Яны крыху адышлі ад роты. Адсюль, дзе яны сталі, віднеліся палоскі жыта, сярод яго дробныя кусты, а на ўзлессі — прыкрытыя галлём рамонтныя лятучкі. Зямля пад нагамі была густа засыпана рудою ігліцаю.
— Я буду гаварыць коратка, бо няма часу больш займацца гэтым. — Аляксей пераступіў з нагі на нагу, пад якімі затрашчалі сухія галінкі. — Калі вы даведаліся, што Рыбакоў пакінуў узвод і падаўся «гандляваць», што вы зрабілі?
Колышаў сказаў, як і было, што Рыбакоў ашукаў яго. Але галоўнае не мянялася: вадзіцель зрабіў «самаволку». Ён, Колышаў, загадаў Рыбакову, каб больш гэтага не паўтарылася.
— І ўсё? Чаму гэтак мякка?.. Не хацелі, мусіць, заядацца? Баяліся, каб не палічылі прыдзірам?..
Колышаў здзівіўся, як старшы лейтэнант здагадаўся. Хлопец шчыра прызнаўся, што так ён і думаў.
— Вось што, Колышаў. Каб гэта было не ўпершыню, я гаварыў бы з вамі больш строга. Але і цяпер я лічу вас вінаватым. Я не мог і падумаць, што вы будзеце заваёўваць сабе аўтарытэт, адступаючы ад сваіх абавязкаў... Гэта несумленна...
Больш моцнага папроку, чым папрок у несумленнасці, для Колышава быць не магло. Яго далікатны твар густа пачырванеў. Аляксею стала шкада Колышава, і ён ужо мякчэй, нібы апраўдваючыся, што даводзіцца гаварыць непрыемнае, працягваў:
— І не арыгінальна гэта, брат... Былі ўжо такія афіцэры, якія хацелі здавацца «добрымі дзядзькамі» — думалі, салдаты будуць больш любіць... Толькі гэта, Колышаў, самаашуканства. Я ведаю добра, павер. Можа, і будуць паважаць салдаты, але толькі такія, як вось Рыбакоў. У «добрых дзядзек» канец адзін — яны, нарэшце, Колышаў, трацяць павагу...
Там, дзе стаялі танкі, пачулася: «Старшага лейтэнанта Лагуновіча — да камандзіра батальёна!»
— Іду... З «гандлярствам» таксама трэба скончыць! Я не дазволю ганьбіць роту... — Ён ужо намерыўся ісці да роты, калі запытаў, тоячы на добрых губах усмешку: — Ну, дык як, запісаць у «добрыя дзядзькі»?
— Не, не трэба...
Раздзел ІІ
1...
Чэрвеньская спёка. Хмары пылу над дарогай...
Няспынная плынь машын, павозак.
Спяшаюцца адна за адной, стараючыся перагнаць усіх, «кацюшы», на якіх, нібы ветразі, лапоча брызент. Важка ляскочуць непаваротлівыя цягачы з гарматамі. Натужна туркочуць грузавікі. На іх віднеюцца то штабелі скрынак боепрыпасаў, то мяшкі з сухарамі ці з мукою, то запыленыя загарэлыя салдаты. Часта на машынах трапечуць засохлыя галінкі маскіроўкі.
Павозкі сціпла і асцярожна ціснуцца па баках. Коні, прывыклыя да грукату, да ўсяго на свеце, ідуць спакойна, абыякава пазіраючы перад сабой на вытаптаную гарачую зямлю.
Між гэтых фурманак у тыя дні можна было бачыць старыя скрыпучыя сялянскія калёсы, якія ляніва цягнуў худы, размаляваны ў нейкія жаўтаватыя яблыкі, каняка, што адмахваўся і хвастом і галавою ад нахабных аваднёў. У яго былі худыя маслакаватыя ногі, якія, здавалася, чапляліся адна за другую. На павозцы, на свежым сене, ляжаў немалы мяшок, да якога былі прымацаваны дзве вяровачкі, каб насіць яго за плячыма; мяшок быў для пэўнасці адной з іх прывязаны да драбінкі.
На павозцы калі-ні-калі трэсліся тры чалавекі. Трэба сказаць, адпачываць на павозцы ім даводзілася мала: больш за ўсё трое крочылі побач з ёю. Адзін з трох, пажылы, высокі, малагаваркі, быў у вайсковым касцюме, але без пагонаў, другі — нясмелы хлапчук, гадоў шаснаццаці, трэці — старэйшы з іх, дробны і жвавы, ішоў кульгаючы, абапіраючыся на кіёк, На плячах яго вісела ватная мятая паддзёвачка. Невядома, чаму ён у такую спёку не хацеў скідаць яе з. сваіх плеч.
— Ты ж самлееш у ёй — скінь! — неяк сказаў яму, пасміхваючыся, чалавек у вайсковым адзенні.
— Самлела адна баба, калі муж яе засціг з другім... — адгаварыўся жартам мужчына ў паддзёўцы. Гэта быў той самы старшыня з Міншчыны Жывіца, якога некалі затрымалі на перадавой танкісты Лагуновіча.
Яны ішлі разам ужо трэці дзень і цяпер адчувалі сябе так, нібы знаёмы былі ўсё жыццё. Жывіца аказаўся вельмі гаваркім і цікаўным чалавекам, ён бясконца распытваўся: а куды вы ідзеце, а што вы будзеце рабіць, а дзе ваша сям'я, а дзе вы жылі да гэтага?
Хлопчык, даведаўся Жывіца, ішоў з лагера, з якога немцы ганялі яго капаць акопы, — днямі хлопчыка вызвалілі нашы разведчыкі, і цяпер ён вяртаўся дамоў.
Пажылы, апрануты ў вайсковы шарсцяны касцюм, па прозвішчу Міхалап, дабіраўся ў Мінск, куды яго прызначылі дырэктарам завода. Міхалап ішоў павольца і разваліста, з хітраватай усмешкай пазіраючы на наваколле і слухаючы гаваркога старшыню.