Выбрать главу

— Ну, калі на хвіліну, то няхай сабе. Але каб у другі раз не было гэтага. — Колышаў не стаў распякаць сержанта: навошта прыдзірацца? Тым больш, танкісты не любяць прыдзір-афіцэраў. А яму, вядома, хацелася, каб яго любілі.

Сонца пачало ўжо спадаць на захад, але было яшчэ вельмі спякотна. Спякота гэта асабліва адчувалася ў ельніку, які дыхаў гарачым, млосным настоем смалы, нагрэтаю травою і суніцамі. Паветра ў ельніку здавалася незвычайна густым і нерухомым.

Танкісты пачалі развязваць рэчавыя мяшкі, беручы адтуль памяты хлеб, сухія каўбасы. Рыбакоў таксама сеў перакусіць. Ён выняў буханку свежага хлеба і кавалак жоўтага сала. Яго мяшок быў заўсёды напоўнены.

Ён адрэзаў кавалак сала камандзіру гарматы Светліку, потым, як бы падумаўшы, і радысту, які сядзеў поруч. Рыбакоў стараўся быць у добрых адносінах з экіпажам.

— Вазьмі яго назад, сваё дабро... — Светлік нечакана кінуў кавалак сала назад Рыбакову. — Выцягнуў у чалавека, — можа, апошні кавалак выменяў. Ды яшчэ частуе!..

— Мяняла. Купец свіны!..

— Ну, ну, вы паасцярожней!.. Падумаеш, злачынства знайшлі!

Рыбакоў азірнуўся: ці не чуе ўсё гэта Колышаў? Не, лейтэнанта тут не было.

Яшчэ адзін танкіст таксама ўмяшаўся ў спрэчку. Усе падтрымлівалі Светліка.

— Слухай, купец, ты даўно гэтым займаешся?.. — пацікавіўся Светлік. Аказалася, Рыбакоў пачаў «гандляваць» не сёння. Радыст успомніў, што, яшчэ калі стаялі на адпачынку, Рыбакоў прыносіў раз ці два з вёскі сала, а неяк нават пляшку самагону. Сёння ён падабраў недзе ў трафейным грузавіку адзенне і вось «рэалізаваў».

Рыбакоў асцярожліва адступіў, пастараўся патушыць спрэчку.

— Вось што запомні: каб не пэцкаў маю машыну, ясна? — не хацеў уціхамірвацца Светлік. — Ты, праўда, не з майго экіпажа, але на маёй машыне едзеш. Дык не пэцкай... А то скіну з машыны...

— Ясна, ясна... Хопіць ужо... — прабурчаў прымірэнча Рыбакоў.

Тады ж гэтая спрэчка дайшла да Быстрова, а потым нейкім чынам і да старшага лейтэнанта. Камандзір роты выклікаў Рыбакова і Колышава да сябе.

— Ну, Рыбакоў, адыходнымі промысламі заняўся?— Аляксей запытаў спакойна, але ў гэтым спакоі Рыбакоў адчуў нядобрае. «Усё-ткі, хтосьці ж перадаў!»

Рыбакоў пачаў хітрыць. Якія там промыслы? Адзін раз паспрабаваў, і за кавалачак сала столькі прыкрасці. Каб ён ведаў гэтае, то ні за што б не пайшоў бы ў тую хату...

— Мне гаварылі, што гэта не ў першы раз... Дарэчы, пытанне: у цябе яшчэ засталося гэтае... як бы сказаць, трафейны «набытак»?

Рыбакоў сказаў, што няма. Ён насцярожана зірнуў на старшага лейтэнанта і адразу адвёў вочы ўбок.

— А ты, Рыбакоў, смялей! Чаго ж саромецца? Бачылі вочы, што бралі... Будзь жа, чорт пабяры, хоць мужным...

Старшы лейтэнант, насупіўшы ламаныя густыя бровы, непрыязна зірнуў на сержанта.

— Няёмка, значыцца? Ды і мне, прызнацца, таксама не вельмі радасна. У маёй роце такіх «спецыялістаў», здаецца, раней не было... — Ён памаўчаў. — Ты думаў сам, для чаго мы сюды прабіваліся... на захад ідзем?

Рыбакоў маўчаў, але старшы лейтэнант упартым позіркам моўчкі настойваў. Рыбакоў адказаў: — Ну, думаў, канешне!..

— Значыцца, кепска думаў... Тут — зірнеш, пабачыш, як спакутаваліся людзі, сэрца крывёю сыходзіць... Убачыш, як іх абадрала гэтае звяр'ё ненаеднае, — і як бы матчын дакор чуеш. А ён — «ну, думаў, канешне...» Не чалавек, а... ліха ведае што! — старшы лейтэнант пачаў хвалявацца. І Рыбакоў, чуючы гэты ўзрушаны голас, стаў раптам — чаго з ім даўно не здаралася — баяцца камандзіра. Яму захацелася адступіцца далей.

— Ды што вы на мяне так, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? — прамармытаў Рыбакоў.

— Што ён за чалавек?! Як яго магло, брат, не крануць тое, як сустракаюць нас? Не разумею.

Аляксей запытальна і здзіўлена зірнуў на Колышава, нібы просячы яго дапамагчы разгадаць гэта.

— Я — чалавек не злы, але памятлівы, Рыбакоў... — Аляксей, не чакаючы адказу Колышава, зноў загаварыў да сержанта, але цяпер спакойна, і Рыбакоў адчуў, што гэта, відаць, апошнія словы.— Запомніце, гэтага выпадку я не забуду ніколі і не дарую... Вы паказалі сябе нікчэмным чалавекам, і калі вы не перайначыце сябе, не апраўдаецеся ў будучым, кепска будзе вам...

Рыбакоў хацеў штосьці сказаць, але старшы лейтэнант папярэдзіў:

— Не трэба... Вас лейтэнант не адпускаў? — Колышаў кіўнуў галавою: «не адпускаў». — За самавольную адлучку — пяць нарадаў без чаргі. Ідзіце.

6...

Ніколі яшчэ Колышаў не бачыў камандзіра роты такім суровым. Проста дзіўна, што, звычайна добры і ветлівы да Колышава, старшы лейтэнант сёння гаварыў гэтак непрыязна.