэнант вылез з машыны і саскочыў на зямлю, да яго падбег Гогабярыдзе.

Гогабярыдзе адразу заўважыў, што Якавенка нечым узрушаны.

— Што такое, дарагі? Што здарылася?!

Лейтэнант стомлена махнуў рукой, зняў шлем і прысеў каля танка. Падышло яшчэ некалькі чалавек.

— Таке було, шчо і казаць нэ хочацца.— Ён наогул не любіў гаварыць пра непрыемныя справы.

— Ну, што ж усё-ткі?

— А такое, шчо трохі нэ попаў на той свет!.. Як одыйшлы вы, я выліз, корпаюся біля машыны. Нэ одын я, а шчэ троіх — водзіцель, стралок, башнёр... А тут раптам — фрыцы! Блызько, у жыці! Як пабачылы, шчо мы іх заўважылы, з аўтаматаў па нас. Ледзьве мы ўправіліся пад машыну схавацца. Добрэ, шчо зараджаючы быў у машыне — він одразу до кулямёта. Чаргу! Воны і остылы. Але нэ зовсім — бачу, почалы обыходзіць. Ну тут я вжэ з пісталета попужаў. А радыст і башнёр ляжаць моўчкі, у іх голі рукі. Про вадзіцеля нічога нэ знаю шчо з ным, можа, і вбілы...

— А што з ім?!

— Пачакай. Нэ спішы попэрэд бацька!.. Ну, цераз аварыйны ў танк влізлы, а там — вадзіцель. Кроў з рукава тэчэ, лежыць білы. Він кінуўся ў люк свій, та яго куля догнала... Я яго вжэ ў шпіталь перадаў... Пілы бой далы! Добрэ, шчо ў ных гарматы нэ було, а то б зовсім копэць... Одным словом — ухо трэба остро трымаць, — закончыў Якавенка павучальна.

— Сёння забілі камандзіра ўзвода ў трэцім батальёне, — загаварыў падпалкоўнік Семіжон, які дагэтуль моўчкі слухаў. — З жыта забілі, на ціхай дарозе.

— Без бою загінуў чалавек...

— Глупая смерць...

— Глупая! У кожнага можа быць такая... З любога куста можа прыспі...

— Так, можа з любога куста, — сказаў рэзка Семіжон, з той рэзкасцю, якую ад яго не прывыклі чуць. — З любога! Таму што той-сёй перастаў заўважаць зямлю пад нагамі. Галава закружылася з першых поспехаў.

— Одным словам, ухо трэба остро трымаць...

— Тут так — хто першы ўправіцца...

5...

Два танкі стаялі ўскрай невысокага ельніку, цэлячыся гарматамі на дарогу і ў поле. Яны ахоўвалі роту. Побач з лесам, зусім блізка ад машын, віднелася некалькі хат. Ледзь толькі танкісты асталяваліся, туды падаўся Рыбакоў. Ён ішоў непаспешліва і спакойна, хаваючы ў руцэ нейкі скрутак.

За той час, як Рыбакоў застаўся без машыны, ён павёў сябе яшчэ вальней. Машыны сваёй у яго не было, а чужую, на якой ехаў, ён не думаў даглядаць. Так што Рыбакоў апынуўся нібы ў адпачынку.

У яго цяпер быццам і не было камандзіра. Праўда, ён звычайна ехаў пры Колышаве, — аднак лейтэнант перастаў быць цяпер для яго начальнікам. Хіба Колышаў не такі ж «бясконнік», як і сам ён?

І Рыбакоў рабіў усё так, як яму хацелася, не звяртаючы ўвагі на лейтэнанта. А Колышаў стараўся не бачыць гэтага...

Хвілін праз дзесяць Рыбакоў задаволены вярнуўся назад, са скруткам таксама, але з меншым. Ён адразу забраўся ў машыну. Хоць Рыбакоў лічыў гэту машыну чужой, ён уладжваўся тут, калі яму выгадна было, нараўне з іншымі членамі экіпажа.

Вылезшы з танка, ён стаў, насвістваючы, разбіраць аўтамат, каб пачысціць яго. Тут да Рыбакова падышоў Колышаў, запытаў, куды ён адлучаўся.

— Вады напіцца захацелася... Надакучыла гэтая смярдзючка з бачка, прападзі яна. Ды я ж толькі на хвілінку і адышоў...